НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
3/5 - (2 голоса)

Летнія цёплыя вечары – найлепшы час для веласіпедных прагулак, чым я паспяхова карыстаюся. Тым больш дарогі ў вёсцы добраўпарадкаваныя, можна праехаць па кожнай вуліцы. І нават пыл, які з’яўляецца спадарожнікам спякотнага надвор’я, зусім не псуе ўражанне. У адрозненне ад сабак, якія сустракаюцца ледзь не на кожным кроку.
І добра, калі яны ў двары на ланцугу, на бяспечнай адлегласці ад дарогі. А вось калі яны свабодна бягуць за сваім гаспадаром, альбо выбягаюць прама пад ногі, то даводзіцца толькі спадзявацца, што яны добразычлівыя. На жаль, гэта не заўсёды так…

Неяк ехалі з пляменніцай па адной з вуліц, у якой дзве дачкі на веласіпедзе, у мяне – сын. Заўважылі гаспадароў на адной з лавачак, каля іх бегала сабака. Добра, падумалі, значыць, пад наглядам. Але ж гэтая сабака праз адну хвіліну аказваецца пад коламі веласіпеда і з выскалам спрабуе ўкусіць пляменніцу за ногу. Мы ледзь-ледзь пазбеглі сутыкнення і змаглі спыніцца. Спалохаліся не на жарт як мы, так і дзеці. На пытанне гаспадарам, чаму дапусцілі, што іх жывёла нападае на людзей, у адказ пачулі безліч мацерных слоў, маўляў, а няма чаго тут ездзіць і (увага!) іх сабака не кусаецца. Праз некаторы час ужо тая сабака вінавата стаяла, а гаспадар працягваў даказваць сваю правату. Зразумеўшы, што ён з тых людзей, з якімі не спрачаюцца, паехала далей. І такая сітуацыя, на жаль, не адзінкавая.


Сабакі суправаджаюць гаспадароў на матацыклах і веласіпедах, і кожны раз нервуешся, калі яны праязджаюць міма. Аднойчы давялося трапіць у сітуацыю, калі жывёлы пачалі «высвятляць адносіны» прама на вачах. А літаральна днямі мой сусед, сабака якога падбегла, з усмешкай адказаў: «Не бойся, гэта ж шчанятка пародзістае, яно так займаецца». Па-першае, я не кінолаг, каб разбірацца ва ўзросце і пародзе сабакі. А па-другое, мяне зусім не замілоўвае чужое непрывязанае шчанятка, якое так проста гуляе. А колькі такіх выпадкаў, калі гадаванцы потым нападаюць на сваіх жа гаспадароў.
Мяркую, такая сітуацыя знаёма жыхарам і іншых вёсак. Дык на якім баку праўда? Пачала цікавіцца ў надзейных крыніцах інфармацыі і адказ адназначны – гаспадар адказвае за сваю жывёлу на 100 працэнтаў. Згодна з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 834 ад 4 чэрвеня 2001 года «Аб зацвярджэнні Правілаў утрымання свойскіх сабак, катоў, а таксама адлову безнаглядных жывёл у населеных пунктах Рэспублікі Беларусь» з унесенымі ў яго змяненнямі і дапаўне-ннямі, гаспадар чатырохлапага сябра павінен выгульваць яго на кароткім павадку і ў намордніку, за выключэннем шчанят ва ўзросце да трох месяцаў і дэкаратыўных сабак ростам да 25 санты-метраў у карку, якіх можна выводзіць на павадку без намордніка. Забараняецца прыводзіць жывёл у магазіны, школы, дзіцячыя дашкольныя ўстановы, грамадскія будынкі, паркі, скверы, на рынкі і стадыёны. Сабак нельга выгульваць на прыдамавых тэрыторыях, у тым ліку на дзіцячых пляцоўках. Забараняецца непаўналетнім выгульваць сабак патэнцыяльна небяспечных парод.


За парушэнне правілаў утрымання свойскай жывёлы прадугледжана адміністра-цыйная адказнасць (арт. 15.47 КаАП Рэспублікі Беларусь). Санкцыя артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе папярэджання ці штрафу ў памеры ад 1 да 15 базавых велічыняў. Калі пры гэтым была прычынена шкода здароўю людзей або іх маёмасці, адказнасць больш сур’ёзная. У гэтым выпадку парушальніку можа пагражаць штраф ад 10 да 30 базавых велічыняў ці адміністрацыйны арышт.
Фармальна, парушаль-нікамі з’яўляюцца ўсе тыя гаспадары, чые жывёлы «не кусаюцца» і спакойна бегаюць па вуліцы. А тых, хто пазбаўляюцца ад былых гадаванцаў як ад непатрэбнай рэчы, у мяне ўвогуле не паварочваецца язык назваць людзьмі. Што ж рабіць у такой сітуацыі? Быць адказным за таго, каго прыручылі… Тады людзі і жывёлы будуць жыць у згодзе, і не патрэбны будуць ні штрафы, ні іншыя пакаранні.
З павагай –
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара і
Аляксандра НІКІФАРЭНКІ

Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости