НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

таленавітая спявачка Ніна Комік з Давыд-Гарадка, якая прымала ўдзел у тэлевізійным праекце «Фактар.BY 60+». Знакамітая песня «Ой, то не вечер» у яе выкананні гучала надзвычай трапятліва і кранальна.

Адразу патэлефанавала Ніне Пятроўне, каб падзяліцца эмоцыямі і выказаць захапленне.
– Дзякуй вялікі! Нават не чакала столькі званкоў, толькі паспяваю адказваць, – падзялілася расчуленая Ніна Пятроўна. – Значыць, правільна зрабіла, што пайшла за песняй.
Песня ўсё жыццё вядзе Ніну Комік, і яе, як спявачку, добра ведаюць не толькі ў нашым раёне, але і за межамі краіны. Песня стала самай надзейнай сяброўкай, якая побач і ў радасці, і ў горы. Лёс жанчыны лёгкім не назавеш. Цяжкае сіроцкае дзяцінства, калі з маленства давялося гараваць не складаючы рук. Бацька паехаў на заробкі ў Расію і трагічна загінуў, і маці засталася з чатырма дзяцьмі на руках. У памяці назаўсёды засталося, як яна, стомленая, прыйдзе з работы, сядзе на ганку і заспявае «Чырвоную вішню». Праз некалькі гадоў, калі Ніна Комік выконвала гэтую песню перад членамі журы, тыя здзіўляліся, бо такому душэўнаму выкананню нельга навучыць. Яе трэба пражыць.


Настаўнік музыкі заклікаў ехаць паступаць у Брэст у музычнае вучылішча. Толькі не было магчымасці тады – далёка ды і капейкі лішняй няма. Таму юная Ніна (у дзявоцтве Кісель) стала навучэнкай Столінскага сельскагаспадарчага тэхнікума, атрымала прафесію бухгалтара. Але песня не пакрыўдзілася, што засталася ўбаку. Цярпліва чакала, калі прыйдзе яе час. І ён настаў даволі хутка. Дзяўчыну з яскравымі вакальнымі дадзенымі адразу запрасілі ў хор «Крыніца». А потым, калі пераехала ў Пінск і працавала ў будтрэсце, выступала ў «Палескіх зорах». Пасля на доўгія гады стала салісткай заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь «Выцінанка». Голас Ніны Кісель гучаў на многіх пляцоўках. Маладая прыгожая дзяўчына з капой шыкоўных цёмных валасоў была ўпрыгажэннем агульнарэспубліканскага свята «Беларускі кірмаш», які ў 1981 годзе праходзіў у Століне.


Праз два гады пазнаёмілася са сваім будучым мужам Сяргеем, стварылі сям’ю, нарадзіліся дзве дачкі. Давялося пераехаць у Харомск, потым у Давыд-Гарадок, дзе Ніна Пятроўна ўладкавалася працаваць у міліцыю старшым інспектарам рэжымна-сакрэтнай дзейнасці. Але выступаць Ніна Пятроўна не адмаўлялася, таму праз некаторы час яе запрасілі ў эстрадную студыю «Каліна» Давыд-Гарадоцкага дома культуры. На кожным свяце было чуваць прыгожы голас Ніны Пятроўны. У складзе «Выцінанкі» гастралявала ў расійскім Скапіне, спявала перад прэзідэнтам Малдовы Уладзімірам Вароніным. У складзе дэлегацыі з Давыд-Гарадка выступала ў Маскве на Дзень Перамогі, выканаўшы песню «Две Руси – две сестры». Тады яе аб’яўляў знакаміты савецкі дыктар цэнтральнага тэлебачання Ганна Шацілава, сцэну яна дзяліла з такімі легендамі эстрады, як Іосіф Кабзон, Аляксандр Буйноў, Уладзімір Вінакур, а Леў Лешчанка нават падпяваў нашай зямлячцы. Даражыць Ніна Пятроўна Дыпломам I ступені Маскоўскага адкрытага конкурсу-фестывалю «Агні крамлёўскай Масквы», прымеркаваным да гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Ніну Пятроўну падтрымала песня і тады, калі здарылася вялікае гора – на вачах раптоўна памёр муж Сяргей. Яе адзінае каханне, яе апора і надзейны тыл, галоўны дарадчык і сябра. Гэта быў самы цяжкі час. Слёзы засцілалі вочы. Нават думала, каб назаўсёды развітацца з песняй, бо не спявалася. Але не дазволіў гэтага зрабіць Сяргей, які прыйшоў у сне. Ён жа быў галоўным яе слухачом, суправаджаў на ўсе канцэрты, сустракаў з гастроляў і заўсёды здымаў відэа яе выступленняў. Яму адмовіць не магла. Таму вярнулася на сцэну, выступала на канцэртах, а ў мінулым годзе вырашыла прыняць удзел у шоу «Фактар.BY 60+».


Як і ўсе ўдзельнікі, Ніна Пятроўна прайшла кастынг. Яна даслала відэа свайго выканання, і ў хуткім часе яе запрасілі ў Мінск для запісу праграмы. Дарэчы, Ніна Пятроўна сама выбрала песню.
– Я разумела, што не будзе лёгка, бо пець а-капэла, гэта значыць без музычнага суправаджэння, – вельмі адказна, і права на памылку няма, – расказвае жанчына. – Але ў гэтай песні ёсць душа, якую хацела перадаць гледачу. У мяне было дзве рэпетыцыі па гадзіне, таму сур’ёзна і аператыўна працавалі з педагогам па вакалу Таццянай Дробышавай, дацэнтам кафедры эстраднай музыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Яна здзівілася майму выбару, тым больш што ў мяне няма музычнай адукацыі. Але паслухаўшы маё выкананне, сказала: «Гэта неверагодна! Людзі будуць плакаць». Так і атрымалася ў выніку.


Каб дабавіць абрамлення, было вырашана выступаць з арт-гуртом «Беларускія сыны», якія таксама спяваюць а-капэла. Наша першая рэпетыцыя адбылася ў храме Усіх Святых у Мінску. Якія ж гэта цудоўныя артысты! Упэўнена, што Бог падарыў мне гэтую сустрэчу. Я была кранута так, што аж дыханне перахапіла ад іх сугалосся. І яны зразумелі мяне, як спявачку. Таму ў нас атрымалася выклікаць такія эмоцыі і ў гледача. Я па-сапраўднаму шчаслівая, што прыняла ўдзел у гэтым праекце.


– Ці засмуціліся Вы, што не прайшлі далей?
– Вось як на споведзі скажу, што абсалютна не засмуцілася. Я не разлічвала на перамогу, але сваім нумарам засталася задаволена. А колькі атрымала зваротнай сувязі, колькі прыгожых слоў, колькі падзякі! Нават ад моладзі, што вельмі значна для мяне, бо змагла зацікавіць народнай песняй. Пішуць дагэтуль, з задавальненнем чытаю ўсе каментарыі. Гэта мая самая галоўная перамога!
Падтрымліваюць маці дочкі Віталія і Інэса, а старэйшы ўнук Сяргей прысутнічаў пры запісе перадачы. Падрастаюць дзве ўнучкі Улада і Софія, якія таксама любяць выступаць і спяваць. Так што песня працягвае крочыць побач з Нінай Комік.
Ганна МЕЛЬНІК

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Гороскоп на 22 февраля

Гороскоп на 22 февраля

20 февраля, 2026
Гороскоп на 21 февраля

Гороскоп на 21 февраля

20 февраля, 2026
Дом, где живут куклы

Дом, где живут куклы

20 февраля, 2026

Оставить комментарий

Похожие новости