Каб любая справа ладзілася, трэба яе рабіць з душой. Але часам аднаго жадання мала,
неабходна падтрымка родных і калег, з якімі ўсё атрымліваецца проста выдатна.
Такога меркавання прытрым-ліваецца мая сённяшняя сураз-моўца – загадчык выставачнай залы г. Століна Ганна Немшан. Не магу не пагадзіцца з гэтым выказваннем. Тым больш, што нагодай для нашай сустрэчы стала просьба нашых чытачоў напісаць пра самую энергічную і добрую Снягурку, якая прыйшлася ўсім да душы. Таму выконваю «заданне» сяброў газеты і ў самы снег накіроўваюся ў выставачную залу, дзе мяне ўжо чакае ўнучка Дзядулі Мароза ў сваім святочным убранні ў імправізаванай казачнай рэзідэнцыі.
Ганна займае пасаду загадчыка выставачнай залы ўжо амаль два гады. Раней пэўны час працавала супрацоўнікам Столінскага раённага краязнаўчага музея. Мае вышэйшую адукацыю, скончыла факультэт кіравання акадэміі ў Горках. Адзначае, што цяпер не ўяўляе свайго жыцця без культуры Століншчыны.
– У нашай выставачнай зале ўвесь час праводзяцца цікавыя мерапрыемствы, – расказвае Ганна Вітальеўна. – Ладзяцца выстаўкі карцін мастакоў са Століншчыны, а таксама творчых работ майстроў з розных куточкаў. Майстар-класы прыйшліся даспадобы навучэнцам школ і выхаванцам дзіцячых садкоў. Мне здаецца, што такія сустрэчы дапамагаюць людзям зразумець, што кожны чалавек – шматгранная і таленавітая асоба, здольная свае захапленні пераўтварыць у сапраўдны цуд.
Кожная сустрэча ў выставач-най зале суправаджаецца кароткім аповедам пра майстроў, мастакоў, паэтаў і літаратараў, таленавітых людзей нашага краю. Ганна Немшан знаёміць наведвальнікаў з землякамі, дапамагае пранікнуцца светам творчасці і чараўніцтва. Пачуць гісторыю стварэння карціны ці даведацца, з чаго пачыналася захапленне творчай дзейнасцю, – гэта магчымасць пераасэнсаваць, зрабіць вынікі для сябе і нават паспрабаваць штосьці рабіць такое ж цікавае.
Асобны куточак, этнагра-фічны, у выставачнай зале прысвечаны народнаму быту. У час экскурсій Ганна Немшан абавязкова звяртаецца да мінулага палешукоў. Яна акцэнтуе ўвагу на тым, якімі прыладамі карысталіся нашы продкі, як жылі і чым займаліся. Не абыходзіцца і без практычнай часткі. Наведвальнікі залы могуць не толькі разглядзець экспанаты, але і паспрабаваць, ці зручна было даставаць гаршчок з печы, ці цяжка ўручную праць. Ганна Вітальеўна адзначае, што гэта вельмі падабаецца дзецям, яны не толькі практыкуюцца, але і набываюць карысныя веды.
Загадчык прызнаецца, што экспанаты «здабывалі» ўсёй сям’ёй. Некаторыя цікавыя рэчы дасталіся ад родных, блізкіх ці знаёмых. Муж разам з дачкой – першыя крытыкі і надзейная дапамога ва ўсіх справах. Яны дастаўляюць матэрыялы для новай выстаўкі, а таксама прымацоўваюць іх, даюць парады, як гэта зрабіць эстэтычна больш правільна, каб радавала вока.
Вельмі цікава прайшлі зі-мовыя забавы, якія былі арга-нізаваны работнікамі культуры ў рэзідэнцыі Дзядулі Мароза, у парку і мясцовым музеі. Мерапрыемствы карысталіся попытам у наведвальнікаў. Пабывалі ў рэзідэнцыі не толькі выхаванцы садкоў і навучэнцы ўстаноў адукацыі, але іншыя жыхары райцэнтра і госці з усяго раёна.
– Гэта заслуга ўсіх ра-ботнікаў культуры, якія прык-лалі намаганні, каб стварыць такую прыгажосць, – адзначае Ганна Вітальеўна. – Да арганізацыі работы выстаўкі ў рэзідэнцыі мае дачыненне кожны культработнік. Яны дзяліліся творчасцю, заахвоціўшы і мясцовых жыхароў. Вырабы атрымаліся цудоўнымі. Нам, насамрэч, было што паказаць. А распрацоўка сцэнарыю, размеркаване роляў, рэпетыцыі, работа з вялікай колькасцю жадаючых у час сустрэч з Дзядулем Марозам і Снягуркай. Раней ніколі не даводзілася выконваць ролю Снягуркі. Зразумела для сябе, што ад гэтага персанажа ўсе чакаюць увагі, якая мяжуе з дабрынёй, весялосцю і адкрытасцю. Сама на гэты час пераўтварылася ў падлетка і радавалася ра-зам з іншымі. Каля пятнаццаці ранішнікаў правялі з калегамі за гэты перыяд. Прызнаюся, што нягледзячы на стому і холад, самі атрымалі небывалую асалоду. Так прыемна бачыць людзей розных узростаў з усмешкамі, радасных і вясёлых, калі кожны крышачку адчувае сябе як у дзяцінстве і чакае цудаў! Колькі добрых і шчырых пажаданняў прагучала ў час ранішнікаў, колькі ўдзячных гасцей не пашкадавалі нам слоў падзякі, таму вельмі задаволена, што нашы намаганні не засталіся без увагі.
Дадам, што зараз у выставачнай зале дзейнічае выстаўка карцін на зімовую тэматыку нашага земляка – мастака Уладзіміра Зельманчука. Акрамя гэтага прадстаўлены вырабы і іншыя творчыя работы, прысвечаныя навагоднім святам. У выставачнай зале арганізавана святочная фотазона, таму яшчэ ёсць час, каб наведаць яе і зрабіць прыгожыя фотаздымкі на памяць, а таксама акунуцца ў свет прыгожага і незабыўнага Палесся ў гэтую чароўную пару года.
Людміла КАСПЯРОВІЧ
Фота аўтара
