«Як жа прыгожа спяваў на богаслужэнні юнак з Альшан! Душу кранаў яго дзівосны голас». «У царкоўным хоры царквы аграгарадка Альшаны ёсць хлопец, ад песнапення якога трымціць сэрца і слёзы радасці з’яўляюцца на вачах», – расказвалі знаёмыя пра Кірыла Лемязу.
І яшчэ многа ўзнёслых водгукаў чула пра юнака ад людзей рознага ўзросту.
Літаральна днямі стала вядома, што Кірыл стаў семінарыстам Мінскай духоўнай семінарыі імя ўсяленскіх настаўнікаў і свяціцеляў Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова і Іаана Залатавуста, якая знаходзіцца ў Жыровічах. Павіншавала з гэтай падзеяй, да якой ён свядома ішоў на працягу доўгага часу.
Гэта вельмі незвычайны выбар у сучасны час, калі ўсе жадаюць быць блогерамі, альбо, у лепшым выпадку, IT-спецыялістамі. І вось хлопец, які толькі скончыў СШ № 1 аг. Альшаны, збіраецца ісці зусім па другім – духоўным – шляху.
– Кірыл, падзяліся, калі ласка, чаму выбраў такі шлях?
– Бо без веры мы ніхто. Толькі тады чалавек жыве, калі ён верыць у Бога. Яшчэ з маленства разам з бабулямі Аляксандрай і Верай наведваў царкву і адчуваў сябе там, быццам дома. Калі крыху падрос, настаяцель царквы Іаан Гарбуноў назначыў мяне быць яго памочнікам. Памятаю, як ён сказаў: «Сёння ты ідзеш у алтар». І з таго часу я быў амаль на ўсіх службах, хіба толькі як хварэў, прапускаў. Яшчэ праз некаторы час стаў спяваць у царкоўным хоры. І з кожным днём усё больш і больш разумеў, што гэта маё, тым больш бацькі заўсёды падтрымлівалі. Вось і зараз маці за мяне хвалявалася, пакуль здаваў экзамены ў семінарыі.
– Раскажы, а як яны праходзілі? Ці былі сумненні?
– Сумненняў не было, гэта дакладна. Ішоў з вялікай упэўненасцю, тым больш што раней прыязджаў сюды на біблейскія курсы і ўжо меў паняцце пра месца, дзе хачу вучыцца. Хіба толькі ў школе непрацяглы час думаў стаць выратавальнікам альбо аграномам, але ў старэйшых класах вызначыўся канчаткова. І пачаў рыхтавацца, бо экзамены ў семінарыі такія ж складаныя, як і ў любой другой навучальнай установе. Першая частка – гэта сачыненне на адну з трох тэм. Я выбраў «Цуды Госпада Ісуса Хрыста», больш знаёмую мне. Другі этап складаўся з вуснага комплекснага іспыту па біблейскай гісторыі Старога і Новага Запавету, катэхізісу, царкоўнай гісторыі. Таксама патрэбна было ведаць царкоўны статут, малітвы, псалмы на памяць, валодаць чытаннем на царкоўнаславянскай мове. Прымалі экзамены рэктар і прарэктар семінарыі, а апошні – спевы – пратадыякан Андрэй Скробат. Паколькі ў музычнай школе я не вучыўся, то ноты успрымаў на слых. Пасля іспыту ён падтрымаў мяне. Шчыра прызнаюся, бы на крылах паляцеў ад радасці, бо пратадыякан Андрэй – прафесіянал у сваёй справе. Праўда, ён здзіўляўся, што са Століншчыны прыйшоў паступаць юнак з прозвішчам Лемяза, часцей Пашкевіч, Ляшкевіч. Потым пацікавіўся і даведаўся, што з Альшан за ўвесь час я чацвёрты чалавек, які выбраў стаць праваслаўным святаром.
– Кірыл, а ты хвалюешся, калі прымаеш удзел у богаслужэннях у іншых храмах?
– Канечне, там жа прыхаджане, якія мяне не ведаюць. І калі бачу, як людзі пачынаюць узносіць малітву разам са мной, разумею, што ўсё добра. Быў на службах у Рублі, Вялікім Малешаве, Рамлі, Сямігосцічах, Давыд-Гарадку, Велямічах, Лутках. Вельмі хваляваўся пры сустрэчы мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Веніяміна, калі ён прыязджаў на прастольнае свята ў Велямічы. Але я ведаю сакрэт, якім магу падзяліцца з усімі: памаліцеся, калі перажываеце, можна сваімі словамі, і адразу стане лягчэй. На жаль, зараз да Бога людзі звяртаюцца толькі тады, калі што здарылася, напаткала бяда ці хвароба. А ён жа заўсёды побач, галоўнае – верыць. У дзень майго святога Кірыла Тураўскага 11 мая езджу ў г. Тураў на богаслужэнне да Паклоннага крыжа на Замкавай гары. Заўважаю, што людзей з кожным годам становіцца больш, значыць, перамагае вера!
Мяне радуе, што сярод сучаснай моладзі ёсць такія юнакі, як Кірыл Лемяза. Духоўна ўзбагачаныя, якія нясуць святло.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара