НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

30 кастрычніка на сцэне Іванаўскага раённага цэнтра культуры і народных традыцый з насычанай канцэртнай праграмай выступіў заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны ансамбль народнай музыкі «Выцінанка» Столінскага раённага цэнтра культуры.
Крыху гісторыі
Ансамбль быў створаны пры Столінскім ГДК і працаваў пры народнай агітбрыгадзе «Вестуны» і народным ансамблі танца «Рэха».
Паступова калектыў павялічваўся, пашыраючы свае творчыя магчымасці. За высокае выканальніцкае майстэрства, актыўную канцэртна-гастрольную дзейнасць, уклад у развіццё і папулярызацыю нацыянальнага мастацтва ў 1992 годзе «Выцінанцы» было прысвоена званне «Народны», а ў 2004 годзе – «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь».
Рэпертуар калектыву будуецца на аснове мясцовага фальклору з яго нацыянальным каларытам і самабытнасцю жыхароў Століншчыны, адпавядае патрабаванням часу, пашырае яго тэматычныя, жанравыя і стылявыя межы.
Мастацкі кіраўнік ансамбля Пётр Астапчук у час фальклорных экспедыцый па раёне пераймае аўтэнтычнасць ігры, манеру выканання на розных музычных інструментах, улічвае асаблівасці музычнай мовы, характэрнай для дадзенай мясцовасці.
Артысты назапасілі значны танцавальны рэпертуар у апрацоўцы кіраўніка. Імі адноўлены абрады, якія бытавалі на Століншчыне. Пётр Астапчук з’яўляецца аўтарам песень на словы мясцовай паэтэсы Ларысы Вырко. Прыкметна і тое, што ансамбль выконвае і эстрадна-папулярную музыку.
Неаднаразова «Выцінанцы» даводзілася прадстаўляць Століншчыну на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных фестывалях і конкурсах. Калектыў мае вельмі многа ўзнагарод рознага ўзроўню.

На мове палешукоў
… «гаварылі» ўдзельнікі «Выцінанкі» ў час пацвярджэння звання «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь».
У час выступлення гучалі нашы мясцовыя кампазіцыі, якія выйшлі з народа, пранізаны культурай Столінскага краю. Артысты здзівілі гледачоў вянком вясновых абрадавых мелодый: вясновы карагод «Гарынская вяснянка», «Бухлічанскі вясновы карагод», адвержыцкі вясновы карагод «Канапелькі», асаўскія гармонікавыя найгрышы і інш. А якое на Палессі Купалле? Многагалосае, пявучае. Усё гэта артысты данеслі гледачам праз сваю творчасць. Яшчэ яны пазнаёмілі членаў журы і прысутных з мелодыямі, песнямі, найгрышамі, якія гучалі ў розных населеных пунктах раёна. Пётр Астапчук іх запісаў і апрацаваў.
Падтрымалі «Выцінанку» ўдзельнікі народнага ансамбля танца «Рэха» (кір. Алена Волкава). Яны выканалі беларускія народна-сцэнічныя танцы пад музычнае суправаджэнне самой «Выцінанкі».
Гледзячы на артыстаў, узнікала пачуццё гонару за нашу Століншчыну і яе таленавітых палешукоў.
Канцэртныя нумары суправаджаліся гучнымі воплескамі гледачоў. «Выцінанка» падцвердзіла сваё ганаровае званне.
Людміла
КАСПЯРОВІЧ
Фота аўтара

Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости