Зіма ў гэтым годзе б’е ўсе рэкорды. Па гэтай прычыне тэма пажарнай бяспекі зараз як ніколі актуальная. З мэтай прафілактыкі пажараў на мінулым тыдні праходзіла акцыя «Дом без пажараў». Адзін з сельскіх Саветаў, у якім пабывалі ў яе рамках, быў Вялікамалешаўскі.
Менавіта сюды, каб расказаць жыхарам пра правілы карыстання пячным ацяпленнем, а таксама праверыць спраўнасць і наяўнасць пажарных апавяшчальнікаў, накіравалася група ў складзе начальніка ПАВП № 12 в. Аздамічы Васілія Міхлюка, старшыні Вялікамалешаўскага сельвыканкама Таццяны Васюхневіч і карэспандэнта раённай газеты «Навіны Палесся».
Быў абраны самы вялікі населены пункт сельсавета – аграгарадок Вялікае Малешава. Як паведаміла Таццяна Мікалаеўна, усяго па сельскаму савету пражывае 57 адзінокіх грамадзян, 322 – адзінока пражываючых і 75 чалавек, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі. Большасць, канечне, ужо была абследавана раней, яшчэ да пачатку ацяпляльнага сезона. Але ў спісках яшчэ значыліся імёны тых, да каго патрэбна зайсці.
Першыя адрасы, на якія мы адправіліся, знаходзіліся па вуліцы Калгаснай. Па адным з іх нас вітала жанчына, што жыве разам з сынам, які, на жаль, злоўжывае спіртнымі напоямі. Праўда, яго не было ў час нашага візіту і мы правялі гутарку толькі з маці. Дабрэйшай душы жанчына расказала, што хоць грубка і старая, але спраўная, бо была зроблена з якаснай вогнетрывалай цэглы. Усумніцца ў гэтым не давялося, паколькі выглядала яна сапраўды дагледжанай. Ёсць і прытопачны бляшаны ліст, спраўны пажарны апавяшчальнік. Таму жанчыне Васілій Андрэевіч і Таццяна Мікалаеўна толькі ўручылі інфармацыйныя даведкі, як пазбегнуць пажараў і куды трэба звяртацца, калі здарыцца бяда. Жанчына падзякавала за турботу, на развітанне прызналася, што пашкадавала, чаму не зрабіла газавае ацяпленне.
– У цяперашнюю зіму напаліць вялікую хату складана, добра, што ўнук прыязджае на выхадныя і дроў мне наносіць.
У наступных двух дамах па гэтай жа вуліцы ўжо даўно функцыю грубак выконвае газ. Таму толькі папярэдзілі адзінокіх пенсіянераў аб тым, што трэба сачыць і за гэтай сістэмай ацяплення. Адзначу, што людзі з разуменнем ставіліся да нашай дэлегацыі, бо і самі бачаць, што зіма вырашыла затрымацца і паказаць, хто зараз гаспадыня.
Наступны дом у спісе знахо-дзіўся па вуліцы Маркучынскай. У ім жывуць брат з сястрой, якія маюць інваліднасць з дзяцінства, і якіх даглядае муж роднай сястры, пакуль тая працуе. Вельмі адказны і добры мужчына ахвотна пайшоў насустрач, паказаў прытопачны ліст і працуючы пажарны апавяшчальнік.
– Дзякуй вам, што турбуецеся пра нас! – на развітанне падзякаваў гаспадар, які выклікаў вялікую павагу за тое, якія яму даводзіцца выконваць абавязкі.
А вось малюнак у наступнай хаце па вуліцы Усходняй, на жаль, быў не вельмі радасны. Мужчына жыве адзін, сям’і і дзяцей не мае. Злоўжываў спіртным, таму загубіў здароўе. За ім патрэбны догляд, бо ногі не ідуць, і Таццяна Мікалаеўна якраз у час нашага візіту займалася накіраваннем мужчыны ў Беражноўскую бальніцу сястрынскага догляду. Застаецца спадзявацца, што яму стане лепш, душа адагрэецца, і ён знойдзе ў сабе сілы падужаць сваю згубную звычку.
Недалёка ад яго жыве яшчэ адзін мужчына з такой жа праблемай. Сюды мы зайшлі з Васілiем Андрэевічам. Кінулася ў вочы вялікая колькасць пустых бутэлек, на што наш суразмоўца шчыра адказаў:
– Так, выпіваю, не буду ж вам хлусіць у вочы!
– А што наконт грубкі, відаць, яна ў аварыйным стане, – працягнуў даваць заўвагі начальнік паста.
– Ага, яе ўжо разбамбіць трэба, – шчыра адказаў гаспадар. – Вось гэтую зіму дабудзе як-небудзь ды буду перарабляць.
– Курыце ў ложку?
– Не, вы што! Толькі на крэсле ў верандзе, – адказаў наш суразмоўца. – Курыць жа ў ложку нельга, нават па тэлевізару кажуць.
На дзвярах сіратліва вісеў пажарны апавяшчальнік, і яшчэ была надзея, што ён спраўны. І гэтая надзея загінула, калі Васілій Андрэевіч яго зняў. Унутры пуста.
– Сапраўды, трэба купіць, – з важным выглядам адказаў уладальнік дома.
Сумленна, я нават пазай-здросціла аптымізму гэтага мужчыны. І ад усёй душы пажадала, каб ён паклапаціўся пра сябе. Паабяцаў. Ну, дай Бог!
Васілій Міхлюк расказаў, што асабіста наведаў з прафілактычнай мэтай 42 домаўладанні.
Заўваг хапае, але людзі працягваюць ставіцца да сябе бяспечна. Таццяна Мікалаеўна таксама ўсю зіму наведвае жыхароў сельсавета. Хтосьці выпраўляе заўвагі, а хтосьці і далей жыве адным днём.
А так быць не павінна, бо кожны сам за сябе ў адказе.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара
