Захоўваць цікавасць да кнігі, пашыраць чытацкую аўдыторыю – у сучасных умовах актуальная і, згадзіцеся, зусім няпростая задача для бібліятэк. Але работнікі Столінскай бібліятэчнай сістэмы з гэтай задачай паспяхова спраўляюцца. І напярэдадні прафесійнага свята карэспандэнт «НП» наведалася ў аддзел бібліятэчнага маркетынгу Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі, каб пазнаёміць чытачоў раёнкі з тымі, хто ўвесь час трымае з імі сувязь праз сацсеткі і знаходзіцца па-за кадрам многіх мерапрыемстваў.
Сучасная бібліятэка павінна пастаянна развівацца, вывучаць вопыт іншых калег, укараняць новыя формы і метады працы з насельніцтвам, а таксама дадатковыя паслугі. Для гэтага і існуе аддзел бібліятэчнага маркетынгу. Тут працуюць чатыры чалавекі. Усе маюць вышэйшую адукацыю.
Яны праводзяць сацыялагічныя даследаванні і апытанні розных групаў карыстальнікаў бібліятэкі, якія дазваляюць выявіць сучасныя інфармацыйныя запатрабаванні чытачоў. Перад супрацоўнікамі аддзела стаіць няпростая задача па стварэнні станоўчага іміджу бібліятэкі, распрацоўцы рэкламнай прадукцыі, візітных картак бібліятэк, самых разнастайных буклетаў і інш. Вялікая ўвага надаецца афармленню бібліятэчнай прасторы, а таксама работнікі дапамагаюць калегам з усяго раёна ў афармленні выставак, розных мерапрыемстваў.
Вопытны загадчык аддзела – Надзея Стахавец – гэта, можна сказаць, яго мозг. Пад яе кіраўніцтвам спецыялісты праводзяць даследаванні, распрацоўваюць праграмы і сцэнарыі многіх мерапрыемстваў, вывучаюць попыт на тыя ці іншыя паслугі, робяць усе неабходныя калькуляцыі і пералікі платных паслуг.
Наш аддзел удзяляе асаблівую ўвагу вывучэнню і выкарыстанню сучасных камп’ютарных тэхналогій, – падкрэслівае мая суразмоўца. – Нам трэба хутка і на высокім мастацкім узроўні рабіць рэкламную прадукцыю, афармляць тэматычныя папкі, распрацоўваць слайд-шоу, мультымедыйныя прэзентацыі і г. д. А таксама праводзім конкурсы, вылучаем лепшых чытачоў, наведвальнікаў бібліятэк і інш. Увесь час шукаем новыя падыходы да чытачоў розных узроставых групаў.
Надзея Уладзіміраўна прыйшла ў бібліятэчную сістэму ў 2004 годзе. Мае ўзнагароды як раённага, так і абласнога ўзроўняў.
Воляй лёсу апынулася на Століншчыне малады спецыяліст Наталля Лісавец, якая ў 2012 годзе прыехала сюды на радзіму мужа. Адразу заняла пасаду галоўнага бібліятэкара і ўсім сэрцам палюбіла Столін.
Наталля Віктараўна аказвае дапамогу ў распрацоўцы метадычных парад, імкнецца ўкараніць новыя фармы работы… Усё гэта прыносіць Наталлі Лісавец асалоду, асабліва тады, калі бачны вынікі карпатлівай працы.
Захапленне літаратурай прывяло ў бібліятэчную сістэму метадыста Таццяну Карчэўскую. Вопытны спецыяліст можа адказаць на любое пытанне. А яшчэ метадыст мае аналітычны склад розуму і вельмі хутка акумулюе ўсю інфармацыю, раскладвае ўсё па паліцах.
Першыя крокі да кнігі дапамагае зрабіць маленькім наведвальнікам бібліятэк метадыст па рабоце з дзіцячым чытачом Ірына Грэчка. У 2005 годзе малады спецыяліст была накіравана на працу ў Дубайскую бібліятэку. Бібліятэкар адразу знайшла агульную мову з мясцовымі, імкнулася зрабіць жыццё на вёсцы больш насычаным і цікавым. Педант па натуры, таму і ў бібліятэцы навяла парадак, паляпшала матэрыяльную базу. Згадвае, як на аўтобусе везла са Століна крэслы, упарадкавала бібліятэчны фонд і інш.
Пасля перавялася на працу ў Столін, з 2011 года працуе ў аддзеле маркетынгу. Ірына Васільеўна лічыць, што працаваць трэба сумленна, тады ўсё атрымаецца. Яна, як і калегі, верыць, што ў бібліятэкі ёсць будучыня, і імкнецца зрабіць усё магчымае для гэтага. З задавальненнем размяшчае інфармацыю ў сацсетках, праводзіць аналізы і маніторынгі, каб заахвоціць свойго чытача.
Важную ролю ў рабоце бібліятэкара маюць аматарскія аб’яднанні, якіх у раёне налічваецца 30, у іх ліку 23 – дзіцячыя. Любіць творчую дзейнасць, таму вывучае вопыт іншых раёнаў, укараняе лепшае ў сваю дзейнасць, імкнецца ўвесь час выкарыстоўваць інавацыі, новыя формы і метады работы.
Ірына Васільеўна захапляецца літаратурай, любіць глядзець кінафільмы, але выбарачна, бо гэта таксама мастацтва. Вольны час прысвячае сваім двум дзеткам. І, увогуле, лічыць, што ёй пашанцавала, бо работа – гэта і ёсць захапленне, якое прыносіць добры настрой і плён у дзейнасці.
Работнікі аддзела бібліятэчнага маркетынгу пастаянна знаходзяцца ў пошуках, самаразвіваюцца, пераймаюць новае ў свеце сучасных тэхналогій. Адзінае, чаго не хапае – гэта паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы, бо, шчыра кажучы, ёсць жаданне працаваць, але многае зводзіцца да адсутнасці тэхнічных сродкаў.
А, увогуле, мне давялося пагаварыць з творчым, крэатыўным, згуртаваным калектывам аднадумцаў, які ўкладае ў бібліятэчную справу нямала фантазіі, душы, сілаў, наватарства.
Людміла
КАСПЯРОВІЧ
Фота аўтара