НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
5/5 - (1 голос)

Ярка, відовішчна і святочна прайшоў на лядовай пляцоўцы ў мінулую суботу, 17 студзеня,
у Беражным Вадохрышчанскі турнір
па хакеі сярод аматарскіх каманд.

На адсутнасць спартыўных мерапрыемстваў жыхарам нашага раёна скардзіцца грэшна. Калі ў Брэсце ў рамках фестывалю «Берасцейскія сані» ў Лядовым палацы прайшоў хакейны «Матч легенд» з удзелам хакеістаў-ветэранаў Брэсцкай вобласці і СССР, якую ўзначальваў легендарны Вячаслаў Фяцісаў, у Беражным на лядовай пляцоўцы пад адкрытым небам у так названай Зімовай класіцы «запальвалі» свае мясцовыя зоркі.


У першым у гісторыі Вадохрышчанскім турніры расплавіць лёд насычанай барацьбой сабралася пяць каманд. Дзве з іх былі з Белавушы – уласна «Белавуша» і «Хлопцы», гаспадары лёду «Беражное», «Рубель» і «Гарынь» (г. Давыд-Гарадок). Чакалася, што ўдзел у лядовых баталіях прымуць хакеісты-аматары з Альшан, але ў апошні момант не склалася. Мясцовыя знаўцы хакея сцвярджалі, што магла здарыцца сапраўдная «заруба» на лёдзе з іх удзелам. У сэнсе не бойка, а ўпартая барацьба за кожны квадратны сантыметр на «пятачку» каля брамы саперніка.
Нягледзячы на 15-градусны мароз заўзятараў сабралася досыць шмат. А своеасаблівай трыбунай па перыметры лядовай пляцоўкі сталі велізарныя гурбы снегу, з якіх адзначаўся добры агляд ва ўсіх напрамках. Галоўная ўмова была – не станавіцца за варотамі. Хоць турнір меў статус аматарскага, выпадковасці ніхто не адмяняў. Так, перад пачаткам турніру галоўны суддзя спаборніцтваў і адзін з арганізатараў турніру Пётр Дзячак правёў інструктаж на тэму адмовы ад кідкоў «пстрычак». Але тым не менш на лёдзе сабраліся фізічна моцныя хакеісты, у якіх кісцевы кідок досыць моцны – у выпадку рыкашэту палёт шайбы непрадказальны. Але, забягаючы наперад, варта адзначыць, што ў гэты дзень абышлося без траўмаў – як на самой пляцоўцы, так і за яе межамі. Да таго ж на турніры дзяжурыла карэта хуткай дапамогі. На ўсялякі выпадак.

– Тут, на паветры, усё па-іншаму: і лёд, і атмасфера, і шайбы, – адзначыў перад пачаткам турніру Пётр Дзячак. – Вядома, зусім розныя гульні, што ў палацы, што на вуліцы. Таму прыйдзецца некаторым прывыкаць, асабліва маладым хлопцам, якія часта ходзяць у лядовыя палацы ў гарадах, дзе жывуць і вучацца. Але, я скажу, што база не забываецца. Бо менавіта большасць цяперашніх удзельнікаў выраслі ў гарадах і вёсках, дзе не тое, што лядовых палацаў не было, нават залітых пляцовак не было часам. Да таго ж мы ў чарговы раз звярнулі ўвагу, што хакеісты гуляюць без шлемаў (за выключэннем некаторых варатароў) і папрасілі дзейнічаць як мага акуратней. Усё ж гэта аматарскі турнір і траўму нікому не хочацца атрымліваць. Вядома, шлемы ёсць у многіх, але ў такі мароз у іх немагчыма гуляць – візар пацее адразу ж і нічога не відаць.


Што тычыцца хакейнай пляцоўкі, то яе гісторыя даволі багатая. Каля 10 гадоў таму аматары хакея спрабавалі збудаваць яе з драўляных бартоў на тэрыторыі каля ФАК «Камунальнік» у Століне – спачатку зрабілі вялікую, на другі год – меншую. Потым пляцоўка перавандравала ў аг. Белавуша недалёка ад школы ,і там нават ладзіліся матчавыя сустрэчы. А недаўна знайшлося добрае месца ў аг. Беражное – за будынкам мясцовага сельвыканкама. У нас заўсёды ёсць тыя, хто хварэе душой за спорт і хакей у прыватнасці і, нягледзячы на хатнія клопаты, на энтузіязме займаліся устаноўкай бартоў і заліваннем лёду. А вады трэба шмат – верхні пласт пажадана заліваць падагрэтай вадой. Але што маем – тое маем. Пляцоўка атрымалася выдатная.

Падчас адкрыцця Вадохрышчанскага турніру да ўдзельнікаў звярнуўся дырэктар ДЮСШ аг. Беражное і ўдзельнік мясцовай каманды Мікалай Агіевіч, які падзякаваў усім за тое, што прынялі запрашэнне паўдзельнічаць у спаборніцтвах. Таксама ён уручыў граматы сектара фізічнай культуры, спорту і турызму хакеістам-аматарам Паўлу Мікалаевічу Савіцкаму і Мікалаю Уладзіміравічу Пачку за ўклад у развіццё аматарскага хакея ў Столінскім раёне, а таксама Леаніду Емяльянавічу Агіевічу, Уладзіміру Іванавічу Храпіцкаму і Віктару Міхай-лавічу Гайкевічу за шматгадовую працу па арганізацыі лядовай пляцоўкі.



Пасля гучання Дзяржаўнага гімна прайшло гістарычнае ўкіданне шайбы. У першым матчы гаспадары пляцоўкі «Беражное» ва ўпартай барацьбе адолелі маладую дружыну «Хлопцы» з суседняй Белавушы – 4:3. Далей былі зафіксаваныя наступныя вынікі, зыходзячы з якіх відаць, што матчы атрымаліся вельмі напружанымі: «Гарынь» – «Рубель» – 1:0, «Беражное» – «Белавуша» – 4:0, «Хлопцы» – «Гарынь» – 1:4, «Гарынь» – «Белавуша» – 6:0, «Рубель» – «Хлопцы» – 1:4, «Белавуша» – «Рубель» – 0:3, «Беражное» – «Гарынь» – 0:2.
Такім чынам, атрымаўшы чатыры перамогі ў чатырох матчах, закінуўшы ў якіх 13 шайбаў і прапусціўшы толькі адну, уладальнікам першага пераходзячага Вадохрышчанскага кубка стала каманда «Гарынь» з г. Давыд-Гарадка. Другімі ў турніры сталі аматары хакея з «Беражнога», трэцімі – «Хлопцы» з аг. Белавуша. Таксама былі адзначаны лепшыя заўзятары і гульцы ў кожнай камандзе. Лепшым бамбардзірам турніра стаў Аляксандр Савіч з каманды «Гарынь», які забіў пяць галоў і аддаў тры пасы.


Турнір атрымаўся цікавым на падзеі. Пастараліся арганізатары, забяспечыўшы кожнага гледача і ўдзельніка гарачым чаем і прысмакамі для сагрэву. А двое мясцовых хлопчыкаў – дзевяцігадовы Данііл Ашуркевіч і сямігадовы Яраслаў Цывіс – атрымалі ад арганізатара па клюшцы:
– Трэніруючыся з тава-рышамі, аднойчы заўважыў, што на пляцоўку пастаянна прыходзілі хлопчыкі на каньках і таксама імкнуліся паганяць шайбу, – кажа Пётр Дзячак. У аднаго з іх – Яраслава – была самаробная клюшка з лазы. Адразу ўспомнілася маё дзяцінства, калі мы таксама часта не маглі мець клюшак і гулялі чым патрапіла. Таму я вырашыў купіць гэтыя клюшкі, прывезці іх і ўручыць хлопчыкам на памяць. Хто ведае, магчыма яны ў хуткім часе папоўняць шэрагі адной з нашых каманд. І хай гэта будзе аматарскі спорт – не важна. Галоўнае – гэта любоў да зімовай гульні № 1.
Мінулы турнір паказаў, што цікавасць да хакея ў нашым раёне ёсць – многія прыйшлі паназіраць за цікавай атмасферай, адчуць яе. Гэта добры вопыт. І мне здаецца, што хакеістам было прыемна пагуляць на адкрытым лёдзе перад сваімі землякамі.
Да сустрэчы ў наступным годзе!


Аляксандр
НІКІФАРЭНКА
Фота аўтара

Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости