НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Разное
265

Рух – гэта жыццё

5 сентября, 2025
0
Рух – гэта жыццё
Rate this post

У раннія школьныя гады Ганна Каральчук дакладна не думала, што стане ў будучым бухгалтарам ці эканамістам. Нечакана любоў да матэматыкі прыйшла ў старэйшых класах, калі прыйшоў час вызначацца з будучай прафесіяй. А да гэтага Ганна марыла стаць цырульнікам.
– Да класа восьмага-дзявятага была пераканана ў тым, што стану менавіта цырульнікам, – гаворыць Ганна. – Чаму? Мабыць, з дзяцінства любіла корпацца ў валоссі. Спачатку расчэсвала лялек, а потым сябе. Рабіла розныя прычоскі. Нават рыхтавала дакументы, каб пасля дзевяці класаў паступіць вучыцца на цырульніка. А потым здарыўся канфуз, і маці мне ва ўльтыматыўнай форме паведаміла, што думае наконт усяго гэтага майго хобі.
– Што за канфуз?
– Ну, я думаю, што я не адна такая. Неяк стрыгла сябе і перастаралася – неспадзявана адрэзала больш валасоў, чым трэба было. З таго моманту – як адрэзала ўвогуле быць цырульнікам. Былі і слёзы, і смех адразу.
– З кім не бывае – я ў дзяцінстве таксама «рэзаў».
Сёння Ганна Каральчук – майстар па ўліку транспарту, расходу і рэалізацыі газу Столінскага раёна газазабеспячэння. Работа больш офісная, але даводзіцца наведваць прадпрыемствы – асноўных спажыўцоў прыроднага газу ў раёне. Але майстарам Ганна стала не адразу – прыйшлося прайсці нагамі сотні кіламетраў, каб сабраць дадзеныя абанентаў.
Ганна Каральчук – не мясцовая, прыехала на Століншчыну больш за 10 гадоў таму. Як сама прызналася – ехала ў невядомасць, якая ўрэшце і захапіла яе. Тут яна знайшла сваю другую палавінку, стварыла сям’ю і цяпер лічыць гэта месца сваім другім домам. Тут яна таксама знайшла справу для сябе, якая дазваляе не толькі зарабляць на жыццё і падарожжы, але і развівацца. І старанні дзяўчыны былі адзначаны – па выніках мінулага года Ганна Каральчук атрымала званне «Малады чалавек года-2024» у галіне абслугоўвання насельніцтва.
– Наколькі я ведаю, то такі конкурс – «Малады чалавек года» – праводзіцца толькі на Століншчыне, – гаворыць Ганна. – І ўдвая прыемна, што я, прыезджая з іншага раёна, перамагла ў гэтым конкурсе. Упэўнена, што проста так такое званне нашай моладзі не даюць. І таксама адзначу, што ўдзел у гэтым конкурсе – вялікі стымул для моладзі ў плане развіцця сябе, як асобы.
– Столін стаў тваім другім домам? Раскажы крыху пра сябе.
– Гэта сапраўды так. Але, як бы не было, дом для мяне – гэта тое месца, дзе нарадзіўся, дзе жывуць бацькі. Гэта – вёска Яглевічы у Івацэвіцкім раёне. І калі вы едзеце ў Мінск, то абавязкова праязджаеце паўз яе. Я заўсёды еду дадому з вялікім натхненнем. Але і Столін не магу пакрыўдзіць – тут мне камфортна і ўтульна. Нават скажу больш. Столін – адзін з самых прыгожых райцэнтраў, у якіх мне даводзілася быць.


– Я заўсёды задаваўся пытаннем, чаму выпускнікі школ нашай рэспублікі едуць вучыцца ў наш аграрна-эканамічны каледж, калі наша моладзь наадварот – хоча паехаць вучыцца ў абласны цэнтр ці сталіцу?
– Пра каледж у Століне я даведалася выпадкова ў школе ў выпускным класе. І, паколькі я ўжо вырашыла, што хачу далей развівацца ў справе, звязанай з матэматыкай, то паспрабавала рэалізавацца ў Століне. Пасля заканчэння школы ў 2012 годзе прыехалі з маці, падалі дакументы. З таго часу мяне на законнай падставе можна лічыцць жыхаркай Столінскага раёна.
Падчас вучобы ў каледжы Ганна пазнаёмілася са сваім будучым мужам Алегам, які цяпер працуе тут настаўнікам фізічнай культуры. Так спадабаліся адзін аднаму, што з цягам часу стварылі сям’ю. Пасля заканчэння вучобы Ганну па размеркаванні накіравалі на пасаду бухгалтара ў адну з гаспадарак Чэрвенскага раёна, што на Міншчыне.
– Вы думаеце, што Століншчына – гэта правінцыя?! – эмацыйна па-сяброўску пытаецца ў мяне Ганна. – 80 кіламетраў ад Мінска, гаспадарка ў Чэрвенскім раёне – вось дзе правінцыя! Я нават не ведаю, з якой вёскай на Століншчыне можна параўнаць. Калі днём ты яшчэ ў канторы займаешся дакументамі і падлікамі, то ўвечары і выйсці няма куды. Ды і гаспадарка, шчыра кажучы, была не самая моцная – часта затрымлівалі заработную плату працаўнікам.
Праз паўтара года работы ў Чэрвенскім раёне Ганна пайшла ў дэкрэтны водпуск, нарадзіла хлопчыка, якога назвалі Максім.
За нейкі час да выхаду з дэкрэтнага водпуску яе гаспадарку далучылі да мясцовага «Райаграсэрвіса», таму лёсам было наканавана «ўцякаць» на Століншчыну.

– Паехала туды, напісала заяву аб звальненні і вярнулася, – гаворыць Ганна. – І ні разу не пашкадавала. Але ўдзячна атрыманаму вопыту. Цяпер у мяне ёсць з чым параўноўваць.
Але шлях да цяперашняга месца работы быў няпростым. Пасля вяртання ў Столін дзяўчына пачала шукаць работу. Не цуралася нічога – гатовая была ўзяцца за любую справу. Так у яе біяграфіі і працоўнай кніжцы з’явіўся запіс аб рабоце ў бары «Славянскі».
– Спачатку працавала афіцыянтам, – узгадвае Ганна Каральчук. – Потым была па сумяшчальніцтве бармэнам. Правяла там месяц. Засталася б там яшчэ? Не ведаю, таму што знайшлося працоўнае месца ў Столінскім раёне газазабеспячэння. Спачатку мяне ўзялі на пасаду кантралёра, як тут кажуць «хадзячага»…
– Так, становіцца цікава…
– Ну, трэба было хадзіць па абанентах і запісваць паказанні газавага лічыльніка. Адсюль і назва – хадзячы. Не падумайце, тут нічога крыўднага ці абражальнага няма. Такія кантралёры зарабляюць грошы літаральна нагамі. Больш прайшоў адрасоў – больш зарабіў грошай. За дзень даводзілася абходзіць каля 40-50 адрасоў.
– Хадзячыя… А якія яшчэ бываюць?
– Сядзячыя, – смяецца Ганна. – Гэта тыя, што ў офісе сядзяць.
– Спадзяюся «ляжачых» няма?
– Не, Вы што? Гэта ўжо занадта.


Праз пэўны час Ганну з «хадзячых» перавялі менавіта ў «сядзячыя», так як вызвалілася адно месца. Прыярытэт аддаваўся менавіта тым кандыдатам, хто ўжо меў пэўны вопыт. А потым адміністрацыя, заўважыўшы стараннасць маладога спецыяліста, прапанавала ёй заняць пасаду майстара. Ды і адпаведныя веды, і кваліфікацыя ў яе былі – дзяўчына паспела паступіць і скончыць сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках, дзе атрымала спецыяльнасць эканаміста. За час работы ў газавай гаспадарцы Ганна паспела нарадзіць другое дзіця – дачушку Кацярыну, якая нядаўна пайшла ў дзіцячы садок. Але ад гэтага спраў у Ганны Каральчук менш не стала – разам з мужам Алегам пасля работы займаюцца вырошчваннем галубікі, трымаюць невялічкі парнік. І я заўсёды стаўлю ў прыклад тых людзей, якія імкнуцца зарабіць больш грошай, каб дазволіць сабе і дзецям жыць больш камфортна. Гэта сапраўды заслугоўвае павагі.


Таксама Ганна падзялілася сваім сямейным невялічкім хобі:
– Мы любім падарожжы з сям’ёй. Як толькі з’яўляецца магчымасць – збіраемся і едзем на сваім аўтамабілі. І не важна куды – абы ехаць. Любім сваю родную Беларусь усім сэрцам, сваю Століншчыну. Вельмі часта бываем на Прыпяці, дзе ловім рыбу і начуем у палатках. А падчас водпуску спрабуем выбрацца крыху далей, каб, зноў жа, параўнаць. Гэтым летам, напрыклад, з Алегам ездзілі ў Геленджык, дзе адпачылі на Чорным моры і пабачылі горы. На жаль, але менавіта мора і гор не хапае нам, беларусам. І двое з паловай сутак, праведзеных у дарозе, таго каштуюць!
– Што параіш нашым чытачам?
– Хачу пажадаць усім аднаго – не сядзець на месцы! Трэба рухацца, каб паспець пабачыць у гэтым жыцці як мага больш цікавага.
– Добрая парада, каштоўная. Ад усіх нашых чытачоў – дзякуй!


Аляксандр НІКІФАРЭНКА

Оставить комментарий

Похожие новости