НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Настаўніца гісторыі, намеснік дырэктара Лядзецкага ВПК яслі-сад СШ Святлана Царык абараніла званне “Настаўнік-метадыст”. Чым жыве педагог, які мае такую высокую катэгорыю, і якім быў шлях да атрымання гэтага звання?
– На падрыхтоўку матэрыялаў да здачы экзаменаў у мяне пайшло прыкладна паўтара года. Гэта пры тым, што ёсць вопыт, напрацоўкі, – расказвае Святлана Рыгораўна. – Дапамагалі адміністрацыя нашай школы, спецыялісты вучэбна-метадычнага кабінета, асабіста загадчыца Валянціна Грэчка. І вось атрыманы вынік гэтай работы. Хаця і дасягнута новая прыступка, але гэта ў першую чаргу павышае патрабаванні да сябе. Цяпер я не маю права адставаць, павінна быць прыкладам у выкладанні, асваенні новых тэхналогій, павінна дзяліцца сваім вопытам і напрацоўкамі з іншымі настаўнікамі.
У гутарцы Святлана Рыгораўна расказвае, што гэтае лета, працоўны водпуск прысвяціла поўнасцю падрыхтоўцы да здачы іспытаў. Працаваць давялося многа, але любоў да працы ў яе з дзяцінства.
Так склалася лёсам, што дзяўчыну з Беражнога выхоўвалі бабулі. Яны і прывілі ёй любоў да працы, адказнасць, мэтанакіраванасць. Настаўнікі Беражноўскай школы Якаў Сцяпанавіч Жакун, Марыя Васільеўна Цывіс абудзілі ў ёй любоў да гісторыі і паказалі важнасць класнага кіраўніка ў жыцці дзяцей.
Пасля была работа ў дашкольнай установе Беражнога, затым у Лядцы. А з 1995 года яна стала піянерважатай Лядзецкай СШ. І тады ўжо свядома выбрала другую педагагічную спецыялізацыю – настаўнік гісторыі.
Зараз настаўнік азіраецца ў мінулае і кажа, што вялікую ролю ў яе жыцці адыграў калектыў Ля-дзецкай СШ. Педагогі дапамагалі, падтрымлівалі. Асаблівую дапамогу аказвала і аказвае дырэктар школы Аксана Ляшук.
Вось ужо каторы час Святлана Царык выкладае гісторыю ў 5-11 класах. Яна пераканана, што гісторыю сваёй краіны павінен ведаць кожны. Таму і імкнецца ў кожнага вучня абудзіць па-знавальны інтарэс да вывучэння гэтага прадмета. І для асновы бярэ матэрыялы краязнаўчага характару. Калі вывучаюць магдэбургскае права, то абавязкова пакажа, што яго мелі Гарадная і Давыд-Гарадок. І так па ўсіх напрамках. Тое, што бліжэй, вучням цікавей.
Акрамя вывучэння прадмета на ўроках, настаўнік дае навучэнцам дадатковыя творчыя заданні. Напрыклад, вучнямі створаны ілюстраваны слоўнік артэфактаў. Дзеці малявалі малюнкі самі. Святочнае меню сялянскай сям’і, турыстычны даведнік, інтэрактыўная карта “Святыні Столінскай зямлі” – гэта работы вучняў пад кіраўніцтвам Святланы Рыгораўны. Напрацовак у настаўніка шмат. Але самае галоўнае, што яны пастаянна задзейнічаны на ўроках, не ляжаць мёртвым грузам.
Так, да кожнага творчага задання патрэбна вялікая падрыхтоўка, вучні павінны ведаць матэрыял. Але менавіта такія заданні даюць добры вынік. Часта выкарыстоўвае Святлана Рыгораўна невялікія ўрыўкі з твораў пісьменнікаў. На іх аснове рыхтуе заданне.
Вучні прыходзяць да дадатковай работы паступова. Звычайна настаўнік прыцягвае касцяк вучняў, якія першапачаткова захоплены. Пасля да іх падцягваюцца і іншыя. Краязнаўчай работай на дадзены момант захоплены 12 чалавек. Гэта больш за 10 працэнтаў ад усіх вучняў школы.
Гэтыя дзеці вывучаюць матэрыялы, бяруць інтэрв’ю ў жыхароў вёскі, даведваюцца нешта новае, што мяняе іх погляд на вывучэнне гісторыі.
І тое, што вучні працягваюць вучэбна-даследчую дзейнасць у вышэйшых навучальных установах, выбіраюць прафесію, звязаную з гісторыяй, паказвае вынік работы педагога.
Акрамя работы педагога ў Святланы Рыгораўны вялікі ўчастак дзейнасці ў ролі намесніка дырэктара. На ёй ляжыць увесь адукацыйны працэс школы. У тым ліку і павышэнне катэгорыі педагогаў. У мінулым годзе два чалавекі здалі на вышэйшую, зараз яшчэ адзін рыхтуецца павысіць катэгорыю. У інавацыйную дзейнасць уключаны 23 педагогі гэтай школы. Гэта звычайная вясковая школа, нават школа-сад. Але калектыў у сваім развіцці не стаіць на месцы, а ідзе ў нагу з часам. І новая прыступка педагагічнай дзейнасці Святланы Царык гэтаму пацвярджэнне.
– Настаўнік-метадыст – гэта цяжкая праца, але педагог павінен развівацца ўвесь час. Наогул настаўнік павінен выкарыстоўваць новыя тэхналогіі, новыя методыкі. Не адну, а некалькі. Нават пад кожны клас. Бо ў кожным класе розныя дзеці, да кожнага патрэбен свой падыход, – кажа педагог. – Калі настаўнік не будзе сам развівацца, то як вучыць ён зможа?
Таццяна СЕГЕН
Фота аўтара

Оставить комментарий

Похожие новости