За сваю шматвекавую гісторыю Беларусь неаднаразова станавілася арэнай самых жорсткіх войнаў. Кожная з іх пакідала пасля сябе смерць і спусташэнне. Самай кровапралітнай стала Вялікая Айчынная вайна. Перамога ў ёй была дасягнута цаной вялікіх страт беларускага народа. Беларуская зямля прыняла ў сябе мільёны людзей, якія загінулі не толькі на полі бітвы, але і метадычна, жудасна забітых у ходзе ажыццяўлення гітлераўцамі акупацыйнага рэжыму. Адной з формаў генацыду стала знішчэнне вёсак, часта разам з насельніцтвам.
Вывучаючы неабходныя звесткі пра населеныя пункты Століншчыны,
знайшла шмат цікавых дакументаў.
Вёска Аздамічы
Да вайны (1939 год) пражывала 983 жыхары. У студзені, чэрвені 1944 года спалена 70 двароў.
«…Командиру бригады товарищу Томилову.
31/1/ 44 г. Противник в направлении Тереблич, в количестве более 200 человек конницы, 2 автомашины (неизвестно какие, возможно и бронемашины), двигался в направлении Середборья. Встретил на пути нашу засаду, которая подпустила их на 50 метров и открыла огонь. После удара отошла на Колбики, оттуда противник вытеснил сильным пулемётным и миномётным огнём. Противник быстро проскочил на Колбики, зажёг школу, оставшиеся хаты, которые ещё были по пути и ушёл назад в Теребличи.
Противник имеет потери убитыми и ранеными (количество неизвестно, но больше 7).
30/ 1/ 44 г. Противник из д. Оздамичи продвинулся в Оздамичский бор в количестве 100 конных и 2 мотоцикла. Достигли канавы в километре от Подъямного и возвратились назад, но по пути уничтожил все хаты, сараи, даже оставшиеся стены. Всё сжёг. Кроме этого, мирное население, которое прятало там скот и пряталось само, поразгоняли по лесу. Есть жертвы мирного населения более пяти человек. Количество не уточнено…»
Вёска Мачуль
Да вайны пражывала 749 жыхароў. У маі-чэрвені 1944 года спалена амаль 80 працэнтаў двароў. Загінула пяць чалавек.
Са слоў былога настаўніка гісторыі і дырэктара Мачульскай базавай школы Пятра Кірэчкі, загінуўшыя не з’яўляліся карэннымі жыхарамі.
– Справа ў тым, што мачульцы трапілі ў няміласць фашыстаў, бо актыўна дапамагалі партызанам. Таму на працягу 1943-га і да мая 1944-га гадоў каля 30 сем’яў вёскі Мачуль забралі на работу ў Германію. Астатніх жыхароў яны таксама планавалі вывезці туды. Нават выгналі іх з вёскі, размясцілі ў Аздамічах і Альшанах, а дамы іх спалілі. Засталіся цэлымі толькі пабудовы на левым беразе ракі Моўствы (у бок Церабліч) ва ўрочышчы Яцель. Некаторыя жыхары лічылі, што гэтую частку вёскі не кранулі карнікі, бо там жыла маці мясцовых паліцаяў Карповічаў, – удакладняе Пётр Гаўрылавіч.
Што тычыцца пяці загінуўшых, то іх астанкі знайшлі ў канцы 70-х гадоў, калі калгас «Запаветы Леніна» будаваў гаспадарчыя пабудовы і праводзіў камунікацыйную сістэму. Пазней іх перазахавалі жыхары вёскі на мясцовых могілках.
Нажаль іх імёны так і застануццца назаўсёды невядомымі.
Вёска Цераблічы
Да вайны пражывала 849 жыхароў, спалена амаль 50 % дамоў (частка, якая прылягала да вёскі Мачуль. Другую частку, бліжэй да Аздаміч, жыхары адбілі ад полымя).
– Справа ў тым, што вёскам Мачуль, Цераблічы, Аздамічы, Кароцічы і іншым сапраўды дасталася ад нямецкіх акупантаў, бо да прыходу Чырвонай арміі нашы партызаны, у асноўным тут былі мясцовыя жыхары, якія добра ведалі лес і балоты, аказвалі сур’ёзнае супраціўленне, – расказвае жыхар вёскі Цераблічы Фёдар Шпакевіч. – У брыгадзе «Савецкая Беларусія» налічвалася каля адной тысячы чалавек на момант злучэння з часцямі Чырвонай арміі. А колькі яшчэ было памочнікаў! Жанчыны выпякалі хлеб, малыя дзеці бегалі ў разведку, старыя шылі вопратку і абутак. Кожны хацеў унесці свой уклад у Вялікую Перамогу. Канечне, мясцовыя жыхары разумелі, што за сувязь з партызанамі не мінаваць расправы, але ўсё роўна рызыкавалі. Што тычыцца загінуўшых з Церабліч, то яшчэ ў пачатку вайны ў чэрвені 1941 года чатырох актывістаў фашысты забралі з сабой. Гэта Раман Сцяпанавіч Кірыловіч, Васіль Піліпавіч Леська, Васіль Уладзіміравіч Наскевіч і Андрэй Дзмітрыевіч Шпакевіч. Людзі казалі, што іх расстралялі, бо вельмі падтрымлівалі савецкую ўладу і не хацелі пераходзіць на бок ворагаў. Звестак аб іх далейшым лёсе няма. Дзе яны расстраляны і дзе пахаваны? Ніхто не ведае.
Быў расстраляны каля вёскі Цераблічы ва ўрочышчы Бурчак і адзін яўрэй Ізер. Па загаду мясцовых паліцаяў цела мужчыны было перавезена ў лес жыхарамі і захавана ў яме (у раёне кантрольна-прапускнога пункту). Зараз тое месца называюць – Ізерава гара.
Пасля вайны дачка Ізера прыязджала ў вёску. Размаўляла з жыхарамі і даведалася, дзе пахаваны яе бацька. Сабраўшы неабходныя дакументы, яна дабілася эксгумацыі астанкаў бацькі і перазахавала іх каля Пінска на яўрэйскіх могілках.
Вёска Рубрын
Юлія Данілаўна Ярмоліч (Рафаловіч), 1935 г. н., пасёлак Палескі, Лунінецкі раён:
– У той дзень бацька з сястрой рэзаў дровы. Раптам убачыў у лесе (лес жа быў навокал) чужых вайскоўцаў. У Рубрыне былі партызаны. І ў нашай хаце таксама. Бацька хуценька прыбег у хату, расказаў пра чужынцаў. Той у бінокль.
Вёску пачыналі акружаць ворагі… Партызан было няшмат, таму яны адышлі ў лес. За імі пайшлі і мы следам. Каб не бацька, дык мы ўсе загінулі б. Але ён вельмі добра ведаў лес і ўсе сцежкі, кладкі. Ужо з лесу мы бачылі, як гарэў наш Рубрын, чулі страляніну. Было вельмі страшна і холадна. Плакалі ўсе. Ноч і дзень сядзелі ў лесе. А потым, калі ўсё стала ціха, вярнуліся ў Рубрын. На жаль, хаты нашай ужо не было. Вымушаны былі пайсці ў Абзоў. А вярнуліся ў вёску толькі тады, калі ворагаў навокал не было, бо Мерлінскія хутары былі вызвалены. Збудавалі новую хату, а ў 60-х гадах пераехалі адтуль.
Вёскі Кароцічы, Рубель, Хотамель, Альшаны таксама былі спалены нямецка-фашысцкімі захопнікамі (падрабязней у наступным нумары).
Вольга ГУСАК