НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Я ўжо студэнтка Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта і з хваляваннем чакаю Дзень настаўніка, каб павіншаваць педагогаў, выказаць словы падзякі за іх прафесіяналізм, мудрыя парады і веды, якія нам зараз вельмі спатрэбіліся. Часта ўспамінаю сваю любімую настаўніцу хіміі і біялогіі Валянціну Васільеўну Майсюк.
Я ніколі не думала, што хімія стане маім любімым прадметам. Па натуры я больш лірык, а тут нейкія формулы, рэакцыі. Нельга разважаць, выказваць свае думкі, фантазіраваць, а толькі дакладна даваць адказы на пастаўленыя пытанні, вельмі сур’ёзна і строга праводзіць хімічныя вопыты. Але мае адносіны да ўрокаў хіміі рэзка змяніліся, калі я ўпершыню пазнаёмілася з Валянцінай Васільеўнай.

Мая любімая настаўніца валодае рэдкім талентам, які дазваляе ёй закрануць самыя патаемныя струны дзіцячай душы. Яна любіць свой прадмет, і гэтую любоў умела перадае нам. Ужо з першых урокаў упэўнілася: хімія і жыццё неразрыўна звязаны. Ведаць перыядычную табліцу Дз. І. Мендзялеева, – гэта не проста так, як завучыць табліцу множання. Тут многа цікавага і карыснага. Напрыклад, калі рашаем хімічныя задачы з солямі, дык пад кіраўніцтвам Валянціны Васільеўны сухая мова формул ператвараецца ў незвычайную галаваломку: як уплываюць солі на арганізм чалавека, якая іх канцэнтрацыя прыносіць шкоду, а якая карысць?
Энтузіязм настаўніцы перадаецца яе вучням. Валянціна Васільеўна вызначае сваю жыццёвую пазіцыю і педагагічнае крэда так: «Правільны быў мой выбар, важнай была і застаецца справа, якой прысвяціла жыццё. Я намагаюся, і не ўтойваю гэтага – зрабіць свой прадмет любімым». І гэта ў яе атрымоўваецца. Усё часцей вучні нашай школы пры паступленні выбіраюць і паспяхова здаюць ЦЭ і ЦТ па хіміі. Тры гады запар я прымала ўдзел у раённай алімпіядзе па хіміі і паказвала добрыя вынікі.

Аднойчы, рыхтуючыся да алімпіяды, я спытала ў настаўніцы, калі, у якім узросце яна вырашыла стаць педагогам. Усміхнуўшыся, яна адказала: «Калі мае аднагодкі бавілі час у двары, я гуляла дома ў школу. Рассаджвала за сталом лялек і тлумачыла ім урокі. Я ўжо тады дакладна ведала, што абавязкова буду настаўніцай. А вось чаму менавіта хімія? Гэта дзякуючы майму настаўніку. Ён так цікава і захапляльна праводзіў кожны ўрок, што не любіць гэты прадмет было немагчыма. Памятаю свае першыя ўрокі ў Ля-дзецкай СШ. Не ўсё адразу атрымлівалася, і я нават пачала задумвацца, ці правільна выбрала прафесію? У гэты час мяне падтрымліваў мой настаўнік, да якога звярталася за парадай. Яго словы я запомніла на ўсё жыццё: «Валянціна, памятай, настаўнік – першы пасля Бога. І калі ў цябе на душы цяжка ці штосьці не атрымліваецца, успамінай гэтыя словы, сціскай волю ў кулак, хавай слёзы і з добрай усмешкай ідзі ў клас да вучняў! Вернасць сваёй мары і ўнутраная чысціня заўсёды прыводзяць чалавека да поспеху. Галоўнае – не зламацца і не адступіцца на палове, бо, як мудра сказана: шлях адолее той, хто ідзе».
Вось так робіць Валянціна Васільеўна.

У клас да вучняў ідзе з добрым настроем, шчырая, уважлівая да кожнага. У яе няма любімчыкаў, усе дзеці роўныя. Да вучняў ставіцца з бязмежнай любоўю і імкнецца кожнага выслухаць і дапамагчы. За гэтыя якасці яе паважаюць не толькі вучні, бацькі, але і калегі, бо яна кіруе настаўніцкім калектывам нашай Арлоўскай школы.
Я лічу, што настаўнік – не проста прафесія, гэта прызванне, а яшчэ, як кажуць, дыягназ. Настаўніка можна пазнаць па манерах маўлення, паводзінах у грамадстве. Уменне слухаць, чуць, разумець, дапамагаць, падтрымліваць –гэта тыя якасці, якія выдаюць настаўніка заўсёды і ўсюды. Сапраўдным настаўнікам з’яўляецца той педагог, які любіць дзяцей, глыбока ведае свой прадмет, мае асабістыя захапленні, каб быць цікавым для вучняў, не перастае вучыцца.
Валянціна Васільеўна якраз такі педагог, які заўсёды знаходзіцца ў пошуку і якому хочацца ўвесь час адкрываць новыя гарызонты.

Звініць званок. На калідоры зноў чуваць дзіцячыя галасы. Перапынак, а мы сядзім за партамі, бо разам з любімым настаўнікам складаем формулу поспеху: уважлівасць + стараннасць + працавітасць = поспех.

Развітваючыся, Валянціна Васільеўна спытала: «А хочаце ведаць формулу шчасця? На наступным уроку мы выведзем яе разам з вамі».

Я з нецярпеннем чакала кожны раз наступнага ўрока…

Віялета Міцкевіч

Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости