НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Кнігі беларускіх класікаў, тамы твораў сучасных паэтаў і пісьменнікаў, радкі, якія выйшлі з-пад пяра тварцоў Століншчыны…

Кніжныя стэлажы бібліятэкі Белавушскай сярэдняй школы напоўнены мастацкай літаратурай па школьнай праграме і не толькі. На перапынках, перад пачаткам урокаў, тут прыкметна ажыўленая абстаноўка: дзеці і падлеткі заходзяць, каб узяць патрэбную кнігу, спытаць, ці паступіла штосьцi новае, пагартаць старонкі любімых часопісаў… І хаця лідзіруючыя пазіцыі ў наш час займаюць інтэрнэт і смартфоны, прыхільнікі друкаванага слова і тыя, хто цэняць і захапляюцца літаратурай, былі і ёсць.
– На жаль, той час, калі кніга была ў вялікай пашане, мінуў, – дзеліцца бібліятэкар Дзіяна Пачка. – Але гэта не нагода не прыкладваць ніякіх намаганняў для таго, каб выклікаць зацікаўленасць у дзяцей. Школьнікам цікава, калі ў творах яны чытаюць пра адносіны паміж людзьмі, рамантычныя гісторыі. Захапляе літаратура, у якой расказваецца пра падзеі нашага часу і нашай мясцовасці. Напрыклад, вялікую цікавасць у навучэнцаў выклікалі «Давыд-Гарадоцкія каноны» Георгія Марчука. Школьнікі дзяліліся, што ў гэтым творы яны знаходзілі апісанне з’яў, якія вельмі блізкія да сучаснасці.
Дзіяна Пачка працуе бібліятэкарам у Белавушскай СШ амаль 15 гадоў. Атрымала адукацыю ў Пінскім педагагічным каледжы па спецыяльнасці «Настаўнік пачатковых класаў», потым – у Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А. С. Пушкіна. Так атрымалася, што на момант уладкавання на працу свабоднага месца настаўніка не было. Прапанавалі пасаду бібліятэкара, а Дзіяна Яўгеньеўна згадзілася. З прыроджанай адказнасцю і спрытам узялася за работу.
– Не ўсё выходзіла добра адразу, – кажа бібліятэкар. – Але з часам пазнаёмілася з абавязкамі, увайшла ў курс справы. Мне пашчасціла, што педагогам-арганізатарам у нашай установе стала працаваць Вольга Уцякалка. Разам генерыравалі ідэі, арганізоўвалі мерапрыемствы. Калі адчуваеш падтрымку і ўзаемадапамогу, становіцца лягчэй у многіх пытаннях. Да таго ж, вельмі люблю дзяцей, іх адметны погляд на навакольныя рэчы, з’явы і падзеі. Часам адбываецца насамрэч нейкая дробная падзея ў свеце ці ў краіне, а школьнік пераступае парог бібліятэкі і пачынае дзяліцца сваімі думкамі. Я, у сваю чаргу, уважліва слухаю і стараюся парэкамендаваць літаратуру на гэтую тэму.
Як бібліятэкар прыцягвае ўвагу навучэнцаў школы да кніг? Да мерапрыемстваў і дзяржаўных святаў ладзіць займальныя і змястоўныя выстаўкі. Побач з работамі размяшчае штрых-коды з інфармацыяй па тэме, каб школьнікі змаглі даведацца больш фактаў. А яшчэ Дзіяна Яўгеньеўна папрасіла мужа зрабіць невялікі столік, які ставіць на калідоры ці ў холе ўстановы адукацыі. Размяшчае на ім зборнікі апавяданняў сучасных аўтараў, перыёдыку, літаратуру па школьнай праграме і інш. У вольную хвіліну школьнікі падыходзяць да стала, знаёмяцца з асартыментам, тое, што падабаецца, бяруць дахаты.
– Узгадваецца паказальны выпадак, – дзеліцца бібліятэкар. – Аднойчы навучэнцам старшых класаў сказалі прачытаць аповесць Алеся Бадака «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца». У наяўнасці ў бібліятэцы твора не аказалася. Знайшла яго ў інтэрнэце. Падлеткаў ён настолькі захапіў, што прыходзілі і прасілі даць спасылку на поўны тэкст твора. Мяркую, ён прыйшоўся даспадобы маладому пакаленню, паколькі ў паводзінах герояў яны ўбачылі сябе, а таксама праблему «бацькоў і дзяцей» у сучасным кантэксце.
Калі ж гаварыць пра класічныя творы, якія часцей захапляюць школьнікаў, то гэта «Роднае карэнне» Максіма Гарэцкага, «Сэрца на далоні» Івана Шамякіна, «Новая зямля» Якуба Коласа. Менавіта гэтыя гісторыі адгукваюцца юным чытачам, жыццёвыя перэпетыі галоўных герояў выклікаюць пачуццё суперажывання.
Дзіяна Яўгеньеўна марыць, каб «жыхары» яе бібліятэкі – пухлыя тамы вершаў, казак, апавяданняў – не сумавалі на паліцах, а разляталіся, як гарачыя піражкі сярод навучэнцаў школы і вучылі іх думаць і аналізаваць, пашыралі іх кругазор. Бібліятэкар жадае бачыць цяперашніх школьнікаў мэтанакіраванымі, усвядомлена выбіраючымі свой прафесійны шлях. Яна лічыць, калі хлопцы і дзяўчаты будуць загадзя вызначацца з прафесіяй, свядома і ўпэунена рыхтавацца да паступлення, то і працаваць будуць з поўнай аддачай.
Святлана МАРОЗ
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Вы никому там не нужны!
Дапамагае ўсмешка

Дапамагае ўсмешка

22 ноября, 2024
«СТО линий», «СТОЛИН ий», «столинСКий»?
Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости