НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Стружская сярэдняя школа па выніках работы ў мінулым годзе занесена на раённую Дошку гонару.

Гэта адзнака не выпадковасць, а заканамернасць, да якой педагагічны калектыў установы ішоў крок за крокам. З году ў год павялічваліся дасягненні ў розных напрамках, другі год запар Стружская школа па ўсіх паказчыках лепшая сярод вясковых школ.

Настаўнікі і вучні – пераможцы навукова-практычных канферэнцый

Асабіста для мяне асаблівасць гэтай установы у тым, што тут ва ўсіх напрамках выкарыстоўваюцца сучасныя камп’ютарныя тэхналогіі, усю інфармацыю стараюцца максімальна камп’ютарызаваць, каб палегчыць работу як вучням, педагогам, так і кіраўніцтву ўстановы.
А вось дырэктар установы Міхаіл Дзенісовіч у адказ на маё пытанне кажа, што ўнікальнасць у людзях, атмасферы, што склалася ў школе, у тым, што побач з сучаснымі тэхналогіямі не губляецца цікавасць да традыцый.
Несумненна адно, што для дасягнення добрага выніку патрэбна пастаянная мэтанакіраваная работа. А яна тут вядзецца. І пра гэта кажуць паказчыкі. Толькі ў мінулым годзе вучні школы занялі 15 прызавых месцаў па алімпіядах, тры прызёры навукова-практычнай канферэнцыі, пераможцы розных выхаваўчых і галіновых конкурсаў. Настаўнікі не толькі рыхтуюць вучняў для ўдзелу ў конкурсах, канферэнцыях, алімпіядах, а і самі пастаянна ўдзельнічаюць у педагагічных мерапрыемствах. Толькі вынік настаўніцы замежных моў Наталлі Пашкевіч, якая стала пераможцай абласнога конкурсу педагагічнага майстэрства, гаворыць пра многае.

У школе працуюць творчыя людзі. Шэсць педагогаў вядуць свае блогі. Алена Крывапуст, Максім Аляксандраў, Наталля Пашкевіч, Людміла Пабярэжная, Таццяна Мароз, Юлія Пінчук. Гэтыя прадметныя і сацыяльна-педагагічныя блогі дапамагаюць трымаць сувязь з вучнямі, даваць дадатковую прадметную інфармацыю, праводзіць тэсціраванні, апытанні і гэтак далей. Акрамя блогаў многія настаўнікі арганізавалі вучняў у групы ў сацыяльных сетках. Не сакрэт, што дзеці “сядзяць” у сацсетках. Дык патрэбна, каб гэта рабілі з карысцю. Групы ў ВКонтакте працуюць на апераджэнне і дапамагаюць атрымаць зваротную сувязь, там выкладаюцца заданні, дадатковая інфармацыя па ўроках, тэсціраванне і гэтак далей.

Пераможцы алімпіяд і іх настаўнікі

Кіраўніцтва школы сваім прыкладам паказвае важнасць работы, якую можна выканаць з дапамогай камп’ютарных тэхналогій і сучасных праграм. Ва ўстанове працуе лакальная сетка, а віртуальны метадычны кабінет дазваляе мець доступ да інфармацыі ў любы час для кожнага. Гэта значна палягчае работу настаўніку. Бо дакументацыі для педагога многа, яна знаходзіцца ў розных месцах і на яе пошук патрэбен час. А ў віртуальным кабінеце ўсё аб’яднана. Кіраўніцтва раздае загады і даручэнні з дапамогай спецыяльнай праграмы па кантролі і выкананні даручэнняў. Гэта дазваляе весці работу аператыўна і эфектыўна адсочваць вынікі.
– Набраўшы тэмп, мы ўжо не можам спыніцца, – кажа дырэктар установы Міхаіл Дзенісовіч. – Я, як кіраўнік, павінен стварыць для калектыву камфортныя ўмовы работы і весці кантроль. Мае намеснікі – арганізаваць работу, каб кожны быў заняты сваімі справамі як найбольш эфектыўна.
Ва ўстанове моцны педагагічны склад – 35 настаўнікаў. З іх 14 маюць вышэйшую катэгорыю. Кіруе ўстановай восьмы год Міхаіл Дзенісовіч. Яго намеснікі Святлана Ляшкевіч (па навучальнай рабоце) і Таццяна Шаміч (па выхаваўчай), Таццяна Гашчук (па гаспадарчай рабоце).
Сярод перадавых настаўнікаў Людміла Андрыяшка, Людміла Наскевіч, Вольга Мароз, Ірына Каток, Алена Крывапуст, Валянціна Мароз, Валянціна Лысюк, Наталля Казуля, Наталля Пашкевіч, Аліна Лапыш, Максім Аляксандраў, Надзея Буян, Ніна Ліпская і іншыя. Не адстаюць у рабоце і прадстаўнікі сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы – Таццяна Мароз, Людміла Пабярэжная.

Таццяна Гашчук, Таццяна Шаміч, Людміла Пабярэжная, Таццяна Мароз, Міхаіл Дзенісовіч, Святлана Ляшкевіч (злева направа)

Значная ўвага ва ўстанове надаецца падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання, прафарыентацыі. Пачынаючы з 9 класа, з кожным вучнем працуюць індывідуальна. Пад тых, хто будзе здаваць ЦТ, распрацоўваецца індывідуальны план работы, за ім замацоўваецца настаўнік. І вучні ў 11 класе ўжо ведаюць, што ім не дадуць спакойна адседжвацца на ўроках ці па-за імі. Навучэнцам патрэбна працаваць, каб дасягнуць выніку. У мінулым годзе 52 працэнты выпускнікоў сталі студэнтамі ВНУ. У гэтым годзе статыстычныя даныя меншыя: клас раздзяліўся на тры роўныя часткі: пайшлі ў ВНУ, ССНУ і прафесійна-тэхнічныя вучылішчы.
Пастаянны кантроль, які ідзе разам з добразычлівай абстаноўкай, адкрытая інфармацыя па рабоце настаўнікаў, іх дасягненні дапамагаюць раўняцца адзін на аднаго, падцягваць свае вынікі. Кіраўніцтва школы паказвае табліцы аналізаў, з якіх відаць работу кожнага педагога: чым заняты, да чаго рыхтуецца, як вядзе свой напрамак работы. Усё вельмі празрыста.

Члены творчай групы «Інавацыя» Людміла Андрыяшка (вядзе ўрок), Таццяна Мароз, Людміла Наскевіч і Вольга Мароз на адкрытым уроку

– Яшчэ ў нас асаблівыя дзеці, – кажа Святлана Ляшкевіч. – Яны ў нас працавітыя, добрыя, лепшыя за ўсіх. І мы з імі працуем па сітуацыі поспеху, адпрацоўваем па кожным дзіцяці. Калі вучань праяўляе цікавасць да якога-небудзе прадмета, то адразу хапаемся за гэтую цікавасць і дапамагаем яму працаваць на вынік.
З Днём настаўніка! Новых перамог, новых вяршыняў зычу калектыву Стружскай школы, а таксама ўсім педагогам Століншчыны. З прафесійным святам вас, паважаныя настаўнікі. Няхай работа прыносіць задавальненне, вучні – радасць, а адміністрацыя – толькі добрыя навіны.
Таццяна
СЕГЕН
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Вы никому там не нужны!
Дапамагае ўсмешка

Дапамагае ўсмешка

22 ноября, 2024
«СТО линий», «СТОЛИН ий», «столинСКий»?

Оставить комментарий

Похожие новости