НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

У мінулую пятніцу мне давялося папрацаваць… паштальёнам. Ці, лепш сказаць, памочнікам паштальёна аддзялення сувязі Альшаны Марыі Андрусевіч. Не толькі дапамагала разносіць газеты, але і знаёмілася з меркаваннямі нашых чытачоў.
А перад гэтым зайшла на аддзяленне сувязі, дзе паштальёны разбіралі газеты і часопісы. Работы хапае: аграгарадок Альшаны адзін з самых вялікіх у нашым раёне. У аддзяленні сувязі Альшаны працуе пяць паштальёнаў – Вольга Ярмоліч, Алена Казак, Марыя Кірыловіч, Міхаіл Садчанка і Марыя Андрусевіч. Акрамя карэспандэнцыі ў свае сумкі кладуць пасылкі з кітайскіх сайтаў і пісьмы. Як расказала начальнік аддзялення Святлана Лемяза, у іх абслугоўванні 7200 жыхароў Альшан.
Пра падпіску нагадваюць самі паштальёны. Толькі некалькі чалавек прыйшлі на аддзяленне сувязі, каб выпісаць газету.
– Зараз большасць людзей знаёміцца з навінамі раёна ў інтэрнэце, – расказваюць паштальёны. – Маўляў, так зручней. Толькі пенсіянеры звыклі па-ранейшаму. А вось з моладдзю складаней, вельмі зараз усе яны мабільныя.
Расклаўшы газеты ў вялікія сумкі, ідзём з Марыяй Андрусевіч, якая, дарэчы, працуе больш за 10 гадоў, знаёміцца з нашымі чытачамі. Спрыяла сонечнае надвор’е, таму амаль усе яны знаходзіліся на вуліцы. Дзмітрый Кастэнка якраз са сваім зяцем займаліся добраўпарадкаваннем тэрыторыі каля дома.
– Газету выпісваем 22 гады. Чытаем ад вокладкі да вокладкі. На мой погляд, не хапае матэрыялаў на тэму эканомікі. У апошні час радуюць крытычныя артыкулы, у якіх уздымаюцца надзённыя праблемы. Гэта добра, калі газета чуе сваіх падпісчыкаў.
А вось Віктар Домніч – былы настаўнік фізікі і матэматыкі жадае, каб у газеце з’явілася рубрыка пра тое, як даглядаць зямлю.
– Мы ўсе працуем на зямлі, – дзеліцца сваімі прапановамі Віктар Дзям’янавіч. – І я таксама. Ёсць парнічок невялікі, дзе вырошчваю агуркі і таматы. І мне, і іншым жыхарам было б цікава ведаць, як вызначыць кіслотнасць глебы, напрыклад, ці як даглядаць буякі. Упэўнены, такую рубрыку абавязкова трэба зрабіць у газеце.
Згодна з ім і яшчэ адна чытачка Кацярына Кадоліч. Яна таксама многа працуе на зямлі. Ёсць у гаспадарцы козы, свінні, куры. Разам з паштальёнам мы яе сустрэлі, калі яна завіхалася каля парніка.
– Хочацца, каб у раёнцы было больш карысных парад па вядзенні гаспадаркі. Усе ж мы людзі вясковыя, працуем на зямлі. А яшчэ, як маці чатырох дачок, добра было б пачытаць пра сучасную моду, рэцэпты прыгажосці і гэтак далей.
Да маладой мамы Рыты Адзінокай мы зайшлі дадому. Зараз яна знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску: гадуе дачушак Кацярыну і Таццяну. Па прафесіі – настаўнік пачатковых класаў.
– Вельмі добра, што ў “Навінах Палесся” многа расказваецца пра адукацыю. Мне, як настаўніку, гэта вельмі важна. Я даведваюся, у якой школе, напрыклад, прайшоў абласны семінар. І вучні якой установы сталі пераможцамі алімпіяды і многае іншае. Мы з мужам вельмі любім нашу раёнку. Нават спрачаемся, хто першы ў рукі возьме (смяецца). Цікавімся, хто нарадзіўся, хто ажаніўся, каго віншуюць. Пачытаеш газету – і ведаеш, што ў раёне робіцца.
Мне, як карэспандэнту, было вельмі цікава і самае галоўнае – карысна пачуць нашых чытачоў. Прыемна, што людзі чытаюць газету, дзеляцца сваімі прапановамі і заўвагамі. Мы абавязкова прымем іх да ведама, бо нам каштоўны кожны наш падпісчык. І мы будзем старанна працаваць, каб вы, паважаныя чытачы, сустрэлі новы год з “Навінамі Палесся”!
Ганна МЕЛЬНІК
Фота
аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Гороскоп на 20 октября
Гороскоп на 19 октября
Гороскоп на 18 октября

Оставить комментарий

Похожие новости