НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Бадай, гэта словы найбольш трапна падыходзяць для Ігара Анатольевіча Скрабца – настаўніка геаграфіі сярэдняй школы
№ 1 аг. Альшаны. Ён не толькі сам валодае гэтымі якасцямі, але і вучыць іншых валодаць імі, з’яўляючыся нязменным кіраўніком школьнага клуба вясёлых і знаходлівых і каманды «Што? Дзе? Калі?»

І, трэба сказаць, вучыць паспяхова, бо колькасць прызавых месцаў і ўзнагарод наўрад ці змесціцца на цэлай старонцы. Настаўнік пачатковых класаў Хоць Ігара Скрабца ўжо даўно і справядліва ўзгадваюць у кантэксце Альшан, ён мае карані з вёскі Малыя Арлы. Там ён нарадзіўся і пайшоў у школу. Употай вандраваў на старонках прыгодніцкіх апавяданняў, таму маці нават давялося ўзяць чытанне пад кантроль, бо хвалявалася за зрок. Але, менавіта гэтая любоў да кнігі ў будучыні навучыла неардынарна разважаць і знаходзіць цікавыя моманты ў простых рэчах.


У 1991 годзе пасля атрымання базавай адукацыі кемлівы хлопец вырашыў паступаць у тады яшчэ Баранавіцкае педагагічнае вучылішча на настаўніка пачатковых класаў і кіраўніка выяўленчага мастацтва. Дарэчы, менавіта ў час вучобы ён упершыню праявіў свой талент, як аўтар-гумарыст. Яго эрудыцыя, моўны запас і ўменне хутка думаць былі заўважаны і паспяхова выкарыстаны камандай, якая стала чэмпіёнам горада Баранавічы.
Потым была служба ў арміі. Вярнуўся на радзіму ўжо дыпламаваным спецыялістам. І ў свае 19 гадоў Ігар Анатольевіч спрытна спраўляўся з вучнямі пачатковых класаў Арлоўскай сярэдняй школы.

Сталіца
У 2000 годзе мой суразмоўца вырашыў паехаць за поспехам у сталіцу, тым больш некаторыя сувязі пасля вучылішча засталіся, звалі сябры. Падумаў: вярнуцца паспее, а не паспрабуе – будзе потым шкадаваць.
Працаваў, здымаў пакой і… пісаў сцэнарыі, жарты для каманды клуба вясёлых і знаходлівых Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта – будучай двойчы чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ. Талент юнака заўважылі на сур’ёзным узроўні, таму жарты пад аўтарствам Ігара Скрабца гучалі ў гульнях Еўралігі. У той жа час ён пазнаёміўся са знакамітымі комікамі.
Адным словам, Ігар Скрабец ужо знаходзіўся ў, так мовіць, патрэбных колах, але праз два гады жыцця ў сталіцы прыняў рашэнне вярнуцца на Століншчыну. Як шчыра прызнаўся, пэўна, не хапіла нейкай сталічнай напорыстасці і нахабства ў простага вясковага хлопца. Але ні аб чым не шкадуе, бо верыць: што ні робіцца – усё да лепшага.

Альшаны
У сярэднюю школу ў аг. Альшаны Ігар Скрабец трапіў, можна сказаць, выпадкова. Там вызвалілася месца выхавальніка групы падоўжанага дня. Маладога настаўніка цудоўна прынялі ў калектыве. А яшчэ літаральна праз некалькі месяцаў, даведаўшыся пра захапленне КВЗ і гульнёй «Што? Дзе? Калі?», намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце радасна загадала: «Рыхтуйце каманду!»
Гэта для Ігара Анатольевіча не склала цяжкасцяў, і праз год яго каманда заняла… 32-ое з 36-ці месцаў.
– Мы прыехалі такія дзелавітыя, думалі, зараз усіх тут пераможам, але наш гумар, калі мовіць сучасна, не зайшоў. Затое як мы потым па дарозе дадому смачна сала з гуркамі елі і доўга смяяліся над сабой, з ходу прыдумваючы новыя жарты і гумарэскі. Каштоўны вопыт і цудоўная паездка, – успамінае мой суразмоўца.
Чутка пра школьны клуб хутка разнеслася па ўстанове адукацыі, і вучні, якіх спачатку было не зацягнуць, потым чарадой пайшлі да Ігара Анатольевіча. Педагог у гэты час завочна вучыўся ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А. С. Пушкіна, а таксама перайшоў працаваць настаўнікам геаграфіі. Горача было на трэніроўках, якія часта па ініцыятыве саміх удзельнікаў зацягваліся да позняга вечара. І ўжо ў 2006 годзе каманда перамагла не толькі ў раёне, але і прымала ўдзел у абласным этапе.
– Многія, хто не ў тэме, часта блытаюць КВЗ і «Што?Дзе? Калі?» Але гэта дзве абсалютна розныя гульні. У клубе вясёлых і знаходлівых стаўка робіцца на артыстызм і імправізацыю. А вось для «Што? Дзе? Калі?» патрэба трэніраваць логіку, назапашваць веды, развіваць эрудыцыю і самае галоўнае – умець хутка гэтым усім карыстацца. Асабіста мне бліжэй КВЗ, хоць ён і больш затратны як эмацыянальна, так і па часе. Бо тут трэба думаць, пісаць, прапаноўваць ідэі і хвалявацца, ці правільна зразумеюць гумар члены журы. А вось на трэніроўках да інтэлектуальных спаборніцтваў мы здабываем ужо гатовую інфармацыю, асабліва цікавыя нераспаўсюджаныя звесткі. Таму ўсім раю – вучыце самы галоўны прадмет – геаграфію (смяецца). І больш чытайце!

Сям’я
Ігар Анатольевіч, нягледзячы на кар’ерны поспех, сям’ю лічыць галоўным лакаматывам. Па-першае, яна не дае спыняцца на дасягнутым, бо заўсёды штосьці трэба. А па-другое, сям’я не толькі раздзяляе яго занятак, а з’яўляецца непасрэдным удзельнікам. Жонка Наталля таксама настаўніца, працуе ў гэтай самай школе. А нядаўна пакарыла калег сваім голасам, калі выступала на сцэне на Дзень абаронцаў Айчыны. Дачка Аляксандра – капітан школьнай каманды «Алекс і Я». Старэйшы Мікалай і меншы Анатоль – такія ж лёгкія на пад’ём і кемлівыя хлопцы, якім быў і сам Ігар Анатольевіч. Ён ніколі не сварыцца на дзяцей. Лепш пагутарыць, пажартаваць і ўжо ў добрым настроі вырашаць праблемы, без якіх не бывае жыццё. Затое выйсце з іх заўсёды знойдзе вясёлы і знаходлівы Ігар Скрабец.

Ганна
МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Верховенство права
Отдал миллион долларов мошенникам
С 1 июля оплата услуг на «Белпочте» будет только наличными

Оставить комментарий

Похожие новости