Гэтая шыкоўная жанчына ў апошні дзень красавіка сустрэла свой 75-гадовы дзень нараджэння. Кажуць, пра ўзрост жанчыны гаварыць няёмка, але не ў гэтым выпадку. Бо сама Лідзія Васільеўна
Галавач з Давыд-Гарадка лічыць багаццем свае гады, якія былі напоўненыя самымі рознымі падзеямі.
– Лічбы ў пашпарце – гэта толькі лічбы, а душа не сталее, – упэўнена юбілярка. – Здаецца, нядаўна скончыла інстытут і прыйшла працаваць, а ўжо амаль 20 гадоў як на заслужаным адпачынку. Таму дам параду маладым людзям: атрымлівайце асалоду ад кожнага дня, заўважайце, як ён пачынаецца і як заканчваецца, назірайце за дробязямі і не страчвайце дарэмна час на сваркі і крыўды. Бо гады маюць уласцівасць бегчы хутка і назад не вяртацца.
Лідзія Васільеўна няспешна зрабіла глыток кавы і быццам перанеслася ў мінулае. Вось яна – юная ў прыгожай сукенцы – спяшаецца на свой выпускны баль, які быў у 1967 годзе. А вось едзе на аўтобусе ў Брэст здаваць іспыты. Іх, дарэчы, вытрымала выдатна, таму была залічана на матэматычны факультэт Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна пры конкурсе шэсць чалавек на месца. Добра памятае, як у гэты ж дзень адправіла тэлеграму свайму настаўніку матэматыкі Івану Якімавічу Ганчарыку, у якой падзякавала за атрыманыя веды. Дадае, што многія яе аднакласнікі без праблем паступалі ў прэстыжныя вышэйшыя навучальныя ўстановы без дадатковай падрыхтоўкі, што сведчыць аб высокай якасці ведаў, якія былі атрыманы ў школе.
Студэнцкія гады ўспамінае з настальгіяй, бо гэта быў час шчырых размоў, энтузіязму і жадання пакарыць вяршыні. Пасля вучобы можна было адправіцца ў любы куток вялікага Савецкага Саюза, але Ліда спяшалася на радзіму. Адзіная дачка ў бацькоў, ды і каханы Міхаіл чакаў. Ён вывучыўся на інжынера і таксама любіў свой родны Давыд-Гарадок. З ім дзяўчына сустракалася са школьнай парты, першая ўлюбёнасць аказалася трывалай, і ў 1972 годзе маладыя згулялі вяселле.
А тым часам Лідзія Васільеўна ўжо настаўнічала ў Веляміцкай сярэдняй школе, але пасля шлюбу паехала за мужам, якога накіравалі ў калгас «17 верасня», і ўладкавалася ў Хорскую сярэднюю школу.
Палюбілі маладую настаўніцу ў калектыве. Заўсёды ў добрым настроі, ініцыятыўная і лёгкая на пад’ём, Лідзія Галавач прымала актыўны ўдзел у школьным жыцці. Таму, калі яе перавялі ў сярэднюю школу № 2 г. Давыд-Гарадка, калегі і вучні нават засмуціліся.
І вось маладая сям’я, у якой ужо раслі дачка Ірына і сын Віталь, пачала абжывацца ў родным горадзе. Купілі дом у цэнтры, пачалі яго рамантаваць. Муж працаваў дырэктарам аўтапарка № 12 у Століне, а Лідзія у 1989 працягнула сваю настаўніцкую дзейнасць у СШ № 1. Атрымліваючы за адданасць сваёй прафесіі адну ўзнагароду за другой, жанчына прызнаецца, што ніколі не імкнулася быць лепшай. Проста займалася тым, што насамрэч любіла.
– Матэматыка – навука дакладная, але я заўсёды хацела зрабіць яе даступнай і зразумелай. Бо дзеці – гэта сур’ёзная праверка, вытрымаць якую задача складаная. Увогуле, прафесія настаўніка патрабуе не толькі ведаў, але і, на маю думку, нават імправізацыі. Таму не без гонару скажу, што на маіх уроках ніколі не было сумна.
Да слова, Лідзія Васільеўна падрыхтавала цэлую плеяду настаўнікаў матэматыкі, сярод якіх Раіса Савіч (Майсюк), Марыя Клімавец (Шыкунец), Алена Паддубная (Марчук), Наталля Багацька. Сустракаючыся, яны заўсёды знойдуць, пра што пагаварыць, а прыемныя ўспаміны прымусяць усміхнуцца.
– Не сакрэт, што работа ў чалавека забірае значную частку жыцця. І вялікая ўдача, калі яна прыносіць задавальненне. За амаль 38 гадоў педагагічнага стажу мне давялося працаваць пад кіраўніцтвам шасцярых дырэктараў і быць у розных калектывах. Але заўсёды адчувала на сваім месцы, бо была верная сабе. Не баялася абараніць сваё меркаванне, прыйсці на дапамогу, спагадліва ставілася да іншых, бо жыццё такое: толькі каго асудзіш – чакай падобную сітуацыю. Самае важнае з вышыні пражытых гадоў – ніколі не спрачацца са сваім сумленнем, тады і шкадаваць не давядзецца.
Пайшоўшы на заслужаны адпачынак, Лідзія Васільеўна не засумавала. Разам з мужам заняліся агародніцтвам і садаводствам. Нягледзячы на тое, што здароўе часам падводзіць, без справы мая суразмоўца сядзець не можа. Любіць з мужам глядзець і абмяркоўваць выпускі навін і перадачы, сярод любімых «60 хвілін» і «Вечар з Уладзімірам Салаўёвым».
А яшчэ Лідзія Васільеўна – выдатная гаспадыня. І ў дзень свайго нараджэння чакае самых родных людзей – сваіх дзяцей і ўнукаў. Дачка Ірына – стаматолаг у сталічнай паліклініцы. Па тым жа шляху пайшоў і яе старэйшы сын, другі вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. Сын Віталь скончыў БАТУ, жыве і працуе ў Слуцку, падарыў тры ўнукі, якія з’яўляюцца школьнікамі.
І няма сумнення, што ім будзе пра што пагаварыць за вялікім сталом у бацькоўскай хаце. І знойдзецца многа прыемных слоў для сваёй дарагой імянінніцы.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара