Так, мне пашчасціла, што менавіта раённая газета «Навіны Палесся» стала справай майго жыцця.
Як кажуць, у пэўны момант у маім лёсе зоркі сышліся – і я прышла на работу ў рэдакцыю ў 1993 годзе на часовую пасаду, на падмену дэкрэтнага водпуску. Пасля ж часовае перайшло ў пастаяннае.
У рэдакцыі ўсё пранізана творчасцю, яна вітае нават у паветры. Таму што іншым чынам нельга патлумачыць, чаму ўсе супрацоўнікі, без выключэння, валодаюць пэўнымі здольнасцямі. Прыходзяць у рэдакцыю на пасаду тэхнічнага работніка, а праз год-другі можно смела ставіць ім задачу падрыхтаваць нейкі матэрыял у газету. Я не кажу ўжо пра тых, хто ў калектыве па тры дзясяткі гадоў! І напішуць, і звярстаюць, і вычытаюць, і параяць!
Менавіта так здарылася і са мною. Добра памятаю свой першы матэрыял – пра ўкараненне ў дзіцячым садку новых тэхналогій працы з наведвальнікамі. Валянціна Васільеўна Мірановіч, будучы тады галоўным рэдактарам, падтрымала мае пачынанні. Так усё і закруцілася. Хаця я ніколі і не думала пра шлях у журналістыку.
Трэба аддаць належнае рэдакцыйным мэтрам за навуку не толькі як стаць журналістам, але і наогул, як быць у той ці іншай жыццёвай сітуацыі.
Добра памятаю, як Валянціна Васільеўна Мірановіч казала калектыву, што газета – гэта наша карміцелька. Да яе трэба ставіцца з павагай і пашанай.
Фёдар Канстанцінавіч Шумко раіў як мага больш бываць «на раёне», сустракацца з людзьмі, гутарыць, унікаць у праблемы, не спяшацца рабіць вынікі.
Ганна Пятроўна Пашкавец канстатавала: «Калі вы палучылі дыплом, гэта не азначае, што вы ўжо журналісты. Вы карэспандэнты. Званне журналіста трэба заслужыць!»
Мне пашчасціла асабіста ведаць Міхаіла Сцяпанавіча Кучука і яго жонку Надзею Іванаўну, былога фотакарэспандэнта рэдакцыі Мікалая Кецьку, Веру Мацвееўну Очкіну, Веру Цімафееўну Палагута. Яны ўжо былі на заслужаным адпачынку, але прыходзілі ў рэдакцыю. Гэта не людзі, гэта – эпоха!
Вельмі шкада, што сёння ў нашых архівах толькі кропля з таго багацця фотаздымкаў, што рабілі ў свой час фотакоры «Навін Палесся». Але тыя, што ўсё ж засталіся, могуць павярнуць нас да крыніц знакавых падзей у жыцці роднай Століншчыны. Не здарма ж кажуць – што напісана пяром, не высячы сякерай.
Зараз разам з папяровай версіяй газеты ёсць і электронная. Навіны раёна прадстаўлены ў сацыяльных сетках, мессенджерах. Але ўсё ж наколькі прыемна трымаць у руках чарговы нумар газеты, які яшчэ пахне друкарскай фарбай. І казаць: «Вось і яшчэ адзін нумар стаў гісторыяй». І разумець, што ты маеш да гэтага дачыненне…
З павагай – галоўны рэдактар Алена КЛІМУШКА