НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Іван Піліпавіч – скульптар і мастак, які стварыў не тое, што сваю школу разьбы па дрэве – ён стварыў свой стыль. І гэта робіць яго ўнікальным. Ён – адзіны майстар, хто выразае ўсе свае скульптуры выключна сякерай. Іх у майстара даволі шмат, а адну з іх не так даўно Івану Піліпавічу падарыў асабіста Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.


Кожны раз, праязджаючы побач з сядзібай народнага майстара, спыняюся, дастаю фотаапарат і раблю здымкі. Здавалася б – адна і тая ж сцэна, але атрымліваецца заўсёды па-рознаму. То святло адаб’ецца па-іншаму, то надвор’е ўвогуле будзе «нялётным»… Але тое, што ўсвядоміў нарэшце – энергетыка моцная ідзе ад скульптур. Таму што ён укладае ў кожную з іх сваю душу, часцінку сябе.

Апошняя наша сустрэча адбылася тыдні два таму – з сям’ёй наведвалі дзеда Івана Міхайлавіча Мікуліча ў суседніх Аздамічах. Па дарозе дадому вырашылі па традыцыі сфатаграфавацца. А тут і сам гаспадар выйшаў. Павіталіся. Знаёмыя не адзін год.


Добры дзень, Іван Піліпавіч, – павітаўся я. – А мы тут фотасесію вырашылі правесці.
О, Аляксандр, прывітанне, – паздароўкаўся Іван Піліпавіч. – Мабыць у дзеда Туліка былі (так па-мясцоваму клічуць нашага дзеда, які доўгі час плёў кошыкі, скрынкі, венікі і шмат іншага)? Заходзь, калі ласка. Ды і дзявок сваіх бяры з сабою. Пакажу што-небудзь цікавае. Я трыху запэцкаўся – рыхтую падстаўкі пад скульптуры да выставы. Не звяртайце ўвагі.
Нягледзячы на адсутнасць вольнага часу, адмовіць Івану Піліпавічу мы не маглі маральна. Справы пачакаюць. Тым болей, што раней у двары быў толькі я адзін. Ды і калі табе правядуць асабістую экскурсію па майстэрні?

Усе мы пераважна ведаем Івана Супрунчыка, як самабытнага разбяра па дрэве. А вось яго малюнкі заслугоўваюць ўвагі не менш. Яны візуальна зразумелыя нават дзіцяці – бусел, бабуля, дрэва… Звычайныя прадметы, якія мы ўсе добра ведаем. Але вось сэнс гэтага ўзаемадзеяння становіцца даступным не кожнаму. Ды і прыходзіць гэтае разуменне і «чытанне» малюнкаў з узростам. Відаць, каб зразумець творчасць мастака, трэба і свайго вопыту жыццёвага набыць. І што вылучае малюнкі Івана Піліпавіча – гэта тое, што выконвае ён іх пераважна на звычайных шпалерах, абрамляе простай рамай, а замест фабрычнай куплёнай фарбы выкарыстоўвае прыродныя матэрыялы.
Малюнак раптоўна ўзнікае ў думках, нараджаецца з успамінаў ці наадварот, гледзячы ў будучыню, – гаворыць Іван Піліпавіч. – І што першае трапілася пад руку – на тым і малюю. І так атрымліваецца, што часцей асновай і становяцца шпалеры. А фарбы? Сажа, гліна, драўніна – чым не фарбы?
Сказаць, што пасля невялічкай экскурсіі мы засталіся пад вялікімі ўражаннямі – не сказаць нічога. Іван Піліпавіч паказаў свае майстэрні – летнюю і зімовую, пераабсталяваны хатні музей, дзе раней была хатняя жывёла, а таксама некалькі рэдкіх экспанатаў, сярод якіх быў бронзавы прас. Я не спецыяліст у антыкварыяце, але на выгляд таму прасу не менш за 200 гадоў.


Цікава, з якой эпохі гэты прас, – пытаюся я і бяру ў руку, каб адчуць яго вагу. – Здаецца, не менш за 2-3 кілаграмы. Адкуль ён у Вас?
Ды я ўжо і не памятаю як ён з’явіўся ў маёй калекцыі, – адказвае Іван Піліпавіч. – Ты ж бачыў, колькі экспанатаў паўсюль. Усяго і не пералічыць. Мабыць, у першыя гады я яшчэ вёў падлік, але потым перастаў гэта рабіць. А што да гэтага праса, то не вельмі даўно прыязджалі да мяне ў госці нейкія навукоўцы і прыйшлі да высновы, што падобныя прасы былі ў гады жыцця Льва Мікалаевіча Талстога. Хто ведае, мо, гэтым прасам яму кашулю прасавалі!?


Іван Піліпавіч распавядае павольна, па-простаму, на мясцовым дыялекце. Як гавораць у нас на Палессі. Але кожнае яго слова – быццам страла: чапляе і застаецца ў памяці. Аб узнагародах і званнях успамінаць не любіць. Вядома ж, кажа, прыемна, але і без іх ён усё роўна кожную раніцу пачынаў бы з працы ў сваёй майстэрні.


– Як мяне людзі знайшлі? Дык я ж ніколі не хаваўся, – усміхаецца майстра. – Я ўсё жыццё тут. І толькі цяпер, відаць, прыйшоў час, калі сталі глядзець не на бляск, а на сэнс.
У майстэрні пахне дзяцінствам. Драўляная стружка з-пад сякеры скручана, як першыя дзіцячыя падстрыжаныя кучары. На паліцах – фігуркі людзей і вобразы святых. Усё жывое, напоўненае філасофскім сэнсам і жыццёвым вопытам аўтара. На сценах і самаробных мальбертах – карціны, кожная з якіх можа быць сюжэтам для асобнага аповеду…

Аднак вядомы ён не толькі тым, што стварае скульптуры з дрэва сякерай і піша філасофскія карціны. Яго намаганнямі ў Цераблічах быў створаны адзін з самых незвычайных музеяў – Музей народнага мастацтва і побыту, дзе Іванам Піліпавічам за многія гады сабраны прадметы старога вясковага побыту Палесся. У 2001-м годзе майстар быў удастоены спецыяльнай прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне». У 2009-м годзе за вялікі асабісты ўклад у захаванне гісторыка-культурнай спадчыны яму прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Столінскага раёна». У 2014-м годзе рашэннем аргкамітэта фестывалю этнакультурных традыцый «Кліч Палесся» яму прысвоена званне «Ганаровы паляшук».


А літаральна тыдзень таму, 26 чэрвеня, на пасяджэнні Беларускага рэспубліканскага навукова-метадычнага савета элементу «Практыкі захавання традыцыйнай культуры праз творчасць Івана Супрунчыка» прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці! А гэта дарагога каштуе!
На развітанне Іван Піліпавіч падарыў на памяць невялічкую статуэтку з выявай Ісуса Хрыста.
Няхай фігурка прыносіць толькі радасць і шчасце! – сказаў майстар.
Вялікі дзякуй, будзем берагчы.


P. S. Ад сябе дадам. Калі вы не былі ў Музеі драўлянай скульптуры ў Цераблічах і не размаўлялі з Іванам Супрунчыкам, то гэта значыць, што сапраўднага Палесся вы не бачылі. Таму не адкладвайце гэта «ў скрыню», а вандруйце сёння!
Аляксандр НІКІФАРЭНКА
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Гороскоп на 25 августа

Гороскоп на 25 августа

21 августа, 2025
Гороскоп 24 августа

Гороскоп 24 августа

21 августа, 2025
В Смоленской области запрещен ввоз из Беларуси более 4 тонн ягодной продукции.
Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости