НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
3/5 - (2 голоса)

Вайна… Якое страшнае гэтае слова. Ва ўсе часы яно асацыіруецца з болем, стратамі, смерцю…
Наш народ заплаціў дарагую цану за Перамогу ў Вялікай Айчыннай. За мірную і вольную будучыню змагаліся не толькі салдаты, але і старыя людзі, і дзеці. На роўных з мужчынамі ваявалі жанчыны. Кожны імкнуўся ўнесці свой уклад у хутчэйшую перамогу над ворагам, які здзекаваўся над мірным насельніцтвам і ваеннапалоннымі.


Фашысцкія захопнікі і іх прыспешнікі разбурылі, спалілі больш за 200 гарадоў, 9 200 вёсак, знішчылі 7 000 школ. Самае страшнае, што ахвярамі вайны ў Беларусі сталі каля трох мільёнаў чалавек. Але наш народ не адступіў перад ворагам, а знайшоў у сабе сілы супрацьстаяць фашысцкай агрэсіі. Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне – бессмяротны подзвіг народаў-пераможцаў. Мы, сённяшняе пакаленне, не маем права ў паўсядзённых клопатах, у радасных падзеях сучаснага жыцця забываць тых, хто даў нам магчымасць жыць у свабоднай краіне. Многія ўдзельнікі той вайны ахвяравалі ўласным жыццём, але адстаялі незалежнасць краіны, каб іх нашчадкі маглі спакойна вучыцца, працаваць і жыць.

З успамінаў жыхаркі аг. Рамель Паўліны Рыгораўны Сеген (у дзявоцтве – Мамайка):
– Родам я з Веляміч. Мае бацькі жылі ва ўрочышчы Борачкі. Сям’я была вялікая. Я – самая старэйшая. З самага дзяцінства вельмі многа працавала на зямлі. Дапамагала выхоўваць меншых сястрычак і братоў. Жылі не багата, але дружна.
Памятаю, што маёй маці прапанавалі пасаду ў сельскім савеце. Яна доўга не пагаджалася, але яе падкупіла тое, што дадуць за гэта цэлы мех пшаніцы.
Да вайны пазнаёмілася з прыгожым хлопцам – Васілём Сегенам, які пражываў на Мярлінскіх хутарах. Ажаніліся, і я пераехала жыць да яго бацькоў. У лютым 1939-га года нарадзіла сваю першую дачку Вольгу, а ў лютым 1941-га – сыночка Арцёма, якія ў дальнейшым выратуюць мне жыццё.


22 чэрвеня пачалася вайна… Вельмі добра памятаю гэты час. Мы жылі ў лесе, таму амаль кожны дзень нешта здаралася. Мае бацькі жылі ад мяне далёка, таму хадзіла пешшу на Борачкі вельмі рэдка. Потым аб гэтым усё жыццё шкадавала.
Лета 1942-га года для мяне – страшны сон… Ворагі забіралі на работу ў Германію сястрычку Надзею, таму я наведалася да сваіх бацькоў. Хацела з ёю пабачыцца, бо ніхто не ведаў, ці вернецца яна назад. Маці моцна плакала, але збірала неабходныя рэчы для дачкі. Я і падумаць не магла, што ў апошні раз бачыла не толькі Надзейку, але і ўсіх сваіх родных. Помню, што маці і бацька прасілі застацца начаваць мяне ў той дзень, але дома чакалі маленькія дзеці, за якімі прыглядала старэнькая і хворая маці майго мужа.


На другі дзень, увечары, прыбеглі да нас спалоханыя знаёмыя і перадалі мне, што ўсіх маіх родных фашысты расстралялі і спалілі ў хаце.
Калі я дабегла да родных Борачак, дык ад хаты і хлява ўжо нічога не засталося. У той момант маё жыццё раздзялілася на дзве часткі…
Да мяне падыходзілі суседзі, ціхенька абдымалі і плакалі разам са мною. Адны гаварылі, расстралялі за тое, што маці працавала на савецкую ўладу, другія – што бацька ноччу перавозіў праз раку партызанаў. Адзін са сведкаў гэтай трагедыі казаў мне, што спачатку вялі допыт бацькоў з прымяненнем сілы. А калі яны нічога не расказалі, пачалі здзекавацца з дзяцей, у якіх і паляцелі першыя кулі. Бацькі маўчалі…


Пазней мне паведамілі, што адзін з маіх братоў у той дзень пасвіў кароў і, пачуўшы стральбу, схаваўся да суседзяў у хлеў. Аднак гаспадар спалохаўся, што і яго сям’ю заб’юць, прывёў хлопца да ворагаў. Тыя ў сваю чаргу доўга не чакалі – упусцілі кулі і ў яго цела. Кінулі ў агонь. Сапраўды так было? Адзін Бог ведае.
Да вечара вялікай сям’і Мамайка не стала… Але ворагам гэтага здалося мала, таму аблілі хату нейкай вадкасцю і падпалілі.


Маці – Кацярына Францаўна, бацька – Рыгор Фёдаравіч, Надзея, Ганна, Вера, Валянціна, Аляксандр, Васіль і Вячаслаў знайшлі свой апошні прытулак ва ўрочышчы Борачкі.
На гэтым месцы старэйшая дачка з роднымі паставілі вялікі драўляны крыж, які і па сённяшні дзень наведваюць дзеці, унукі і праўнукі Паўліны Рыгораўны Сеген. Наводзяць парадак, прыносяць кветкі і абавязкова чытаюць малітву за непавінна забітых родных.


Паўліна Рыгораўна хоць і засталася без сям’і, знайшла сілы жыць далей. З мужам выхавалі восем дзяцей. Гадавалі і траіх дзяўчынак роднага брата мужа, які загінуў на вайне, а жонка памерла ад тыфу.
У 1962-м годзе Паўліна з мужам пераехалі з хутароў у Рамель, дзе пражылі да глыбокай старасці.
Вольга ГУСАК
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Гороскоп на 25 августа

Гороскоп на 25 августа

21 августа, 2025
Гороскоп 24 августа

Гороскоп 24 августа

21 августа, 2025
В Смоленской области запрещен ввоз из Беларуси более 4 тонн ягодной продукции.
Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости