Прайшло ўжо 80 гадоў пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны,
але мы да гэтага часу падлічваем страты. А яны велізарныя!
І я не кажу пра эканоміку, культуру або прыродныя багацці.
Гаворка ідзе пра людзей.
Прайшло шмат часу, а мы і цяпер на сваёй зямлі знаходзім авіяцыйныя бомбы, гранаты, супрацьтанкавыя міны, перазахоўваем астанкі загінуўшых у 1941-1945 гадах. Гэта страшная трагедыя.
Не толькі мне, але і многім нашым грамадзянам, незразумелыя словы некаторых асоб, хто заклікае забыць падзеі Вялікай Айчыннай вайны, перастаць праводзіць мітынгі, шэсці, мерапрыемствы памяці, аргументуючы гэта тым, што «столькі часу прайшло, трэба жыць сённяшнім днём». Згодна, што трэба жыць. Але калі мы не будзем памятаць таго, што было, то станем манкуртамі (узяты ў палон чалавек, пераўтвораны ў бяздушнае рабскае стварэнне, цалкам падпарадкаванае гаспадару і не памятае нічога з папярэдняга жыцця – паводле рамана Чынгіза Айтматава «Буранны паўстанак»).
Так, нельга забываць нашу гісторыю, не павінны нікому аддаць Вялікую Перамогу, таму што гэта сведчанне велічы савецкага народа, нашчадкамі якога з’яўляемся і мы.
Гісторыя, пра якую пойдзе размова, мала каму вядомая. Сведка і непасрэдны ўдзельнік якой жывы, але, на жаль, не зможа нічога расказаць. А ўсё таму, што гэта звычайны дуб, які больш за 80 гадоў захоўвае таямніцу гібелі жыхара ўрочышча Серадбор’е Мерлінскіх хутароў.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны на Мерлінскіх хутарах дзейнічаў партызанскі атрад імя Чкалава брыгады «Савецкая Беларусія». Менавіта тут знакамітая брыгада абараняла і кантралявала партызанскую зону на тэрыторыі Давыд-Гарадоцкага раёна (сухапутныя, водныя і чыгуначныя шляхі, якія вялі да Украінскай ССР, дзе замацаваліся нямецкія часткі восенню 1943 года), вялі дыверсійную дзейнасць і актыўную разведку для частак Чырвонай арміі.
– Аднойчы група партызан імя Чкалава (па некаторых звестках іх было больш за пяць чалавек – ад аўт.), вяртаючыся з Мікашэвіч, бо кантраляваў атрад імя Чкалава і чыгуначны шлях Брэст – Бранск, спынілася на начлег у мясцовага жыхара на хутары Серадбор’е, – пачаў свой аповед мясцовы жыхар в. Цераблічы Фёдар Шпакевіч. – Па вайсковых законах яны павінны былі выставіць каравул, але па невядомых прычынах не зрабілі гэтага. Можа, нават ад стомы, так як адрэзак дарогі немаленькі, бо ў асноўным перамяшчаліся партызаны пешшу. Такі неабдуманы ўчынак падвергнуў групу, гаспадара і яго сям’ю небяспецы. А ўсё таму, што нехта з мясцовых жыхароў урочышча Серадбор’е заўважыў партызан і паведаміў аб гэтым мясцовым паліцаям. Думаю, хутчэй за ўсё па слядах, бо гэта была зіма. Ворагі досыць хутка акружылі хату, завязалася перастрэлка, падчас якой партызаны дабранадзейна ўцяклі. Ранкам гаспадару хаты прыйшлося адказваць за гэты ўчынак: паліцаі вярнуліся і забралі мужчыну. Як аказалася пазней, яго павесілі на дубе, які рос недалёка ад абарончай лініі, дзе хаваліся партызаны. Тым самым хацелі паказаць жыхарам Мерлінскіх хутароў, што будзе з кожным, калі будуць дапамагаць партызанам.
Размаўляючы з Фёдарам Міхайлавічам аб гэтай гісторыі, была здзіўлена, што гэты трагічны выпадак не напалохаў мясцовых людзей. Многія і далей працягвалі дапамагаць партызанам, дзякуючы чаму і была здабыта Вялікая Перамога!
Вольга ГУСАК
Фота аўтара
 
				 
								 
																											 
												 
												 
												 
             
					 
					 
					