НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
5/5 - (1 голос)

19 чэрвеня адзначае юбілей паэтэса, празаік, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Галіна Бабарыка з вёскі Мачуль.


Менавіта ў невялічкай вёсцы на Століншчыне жыве і займаецца творчасцю Галіна Сідараўна ўсё сваё жыццё.


Сёння звесткі пра знакамітага чалавека можна знайсці за хвіліну ў сетцы Інтэрнэт, даведацца, калі нарадзіўся, дзе вучыўся, якія мае ўзнагароды. Але пра такіх людзей як Галіна Бабарыка нельга гаварыць сухімі біяграфічнымі звесткамі і афіцыйнымі сказамі, таму што паэтэса вельмі шматгранная асоба.


Галіна Бабарыка – паэт. Менавіта той творца, пра каго можна сказаць не вершаскладальнік, а Паэт з вялікай літары. Так, можна віртуозна валодаць рыфмай і шматлікімі аспектамі вершаскладання, але ўздымаць важныя і значныя тэмы, пісаць пра надзённыя пытанні, захапляцца прыгажосцю прыроды – гэта пад сілу толькі сапраўднаму паэту.


Галіна Бабарыка – веруючы чалавек. Яна ўздымае ў сваёй творчасці тэмы хрысціянства і звароту да Бога не таму, што гэта цяпер «модна», а таму, што яна – чалавек, які сам кіруецца ў сваім жыцці Божымі законамі.


Галіна Бабарыка – патрыёт, які не толькі сваім паэтычным словам апявае Радзіму, але і звяртаецца да яе гістарычнага мінулага, да старонак мужнасці і славы, праяўленых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Яе вершы ўвайшлі ў зборнікі «Па праву жывога» (да 70-годдзя Перамогі) і беларуска-расійскі праект «Победили! Перамаглі!», прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі і Вялікай Перамозе. Значнае месца ў творчасці займае тэма роднага краю, роднай вёскі, блізкіх людзей – таго, з чаго і пачынаецца сапраўдны патрыятызм, любоў да Радзімы.


Галіна Бабарыка – настаўнік… Мы часта гаворым пра паэтаў толькі ў кантэксце іх творчай дзейнасці. Але не трэба ніколі забываць, што гэта людзі, якія кожны дзень ішлі на працу, займаліся хатняй гаспадаркай. Галіна Сідараўна амаль 40 гадоў аддала высокай справе – педагагічнай працы. Яна вучыла, выхоўвала, давала дарогу ў жыццё многім пакаленням вясковых дзетак. Настаўнік з вышэйшай катэгорыяй, за поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення ўзнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета.


Галіна Бабарыка – літаратар. Вясковае працоўнае жыццё, гаспадарка, праца ў школе ніякім чынам адмоўна не паўплывалі на творчую дзейнасць, і тыя набыткі, з якімі паэтэса падышла да жыццёвага юбілею – тры паэтычныя зборнікі – «Давер», «Дарога ў восень» і «Матывы Моўствы», шматлікія публікацыі твораў у шэрагу часопісаў і газет, зборніках і альманахах, творчыя сустрэчы з калегамі, прыхільнікамі творчасці, падрастаючым пакаленнем.


Галіна Бабарыка – майстар пейзажу. Менавіта палескага пейзажу. Тонкая, лірычная паэтка так маляўніча апявае прыроду роднага краю, што заслужана ў літаратурным асяроддзі лічыцца сапраўдным майстрам пейзажу.


Галіна Бабарыка – гумарыст. Ра-зам з глыбокімі тэмамі, філасофскімі разважаннямі ў творчай скарбонцы аўтара суіснуюць гумарэскі, афарызмы, іранічныя апавяданні.
Галіна Бабарыка – жанчына, маці, бабуля. Самая лепшая для сваіх блізкіх і родных.
Вось такая яна розная, Галіна Бабарыка.


Спадзяёмся, што гэта толькі часцінка таго, што чакае наперадзе, і жадаем Галіне Сідараўне моцнага здароўя, жыццёвага і творчага даўгалецця.
Аддзел бібліятэчнага маркетынгу
Столінскай цэнтральнай
раённай бібліятэкі

Оставить комментарий

Похожие новости