НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Засталіся лічаныя дні, ды што там дні – гадзіны, калі россыпы рознакаляровых цюльпанаў упрыгожаць сабой нашы вуліцы, цешачы вока пасля шэрых зімовых будняў, а дамам будуць дарыць свежыя і духмяныя букеты на 8 Сакавіка. Падганяючы цяпло і любімую многімі пару года, мы вырашылі паглядзець, як напярэдадні Дня жанчын вырошчваюць адны з першых веснікаў вясны – цюльпаны. А прапаноў у інтэрнэце шмат – Інстаграм, ЦікТок літаральна «выбухаюць» кветкамі на любы густ – чырвонымі, белымі, жоўтымі…

Хацеў зрабіць невялікі рэпартаж па вырошчванні кветак яшчэ летась, але крыху спазніўся з часам, і ўсе кветкаводы ўжо зрэзалі цюльпаны і павезлі на продаж. Была надзея на Аліну Пашкевіч са Століна:
– Аляксандр, на вялікі жаль, вы спазніліся, – адказала Аліна. – Мы ўжо павезлі кветкі ў Мінск.
– Магчыма, недзе праз год дамовімся сустрэцца? – пытаю.
– Пішыце, абавязкова дамовімся. Недзе напрыканцы лютага, калі кветкі будуць «спелыя».
І вось прыйшоў час. Спісаліся ў ЦікТоку, дзе Аліна вядзе старонку «Flowers_Stolin», дамовіліся аб сустрэчы.
– А дзяцей браць з сабою, – пытаецца мая суразмоўца. – Іх у мяне трое.
– Абавязкова браць. Будзе весялей.
Сядзіба Аліны і Мікалая Пашкевічаў знаходзіцца ў завулку Чырвонаармейскі. На даволі вялікім участку месца для сваіх захапленняў знайшлося ўсім. Але першай невялікі ўчасткак пад цяпліцу забраніравала гаспадыня.

– На гэтым месцы, дзе мы цяпер стаім, муж хацеў пабудаваць гараж, – кажа Аліна. – Але я «адваявала». Кажу яму – ну ці то зручна, калі гараж будзе за домам стаяць? Лепш збоку яго паставіць. І, нягледзячы на тое, што ён пачаў заліваць фундамент, усё ж вы бачыце – гараж пабудаваны ўбаку. Мая ідэя перамагла.
– Як жа з вамі, жанчынамі, паспрабуеш спрачацца, – пагадзіўся я.
Цяплічка невялічкая і, па думках маёй суразмоўцы дажывае свае апошнія часы. Не ў сэнсе, што жанчына вырашыла пакінуць любімую справу. Наадварот – яна хоча развіваць яе і зрабіць сучасную цяпліцу. У ідэале, канешне, са шкла, але гэта неверагодныя матэрыяльныя затраты, якія будуць акупляцца шмат гадоў.

– Мару аб прасторнай цяпліцы, дзе ўсё будзе на сваіх месцах, – гаворыць Аліна, перабіраючы і сартуючы кветкі. – Канешне, можна і гэтую падлапіць, але гэта ўжо не вельмі эстэтычна выглядае. Хочацца, каб прыгожа было ўсюды.
Жанчына ў кветкавых справах – не навічок. І, нягледзячы на тое, што асноўная яе спецыяльнасць трэнер па лёгкай атлетыцы, але і ў раслінаводстве яна ўжо, як кажуць «набіла руку» – на матчыным участку ў Беражным высадзілі галубіку, вырошчваюць агародніну. А кветкамі «загарэлася» гадоў пяць таму, калі ўзялі на рэалізацыю свае першыя пяць тысяч цюльпанаў.
– Прадалі, падлічылі грошы і падумалі – а чаму б не дабіцца лепшага эфекту, вырошчваючы цюльпаны самім? – гаворыць Аліна. – Не памятаю, колькі купілі цыбулін, але больш за дзесяць тысяч. Было, канешне, боязна. Па-першае – гэта заўсёды рызыка. Раптам не атрымаецца? Ці паспеем з тэрмінамі? Тут жа як атрымліваецца, спазніўся на дзень-два – і лічы, што твае цюльпаны нікому не патрэбныя будуць. Па-другое – гэта невядомасць. З чаго і як пачынаць. Перачытала шмат літаратуры, форумаў. І «дачыталася» так, што цяпер у нас каля 25 тысяч цюльпанаў. Пасля заканчэння сезона цюльпанаў іх месца займацюь іншыя кветкі – і так да самай восені.
– Ці будзеце пашырацца?

– Думаю, што не. Хопіць і гэтага. Тым больш, што мы цяпер не можам на выпадак форс-мажору прадаць іх оптам. Спа-дзяёмся толькі на свае сілы – арганізуем чатыры гандлёвыя кропкі ў Мінску, задзейнічаем усіх родных. Магчыма, паспрабуем прадаваць і ў Століне, але тут столькі прадаўцоў, што і не праціснуцца! Часам бывае так, што ў Мінску лягчэй прадаваць.
– Які рэкордны букет цюльпанаў Вы прадалі за пяць гадоў?
– Некалькі разоў у мяне асабіста людзі куплялі 101 цюльпан. Ведаеце, ён такі цяжкі атрымліваецца! Я ледзьве магла яго сама падняць.
У цяпліцы аднаго погляду хапае, каб ацаніць пакупніцкія перавагі – амаль палова кветак насычанага бардовага ці чырвонага колераў. Ёсць шмат жоўтых.
– Многія яшчэ вераць у прымету, быццам гэты колер лічыцца веснікам расстання.
– І дарэмна! Мы нашым пакупнікам кажам, што гэты колер сімвалізуе не сумнае растанне, а сонейка!
Пакуль старэйшыя дзеці Насця і Арцём дапамагалі маці рваць і сартаваць цюльпаны, малы Мікітка таксама дапамагаў. Дапамагаў нам не сумаваць. Як той энерджайзер ён бегаў паміж надзелаў кветак, кожны час так і рызыкуючы ўпасці ў іх, як на лузе. Але маці не хвалявалася.
– Дзеці – гэта кветкі жыцця, – не адрываючыся ад работы з усмешкай адзначыла Аліна.
– Дзякуй за цікавую гутарку, і ад імя ўсіх мужчын – чытачоў нашай газеты – жадаем усім жанчынам і дзяўчатам такога ж каляровага настрою, як Вашы кветкі!

Аляксандр НІКІФАРЭНКА

Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости