НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
5/5 - (1 голос)

У Вялікай Айчыннай вайне беларускі народ заплаціў жыццём кожнага трэцяга яе жыхара. Вайне, герояў якой мы не маем права забыць.

Адзін з іх – Якім Іосіфавіч Пінчук з вёскі Сямігосцічы – быў і застанецца ў памяці сваіх унукаў і праўнукаў, а потым і іх дзяцей. Яны і паведамілі пра жыццёвы шлях свайго слаўнага продка.

Бывай, Марыя
Якім Пінчук нарадзіўся 27 лістапада 1907 года ў невялікай палескай вёсачцы на беразе ракі Прыпяць, якая потым карміла яго і сям’ю. Разам з жонкай Марыяй гадавалі дваіх дзяцей. Малодшаму Мішку было ўсяго два гадочкі, калі Якіму прыйшоў загад ісці служыць у польскую армію. Будучы пад акупацыяй, не было выбару ў маладога мужчыны. Толькі сказаў на развітанне засмучанай жонцы:
– Бывай, Марыя! Гадуй дзяцей, хутка вярнуся!
Не ведаў ён тады яшчэ, што доўгіх 13 гадоў не пабачыць сваю сям’ю…

З Польшчы ва Удмуртыю
Служба ў польскай арміі завяршылася ў 1939 годзе, калі 1 верасня пачалася Другая сусветная вайна. Як вядома, ужо праз тры тыдні немцамі была захоплена Варшава. А 17 верасня адбылася гістарычная падзея – аб’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі. Падпісаны пакт Молатава-Рыбентропа павінен быў даць гарантыі аб ненападзенні, але, як аказалася потым, гэта быў толькі адцягваючы манеўр. 22 чэрвеня 1941 года без аб’яўлення вайны фашысты напалі на СССР…
Ужо 23 чэрвеня па афіцыйных дакументах Уральскай ваеннай акругі Якім Пінчук быў мабілізаваны на Іжэўскі ваенны завод, на якім служыў прыстрэльшчыкам кулямётаў. Потым там сустрэў сваіх землякаў Іосіфа Бруцкага і Аляксея Ляшкевіча. Доўга абдымаўся ён з хлопцамі, усё цікавіўся, як родныя яго, як вёска. І разам яны сталі на абарону радзімы.

1-ая армія Войска Польскага Якім Пінчук тройчы прасіў камандаванне адправіць яго на фронт. З апошняга разу яго жаданне было задаволена. У маі 1943 года была створана 1-ая польская пяхотная дывізія імя Тадэвуша Касцюшкі, куды і трапіў мужчына. У яе набіралі салдат, якія служылі ў польскай арміі, ведалі мову і ваенны строй. Першы бой здарыўся 13-14 кастрычніка 1943 года пад Леніна Магілёўскай вобласці і быў часткай Аршанскай наступальнай аперацыі.


Тады ледзь жывы застаўся Якім, бо гэта была «сустрэча» з падрыхтаваным і бязлітасным праціўнікам. Шмат загінула таварышаў па службе. Гэта жудаснае відовішча назаўсёды змяніла мужчыну, навучыла не баяцца.


У сакавіку 1944 года польскія часці на тэрыторыі СССР былі разгорнуты ў 1-ую польскую армію. Паколькі 1-ая польская армія сутыкнулася з недахопам афіцэрскіх кадраў, яшчэ да адпраўкі на фронт Якім Пінчук скончыў камандзірскія курсы і атрымаў званне малодшага лейтэнанта.
У складзе 1-ай польскай арміі Якім Пінчук прымаў удзел ва Усходне-Памеранскай аперацыі. У выпісцы ад 23 красавіка 1945 года камандаваннем Чырвонай арміі была аб’яўлена падзяка 1-ай польскай арміі за вызваленне польскіх гарадоў Златоў, Ястрове, Гданьск, Гдыня, фарсіраванне ракі Одэр і прарыў нямецкай абароны на яе заходнім беразе.


Якім Пінчук прымаў удзел у баях і захопе цэнтра нямецкага імперыялізму – Берліна. Яго ўзнагароды гавораць самі за сябе – медаль «За ўзяцце Берліна», «За вызваленне Варшавы», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне». У 1985 годзе Якім Іосіфавіч Пінчук быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені.


Адзначаны ён і польскімі дзяржаўнымі ўзнагародамі – двойчы ордэнам «Крыж Адважных», медалём «Заслужаным на полі Славы». Таксама Якім Пінчук за доблесць у барацьбе з акупантамі, за свабоду і незалежнасць Польшчы, заслугі ў арганізацыі ўзброеных сіл, паспяховым правядзенні баявых аперацый быў узнагароджаны ордэнам «Крыж Грунвальда».


Пасля пераможнага мая 1945 года Якім Пінчук застаўся служыць у 1-ай польскай арміі, і яму, як вопытнаму афіцэру, неаднаразова прапаноўвалі застацца ў Польшчы, перавесці сваю сям’ю, прадастаўлялі жыллё. Але ж ці мог палескі юнак забыць сваю Прыпяць? Яго чакала сям’я, чакала вёска, чакала краіна.

Вяртанне на радзіму
– Прывітанне, сынок! Дзякуй табе, мой родны! – Якім паціснуў руку свайму ўжо 15-гадоваму сыну і прытуліў да сэрца.
І слёзы паліліся з блакітных вачэй у падлетка, які моцна сумаваў, сніў, што абавязкова сустрэча гэта адбудзецца. Хоць доўгі час не было звестак пра лёс роднага чалавека.
Маці з сястрой таксама верылі, што жывы іх муж і бацька, і часта пазіралі ў бок шляху – а раптам ідзе?
І гэтая сустрэча была напоўнена радасцю, што ўжо ўсё ў мінулым. Пачалося мірнае жыццё, да якога цяжка было звыкнуць. Успамінаў Якім Іосіфавіч, што доўгі час спаць не мог уначы.
– Толькі вочы заплюшчу, як быццам зноў на фронце, рыхтуемся да бою. А перад наступленнем заўсёды – цішыня. Чуваць, як салавей спявае. І мы спяваем, толькі ціха, напаўголасу. Любілі мы з таварышамі спяваць пра радзіму, пра каханую дзяўчыну… Песня давала нам сілы ісці на ворага. А яшчэ сяброўка надзейная – радлёўка, бо не акапаешся – смерць. Колькі людзей загінула… Украінцаў, рускіх, беларусаў, палякаў, літоўцаў. На фронце адна нацыянальнасць – салдат. І гэтая Перамога – адна на ўсіх!


З такімі словамі часта выступаў на мітынгах у гонар Дня Перамогі ветэран вайны Якім Іосіфавіч Пінчук.
Працаваў у калгасе, да скону свайго жыцця быў у добрай памяці, таму часта расказваў пра сваё баявое мінулае. Дачакаўся ўнукаў і праўнукаў, якія ашчадна захоўваюць памяць пра ветэрана. Памёр у 1989 годзе, пахаваны на роднай зямлі. Зямлі, якую абараняў ад ворага, рызыкуючы сваім жыццём.


Сёння мы маем шчасце жыць у сваёй прыгожай краіне і спакойна гадаваць дзяцей. Мы маем самае галоўнае – МІР, за які тады, у гады вайны, мільёны нашых землякоў загінулі.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота з архіва сям’і Пінчук

Предыдущая новость

Оставить комментарий

Похожие новости