Шостага студзеня прайшоўся па вуліцах райцэнтра, каб паглядзець – хто і дзе прыбірае снег. Па вуліцы Савецкай паблізу адміністрацыйных будынкаў Белтэлекама і Белаграпрмбанка снег прыбіралі тэхработнікі. Што кінулася адразу – з лапатамі і мётламі завіхаліся выключна жанчыны.
– Нарэшце зіма сапраўдная прыйшла – як у дзяцінстве і маладосці, – гаворыць тэхработнік «Белаграпрамбанка» Антаніна Васільеўна Мазгова. – Імкнуся, каб нашым кліентам было зручна зайсці ў банк. Адкідваць снег – справа не вельмі цяжкая. Наадварот, карысная ў маім узросце. Так казаць, заняткі фізкультурай на свежым паветры.
Па лёгкім румянцы на шчоках жанчыны было відаць, што лёгкі марозец і фізічная актыўнасць спрыяе не толькі добраму фізічнаму стану, але і добраму настрою.
Паволі набліжаўся да ФСК «Аквамарын», і на шляху трапляліся з лапатамі цэлыя брыгады работнікаў камунальных службаў. Перш за ўсё яны імкнуліся прыбраць снег ля пешаходных пераходаў і аўтобусных прыпынкаў.
Спецыяльна прайшоўся па дварах шматкватэрных дамоў з надзеяй сустрэць там працоўны дэсант, складзены з жыхароў гэтых дамоў. Але, на жаль, такіх не сустрэў. І па знешнім выглядзе саміх двароў было відаць, што ўборкай снегу тут і не «пахла». Зноў жа – многія спадзяюцца толькі на работнікаў камунальных службаў. Усе месцы на паркоўцы былі застаўлены аўтамабілямі.
Гэты студзень ужо паказаў, што адрозніваецца ад некалькіх папярэдніх: на каляды ўпершыню за многія гады выпала шмат снегу. Аднак радасць бачыць сапраўдную зіму азмрочваецца неабходнасцю ўсю гэтую доўгачаканую прыгажосць чысціць. Прычым з нядаўняга часу абавязак аўтамабілістаў прыбіраць снег вакол свайго аўтамабіля замацаваны заканадаўча, інакш – штраф. Ці чысцяць аўтаўладальнікі снег, ці можна атрымаць штраф, калі ігнараваць закон, і як ідзе «барацьба» за парковачныя месцы ў дварах – чытаем далей.
Давялося пагутарыць з адным з жыхароў, якога выпадкова дачакаўся ў адным з двароў. Малады чалавек, які потым назваўся Міхаілам, выйшаў з лапатай да свайго аўтамабіля.
– Ажыятажу па горадзе не назіраю, – пачаў я гутарку.
– А то! Хтосьці пайшоў на працу пешшу, а хто і так «вылез», – кажа мужчына. – Я ранкам прыбраў снег вакол сваёй машыны, паехаў па справах. А калі вярнуўся праз тры гадзіны, то маё месца было ўжо занята. Не сварыцца ж з людзьмі. Таму зноў узяў лапату і прыбіраю. Гэта не вельмі цяжка, але бясконца такі альтруізм працягвацца не можа.
– Ці няма ў вас дамавога чату, у якім можна паспрабаваць сабраць працоўны дэсант для ачысткі свайго двара ад снегу?
– Ды спрабавалі. Калі-нікалі
выйдзе два-тры чалавекі. Але ў асноўным ігнаруюць – некаторыя лічаць і даказваюць, што яны плацяць налогі і няхай камунальнікі прыбіраюць. Ёсць і тыя, хто арандуе жыллё і не лічыць патрэбным удзельнічаць у агульнай справе.
– А пра штрафы за не прыбраны снег чулі?
– Недзе чытаў і на маю думку, трэба развіваць дасканала гэтыя патрабаванні. Зноў жа, можна пачыціць адно месца, другое, трэцяе… І хтосьці будзе іх займаць пастаянна. І нічога для гэтага рабіць не трэба яму. Ці трэба неяк замацаваць за жыхарамі гэтыя месцы, ці яшчэ што. Пакуль я не магу дакладна адказаць. Але рабіць штосьці трэба. Адное скажу, што чалавечы фактар у гэтай справе мае выключную ролю. Калі чалавек прыстойны, то канфліктаў у дварах не будзе.
А нашым чытачам нагадаем, што ў маі мінулага года на нацыянальным прававым інтэрнэт-партале была апублікавана Пастанова Савета Міністраў ад 16 мая 2025 г. № 267, якая ўступіла ў сілу з 18 мая. Цяпер абавязак чысціць снег вакол сваіх машын распаўсюджаны на ўсю краіну. У пункце 36.1 сказана, што ў выпадку стаянкі транспартнага сродку на прыдамавых тэрыторыях і праездах юрыдычныя, фізічныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі абавязаныя прыбраць снег з тэрыторыі, прызначанай для руху і стаянкі транспартных сродкаў, на адлегласці не менш за 1 метр ад аўтамабіля, які належыць ім.
За парушэнне правілаў добраўпарадкавання аўтамабіліст можа быць прыцягнуты да адказнасці. Атрымліваецца, фізічная асоба за непрыбраны вакол аўтамабіля снег можа атрымаць штраф да 1 125 рублёў, індывідуальны прадпрымальнік – ад 450 да 2 250 рублёў, а юрыдычная асоба – ад 900 да 4 500 рублёў.
Далей пайшоў на вуліцы Церашковай, дзе ў адным з двароў пагутарыў з жанчынай, якая прадставілася Марыяй. Узброіўшыся шчоткай, яна скідвала снег са сваёй «Toyota»:
– Потым лапатай вакол машыны прыбяру, – кажа Марыя. – Мы з мужам чысцім снег пастаянна. Мне здаецца, з усяго нашага дома толькі ў трох-чатырох чалавек ёсць лапаты. Хтосьці нагой расчысціць, каб выехаць, і асабліва не задумваецца. А расчышчанае месца з задавальненнем займаюць, не раз такое было, хоць у двары ў прынцыпе парковачныя месцы ў дэфіцыце.
Снегапад падняў не толькі тэму парадку і працавітасці беларусаў, але і пытанні асабістых межаў, узаемадапамогі і ўзаемапавагі. Калі чалавек пачысціў парковачнае месца і з’ехаў, ці можа ён разлічваць на тое, што яно застанецца за ім? Ці гэта нармальна, калі на гэтае месца стане нехта іншы? Па законе ўсё зразумела: паркоўка ў двары жылога дома з’яўляецца грамадскай, і на дадзеных месцах можа паркавацца кожны, каму гэта неабходна. Факт ачысткі або неачысткі не дае права «прысвойваць» гэта месца. Але калі ўзяць у разлік сумленне? Чалавек выдаткаваў час і намаганні, расчысціў снег, ад’ехаў ненадоўга, а вярнуўшыся, павінен зноў шукаць і чысціць месца, у той час як іншы будзе толькі карыстацца вынікамі чужой працы. Да таго ж з увядзеннем адміністрацыйнай адказнасці пытанне пераходзіць рамкі маралі і ўваходзіць у прававое поле – за паркоўку на заснежаным месцы чалавек можа атрымаць рэальны, прычым немалы, штраф.
А яшчэ падчас гутракі з жыхарамі райцэнтра высветліў, што многія былі б не супраць, калі ў перыяд снегападаў дадаткова ўключалі ў «жыроўкі» і аплату за прыбіранне снегу.
А як кумунальныя і дарожныя службы падрыхтаваны да цыклону? Напрыклад, КУШВП «Столінская ЖКГ» можа задзейнічаць 27 адзінак тэхнікі і каля 100 чалавек, а пры неабходнасці будуць прыцягваць з іншых участкаў. У дарожнікаў са Столінскага ДРБУ-141 у наяўнасці 18 адзінак тэхнікі і 11 дарожных рабочых, Столінскага ДЭУ-26 – сем адзінак тэхнікі. Усе арганізацыі забяспечаны пясчана-солевымі сумесямі ў поўным аб’ёме.
Сёмага і восьмага студзеня снег працягваў ісці. І гэта толькі пачатак, паколькі сіноптыкі прагназуюць пагаршэнне ўмоў надвор’я – на Беларусь набліжаецца Паўднёвы цыклон. Насамрэч на наступным тыдні (пік 15-16 студзеня) прагназуюцца вялікія марозы – месцамі слупок тэрмометра апусціцца да 30 градусаў ніжэй нуля, а на паўночным усходзе – да 37 градусаў ніжэй нуля!
А снег і не думае спыняцца!
Рыхтуемся і ўцяпляемся!
Аляксандр НІКІФАРЭНКА
Фота аўтара
