Падзеі Вялікай Айчыннай вайны глыбокай ранай адбіліся ў сэрцах беларускага народа. Асаблівы боль выклікаюць гісторыі спаленых вёсак, калі ад рук фашысцкіх знявераў у змрочным пажары сярод абломкаў і попелу згасала жыццё мірных і ні ў чым не вінаватых людзей.
Трагічны адбітак вайна 1941-1945-х гадоў пакінула ва ўсіх раёнах Беларусі. Больш за 9 200 беларускіх вёсак знішчана акупантамі. З іх 5 295 спалілі разам з людзьмі. 628 вёсак паўтарылі лёс Хатыні. 186 загінулі ў агні разам з жыхарамі вёсак і так і не былі адноўлены. Не адрадзіліся… Лічбы – гэта не сухая статыстыка. Мінулая вайна і страты ў ёй – дагэтуль незагойная рана беларускага народа.
У сённяшнім артыкуле гаворка пойдзе пра аграгарадок Рубель, які ўвекавечаны ў мемарыяльным комплексе «Хатынь» як адна са спаленых вёсак.
Да Вялікай Айчыннай вайны і ў першыя месяцы нямецка-фашысцкай акупацыі ў вёсцы Рубель пражывала значная колькасць яўрэйскіх сем’яў. Ужо ў жніўні 1941 года іх напаткаў трагічны лёс, большасць рубельскіх яўрэяў было знішчана фашыстамі: былі расстраляны 53 яўрэя – 47 мужчын і 6 хлопчыкаў. Менавіта ў гэты дзень для правя-дзення сходу карнікі сабралі каля царквы жыхароў вёскі. Усе мужчыны, юнакі і хлопчыкі яўрэйскай нацыянальнасці былі аддзелены ад астатніх жыхароў. Эсэсаўцы і мясцовыя паліцаі загналі іх у маленькі будынак, які быў часткай пажарнай службы. Звязалі ім рукі за спіной і паставілі ў шарэнгі па трое, білі моцна прыкладамі. Затым павялі іх за свіран і расстралялі. Сярод іх былі бацькі, якія трымалі за руку сваіх дзяцей.
На прасторах інтэрнэту выпадкова натыкнулася на ўспамін Сцяпана Данілавіча Кажаноўскага, мясцовага жыхара і відавочцы таго дня: «Я з хлопцамі сядзеў на ганку. Бачым, ідуць нямецкія паліцаі. Загналі мужчын да царквы, а потым у Борку амаль усіх забілі. Хутка забралі ў Столін і яўрэйскіх жонак, і іх дзяцей. Там іх усіх і выбілі».
На брацкай магіле ў Рублі ў гонар памяці аб ахвярах генацыду стаіць помнік, у цэнтральнай частцы якога – кніга. На помнік нанесены імёны 53 чалавек, расстраляных 9 жніўня 1941 года.
Мясцовая жыхарка Кацярына Аляксандраўна Каляда (дзявочае прозвішча – Вабішчэвіч) жахі вайны не застала, нарадзілася ўжо пасля Вялікай Перамогі. Тым не менш многае ведае пра той час са слоў мамы Вольгі Ціханаўны.
– Мама з татам ажаніліся яшчэ да вайны, – распавядае Кацярына Аляксандраўна. – Жылі ў Рублі з бацькамі майго таты. Першынец у сям’і – Канстанцін, затым нарадзілася і дачка Аляксандра, але сямейнае шчасце азмрочыла вайна. Мама не раз нам паўтарала, што лепш галадаць, але не бачыць вайну.
З прыходам нямецкіх акупантаў многія жыхары пайшлі ў партызаны, а іх сем’і, захапіўшы з сабой мінімум рэчаў і ежы, адправіліся ў лес. Жылі ў сырых зямлянках, спалі на галінках сасны або елкі, часта галадалі, бо не распальвалі вогнішча з мэтай бяспекі.
– Мама гаварыла, калі ўцякалі ў лес, то на сваіх агародах закопвалі бульбу, сала, рэчы, – успамінае жанчына. – З сабой усё пацягнуць нельга было. Таму з надыходам цемры жыхары часам прабіраліся ў вёску назад, каб набраць прадуктаў. У адзін з вечароў і мая мама з суседкай прыйшлі ў Рубель. Але іх заўважыў фашыст, які міма праязджаў на кані. Закінуўшы на воз мяшкі з бульбай, пагнаў іх на Беражное ў нямецкі штаб. Замкнуў у цёмным і душным пакоі.
Вядома, у думках жанчын мільгацелі жудасныя карціны, але яны маліліся і прасілі ў Бога дапамогі. Прасядзелі так да раніцы. Затым іх доўга дапытвалі. Спрабавалі даведацца інфармацыю пра партызанаў.
– У той дзень у штабе якраз быў мясцовы паліцай Солтус, – кажа Кацярына Аляксандраўна. – Суседка стала прасіць у яго, маўляў, сынок, ты ж мясцовы, ведаеш нас, адпусці дадому. У адказ ён толькі засмяяўся і сказаў: «Ужо тваё сонейка зайшло, бабка». Мая мама, нядоўга думаючы, адказала, што невядома чыё сонейка зойдзе першым». Так яно і здарылася. Гэтая бабулька пражыла амаль 100 гадоў, Вольга Ціханаўна 72 гады, а Солтуса расстралялі нашы салдаты, калі вызвалялі вёску.
Падчас допыту адзін з фашыстаў заўважыў, што ў Вольгі Ціханаўны мокрая сарочка, і зразумеў, што яна корміць дзетак маленькіх. Жанчына патлумачыла яму, што ў Рублі засталіся без яе дзяўчынкі-блізняткі. Фашыст пашкадаваў яе і сяк-так патлумачыў, што ў Германіі ў яго ў самога маленькія дзеці і разумее гэтую жанчыну. Таму, калі сцямнела, употай вывеў Вольгу Ціханаўну і яе суседку да ракі, пераправіў на другі бераг. Яны бяспечна, хоць прамоклі і памерзлі, дабраліся да лесу.
Цяжкае жыццё ў лесе адбілася на здароўі і самой Вольгі Ціханаўны, і яе дзяцей. Блізняткі Галя і Марыя, якія нарадзіліся падчас вайны, памерлі ад голаду, Косця – падчас пераезду ў вёску.
– Вёска была цалкам спалена акупантамі, – дадае Кацярына Аляксандраўна. – Таму пасля вяртання ў Рубель уся вялікая сям’я Вабішчэвічаў на сваім участку пабудавала нейкае жабрацкае жыллё з абломкаў недагарэлых хат. У цеснаце, але не ў крыўдзе, у гэтай халупе жылі тры сям’і: мая мама з бацькам, яго родны брат з сям’ёй і бацькі таты – дзед Андрэй і бабуля Марыя. Толькі пасля Вялікай Перамогі змаглі пабудаваць новыя дамы.
Падчас гутаркі з Кацярынай Аляксандраўнай даведалася, што дзядуля Андрэй у жніўні 1941 года выратаваў яўрэйскую сям’ю ад расстрэлу. Употай на возе вывез яе ў лес і схаваў. Лейка, Гершэль і іх дзеці пазней дабраліся да Ташкента, дзе пражылі вельмі доўга. Пазней яны прыязджалі ў Рубель, каб не толькі наведаць сваіх выратавальнікаў, але і ў чарговы раз падзякаваць за жыццё.
Падзеі Вялікай Айчыннай вайны займаюць важнае месца ў гісторыі беларускага народа. Але, на жаль, для многіх прадстаўнікоў маладога пакалення падзеі тых гадоў – толькі старонкі школьных падручнікаў і проста інфармацыя. А як важна, каб сучаснае пакаленне зразумела, што гісторыя – гэта не толькі падручнік, урокі, фільмы, але і жыццё людзей, і чалавечыя лёсы.
Вольга ГУСАК
Фота аўтара