НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Пэўна, кожны з нас памятае свой першы рабочы дзень. Як хваляваўся перад знаёмствам са сваімі калегамі, думаў, ці спадабаешся ім, ці адразу пачнуць давяраць. Усё ж маладому спецыялісту вельмі важна адчуць падтрымку, пабачыць, што ў табе зацікаўлены.
Менавіта гэта адчула Марыя Пашкевіч – юрыст ААТ “Кароцічы”. У гэтым годзе яна скончыла Столінскі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж па спецыяльнасці “Правазнаўства” і з першага жніўня прыйшла на сваё першае рабочае месца.
– Калектыў прыняў мяне вельмі цёпла, – дзеліцца Марыя. – Праўда, наша знаёмства адбылося раней, калі я тут праходзіла пераддыпломную практыку. Ужо тады мне спадабалася, што аднесліся да мяне сур’ёзна, нягледзячы на тое, што вопыту я зусім не мела. Падказвалі, паступова ўводзілі ў курс усіх спраў. А калі табе давяраюць, то быццам крылы вырастаюць за спіной. З’яўляецца неабходная ўпэўненасць, якая патрэбна, каб прафесійна расці. Магу параўнаць, як праходзіла звычайную практыку, толькі ў другой гаспадарцы. Там мне ніхто хвіліны нават не ўдзяліў. Маўляў, і так падпішам. Гэта мяне вельмі абурыла, бо я хацела чамусьці навучыцца, а не проста, каб мне падпісалі практыку. Калі надышоў час размеркавання, на маё імя прыйшла імянная заяўка з ААТ “Кароцічы” я і з задавальненнем прыехала сюды ўжо не ў якасці практыканткі, а паўнапраўным работнікам. Ад душы хачу выказваць словы ўдзячнасці ўсяму калектыву, асабліва дырэктару Васілю Пятровічу Кудласевічу і галоўнаму эканамісту Івану Іванавічу Кудласевічу. Іх падтрымка вельмі многа значыць для мяне.
– Марыя, але ж зараз моладзь толькі і марыць, каб уладкавацца ў вялікім горадзе. А аграгарадок Кароцічы, зусім не падобны на мегаполіс?
– Ну і добра, што не падобны, — смяецца Марыя. – Мне няўтульна ў вялікім горадзе. Вакол вялікія натоўпы людзей, аўтамабіляў, а гэта мяне стамляе. У Мінск прыязджаю на сесіі, паколькі працягнула вучыцца па гэтай жа спецыяльнасці ў Міжнародным універсітэце працоўных і сацыяльных адносін. А яшчэ два тыдні была ў Мінску на курсах у Цэнтры павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў Мінфіна Рэспублікі Беларусь, на якія мяне адправіла кіраўніцтва гаспадаркі. Атрымала асалоды ад сталіцы роўна столькі, колькі мне патрэбна: сустрэлася з сябрамі, з братам Васем, які вучыцца ў БНТУ, схадзілі ў кафэ, прагуляліся. Мяркую, каб жыць у горадзе, там трэба нарадзіцца. З развіццём тэхналогій магчымасці гарадскога жыхара і вяскоўца зраўняліся. Пры наяўнасці грошай можна падарожнічаць і ехаць, куды хочаш. Галоўнае, каб было жаданне.
Да таго ж Кароцічы бліжэй да Сямігосціч, дзе мой родны дом і куды я прыязджаю кожныя выхадныя. Маці заўсёды нагатуе ўсякай смакаты. Дарэчы, маці ў мяне самая лепшая, прыклад ва ўсім, бо з любой сітуацыі знойдзе выйсце. Ды і як на жанчыну, раўняюся на яе, бо яна заўсёды сочыць і за сабой, і за модай. Маці навучыла мяне паважліва ставіцца да людзей, дапамагаць, бо дабро заўсёды вяртаецца. Я таксама цаню ў людзях дабрыню і чуласць, а таксама прастату, калі адразу разумееш чалавека.
– А як ты бавіш вольны час пасля работы?
– Чаго-чаго, а яго ў мяне пакуль хапае. Здымаю кватэру ў Талмачаве ў цудоўнейшай жанчыны Галіны Васільеўны Куземка. А вечарам там няма куды выйсці, што можна назваць значным мінусам. Уся моладзь раз’ехалася, засталіся толькі вучні, а добра было б, каб працаваў Дом культуры. Я з дзяцінства займалася мастацкай самадзейнасцю, наведвала гурткі пры Доме культуры, танцавала і спявала, была вядучай. Мяне і зараз клічуць, калі якія мерапрыемствы ладзяцца. Вось на раённых дажынках з ахвотай удзельнічала ў канцэрце. Мне гэта па душы. А так у вольны час гляджу фільмы, бегаю вечарам па некалькі кіламетраў, пакуль надвор’е дазваляе. Мне, як дзяўчыне незамужняй, трэба сябе трымаць у форме (смяецца). Мару аб сваім аўтамабілі, каб можна было паехаць, куды хочаш. Тым больш, правы на кіраванне ўжо год, як у мяне ў кішэні. Буду пакрысе адкладваць з заработнай платы.
– Дарэчы, вельмі важнае пытанне: як з гэтым абстаяць справы?
– Шчыра скажу, вельмі задаволена заработнай платай. Да таго ж атрымала пад’ёмныя, якія прызначаны маладым спецыялістам. Так што жаліцца ў мяне няма падставы. Яшчэ вялікі бонус – сталовая побач, куды мы ходзім на абед. Гатуюць і смачна, і многа, што нават не ўсё магу з’есці зараз.
Але ўсё ж самае галоўнае – гэта людзі, з якімі працую. Таму на свою работу іду з задавальненнем.

Ганна
МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Гороскоп на 25 августа

Гороскоп на 25 августа

21 августа, 2025
Гороскоп 24 августа

Гороскоп 24 августа

21 августа, 2025
В Смоленской области запрещен ввоз из Беларуси более 4 тонн ягодной продукции.

Оставить комментарий

Похожие новости