НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Маштабны рэспубліканскі форум «Жанчына і будучыня вёскі» прайшоў трэцяга сакавіка ў Авальнай зале Дома ўрада, дзе сабраліся тыя, хто імкнецца зрабіць жыццё на вёсцы ярчэйшым, цікавейшым і камфортнейшым. Цюльпаны, усмешкі і цёплыя словы – менавіта ў такой святочнай атмасферы прайшоў форум.
– Гэта не проста сустрэча. Гэта дыялог аб будучыні, аб захаванні сэрца нашай краіны – сельскіх тэрыторый, – адзначыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка падчас адкрыцця форуму, вітаючы прадстаўніц 118 раёнаў краіны.
Ігар Сергяенка звярнуў увагу, што ў кожнай удзельніцы форуму – сваё цікавае жыццё, свая сямейная гісторыя і свой унікальны вопыт. Некаторыя змянілі гарадскую мітусню на вясковую прапіску. Прыехалі і шматдзетныя мамы. Многія ўдзельніцы адзначаны дзяржаўнымі і ведамаснымі ўзнагародамі.
Прыемна адзначыць, што сярод удзельніц была і прадстаўніца Століншчыны – Зоя Анатольеўна Туцкая, якая працуе ў СВК «Фядорскі» аператарам машыннага даення.
Напярэдадні такога маштабнага форуму карэспандэнт «НП» пабываў у гасцях у Зоі Анатольеўны, каб з першых вуснаў даведацца аб яе перажываннях і чаканнях.
– Шчыра сказаць, вельмі хвалююся, бо не звыкла быць сярод вялікай колькасці людзей, – кажа Зоя Анатольеўна. – Нават калі такі форум у маім жыцці ўжо здараўся. Упершыню я пабывала на ім у 2022 годзе. Тады нас, жанчын Століншчыны, было трое. Было вельмі цікава і пазнавальна. За два дні мы шмат дзе пабывалі і шмат чаго ўбачылі цікавага і незвычайнага для мяне. Упэўнена, што і ў гэтым годзе будзе цікава і пазнавальна.
Зоя Анатольеўна Туцкая працуе ў сельскай гаспадарцы ўсё жыццё. Яна уладальніца ордэна Маці і ўзнагароджана медалём «За працоўныя заслугі». Практычна ўся яе сям’я звязана з сельскай гаспадаркай: муж – працуе разам з ёй на ферме жывёлаводам, а дзеці таксама працуюць у самай высакароднай сферы альбо толькі плануюць звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай у будучыні.
Пасля заканчэння форуму Зоя Туцкая, якую на мерапрыемстве суправаджаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Вячорка, падзялілася сваімі ўражаннямі:
– Мне вельмі спадабалася, калі Ігар Сергяенка адзначыў ролю сельскіх жанчын у гісторыі Беларусі, звярнуўшы ўвагу, што яна кардынальна змянілася пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Значэнне жанчыны вый-шла за межы хатняй гаспадаркі, яна стала актыўнай удзельніцай грамадскага і палітычнага жыцця, калектывізацыі і вытворчасці.
А ў гады Вялікай Айчыннай вайны жанчыны замянілі мужчын, якія пайшлі на фронт, аралі зямлю, сеялі, збіралі ўраджай, працавалі на трактарах і фермах. А сотні тысяч праявілі гераізм, удзельнічаючы ў партызанскім руху, у падполлі, змагаючыся з ворагам на фронце фактычна нароўні з мужчынамі. У пасляваенным аднаўленні вёскі жанчына адыграла сваю найважнейшую ролю.
На форуме таксама было адзначана тое, што нягледзячы на розныя сферы, жанчын аб’ядноўвае адно – любоў да нашай краіны і сваёй малой радзімы, імкненне зрабіць жыццё на вёсцы ярчэйшым, цікавейшым, камфортнейшым.
У сельскай мясцовасці менавіта на жаночых плячах трымаецца праца аграпрамысловага комплексу, сфер адукацыі, аховы здароўя, культуры, гандлю, сельскіх выканаўчых камітэтаў, якія займаюцца ў тым ліку адміністрацыйна-арганізацыйнымі пытаннямі вёскі.
Аляксандр НІКІФАРЭНКА

Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости