НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

11 снежня 2019 года ў Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь адбылося пасяджэнне Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады, дзе былі разгледжаны пытанні аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці нематэрыяльным праяўленням творчасці чалавека, якія бытуюць на тэрыторыях Пінскага, Столінскага раёнаў Брэсцкай вобласці, Свіславіцкага раёна Гродзенскай вобласці, Старадарожскага раёна Мінскай вобласці і г. Мінска.

Ад нашага раёна вырашалася пытанне аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці традыцыі шчадравання “Конікі” ў горадзе Давыд-Гарадку.

З дакладам, прэзентацыяй фота-слайдаў і аўтэнтычных спеваў выступіў Аляксандр Марушка, які расказаў пра традыцыйны звычай хаджэння маскіраваных касцюміраваных шчадрэчнікаў з канём па хатах на Шчодры вечар менавіта ў Давыд-Гарадку і прывёў невялічкі аналіз адметных  вартасцяў давыд-гарадоцкіх “Конікаў” ад іншых, элементы якіх ужо занесены ў спіс гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Доктар філалагічных навук, дацэнт, загадчык аддзела фалькларыстыкі ДНУ “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі” Таццяна Васільеўна Валодзіна і кандыдат гістарычных навук, дацэнт, старшы навуковы супрацоўнік Кухаронак Таццяна Іванаўна былі прадстаўлены радзе як эксперты па дадзеным элеменце. Яны падтрымалі і адзначылі, што абрад шчадравання “Конікі” мае адметныя грамадскія і мастацкія вартасці, уяўляе сабой выдатны прыклад развіцця аўтэнтычнай традыцыі ва ўмовах панавання масавай культуры.

Вядомы беларускі паэт, які нарадзіўся ў г. Давыд-Гарадку, Леанід Васільевіч Дранько-Майсюк таксама прыйшоў на гэтае пасяджэнне і пазнаёміў прысутных са сваімі вершамі, якія былі прысвечаны “Конікам”.

Пасля ўсіх выказаных прамоў экспертная камісія аднагалосна прыняла рашэнне надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці традыцыі шчадравання “Конікі” ў Давыд-Гарадку.

Спадзяемся, што наданне статусу прымусіць і носьбітаў традыцыі,   і ўсіх жыхароў аднавіць страчаныя элементы і надалей ашчадна гэтую традыцыю захоўваць і перадаваць наступным пакаленням.

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Белорусский электрокар
До основного дня выборов осталось 6 дней.
Парад планет 21 января

Оставить комментарий

Похожие новости