НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
5/5 - (2 голоса)

Якім павінен быць настаўнік? Упэўнена, што вучні Сямігосціцкай сярэдняй школы ў адзін голас адкажуць: «Як настаўнік беларускай мовы і літаратуры Яніна Арлянін». Яніна Фёдараўна – прыклад адданасці сваёй прафесіі.
– Добра быць у дарозе, якую сам сабе выбіраеш, – цытуе беларускага класіка Якуба Коласа мая суразмоўца. – Мне пашанцавала знайсці сваю дарогу з першага разу. Менавіта пашанцавала, бо на работу іду з радасцю, а гэта ў нашым хуткаплынным жыцці вельмі шмат значыць.
Дзе нарадзіўся –
там і згадзіўся
Спяшаецца настаўнічаць Яніна Фёдараўна ў тую ж школу, дзе вучылася сама.
Скончыла яе ў 2000-ым годзе з залатым медалём, таму хваляванняў наконт паступлення не было. Дзяўчына разумела, што веды трэба ёй, а не настаўнікам ці бацькам. Добра даваліся ўсе прадметы, але перавагу Яніна аддавала мовам.
Паступіла ў Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. Куляшова на філалагічны факультэт, на якім атрымлівала адразу дзве раўназначныя спецыяльнасці: настаўнік рускай мовы і літаратуры, настаўнік беларускай мовы і літаратуры.
Да студэнтаў патрабаванні былі высокія, але дзяўчыну гэта зусім не засмучала.
Заўсёды прагная да ведаў, рыхтавалася нават ноччу. Яніна адказная і пунктуальная. Ёй хапіла часу не толькі на студэнцкае, але і на культурнае жыццё. Хутка пазнаёмілася з Магілёвам.
Пасля заканчэння ўніверсітэта вярнулася ў родную вёску.
– Я вельмі люблю Сямігосцічы, бо тут мае родныя, маё дзяцінства, мая душа, – кажа яна. – Вельмі хачу, каб вёска развівалася. Не разумею людзей, якія цураюцца роднага куточка.
Кнігі – лепшыя настаўнікі
Яніна Фёдараўна мае шмат узнагарод з розных конкурсаў і мерапрыемстваў. Вучні пад яе кіраўніцтвам даследавалі назвы ўрочышчаў у ваколіцах вёскі, ставілі тэатралізаваныя пастаноўкі, пісалі вершы і творы розных жанраў, займалі першыя месцы па прадметных алімпіядах. Яніна Арлянін за шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме адукацыі і дасягнутыя поспехі ў выхаванні падрастаючага пакалення атрымала Ганаровую грамату Брэсцкага аблвыканкама. Але найважнейшым сваім абавязкам лічыць зацікавіць сучасных, тэхнічна падкаваных дзяцей сваім прадметам.
– Можа вас здзіўлю, але імкнуся, каб на ўроках беларускай літаратуры дзеці не адказвалі, а… размаўлялі, – дзеліцца Яніна Фёдараўна. – Каб яны смела разважалі, выказвалі свае думкі, аналізавалі. Творы пісьменнікаў і паэтаў – гэта ўжо самі па сабе настаўнікі. Яны вучаць нас быць справядлівымі, спагадлівымі, добрымі, цікаўнымі, адказнымі. Кожны аўтар і кожная кніга – гэта духоўнае ўзбагачэнне. Вучням старэйшых класаў абавязкова раю прачытаць «Людзі на балоце» Івана Мележа, бо падзеі, апісаныя ў гэтым рамане, адбываюцца на Палессі. Тэма вайны – гэта, безумоўна, Васіль Быкаў. Гісторыя асабліва раскрываецца ў творах Уладзіміра Караткевіча. Жыццёвая мудрасць добра падаецца ў зборніку Якуба Коласа «Казкі жыцця» або ў апавяданнях Змітрака Бядулі. Вельмі цікавы раман пісьменніка-земляка Георгія Марчука «Крык на хутары» .
Што тычыцца адзнак, то «двойкі» – рэдкія госці на ўроках Яніны Фёдараўны. Упэўнена, што кожнага вучня спачатку трэба зразумець, пацікавіцца, што яму перашкаджае, пагаварыць, калі трэба. Нездарма ж ва ўніверсітэтах усе будучыя настаўнікі працяглы час вывучаюць псіхалогію. Дрэнную адзнаку паставіць лёгка, а вось даверлівыя адносіны з вучнем цяжка вярнуць. Лічу, што пахвала – больш дзейсны сродак выхавання, чым крытыка.

Усё пачынаецца з сям’і
Яніна Фёдараўна адзначае, што вялікую ролю ў прафесійным станаўленні адыгрывае мікраклімат у сям’і. З самага дзяцінства бацькі разумелі важнасць і неабходнасць адукацыі, таму школа – гэта было святое. Дарэчы, бацька Фёдар Міхайлавіч працаваў настаўнікам фізічнага выхавання ў гэтай жа школе, і ўменне знайсці агульную мову абсалютна з любым вучнем перадалося менавіта ад яго.
Яніна Фёдараўна шчаслівая ў шлюбе, мае двух сыноў. Муж Аляксандр шмат гадоў працуе на хлебаробнай ніве, ён – адзін з лепшых механізатараў мясцовай гаспадаркі. Заўжды падтрымлівае жонку.
Старэйшы сын Дзмітрый вучыцца на трэцім курсе Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, хоча стаць педыятрам. У гэтую ж установу плануе паступаць і малодшы сын Павел, які зараз мэтанакіравана рыхтуецца да іспытаў.
– Мае дзеці таксама рабілі выбар самастойна, – кажа мая суразмоўца. – Давер – гэта лепшы спосаб выхавання.
Лічу, што самае важнае ў сучасным жыцці – гэта мірнае неба і спакой на нашай Зямлі, каб усе былі здаровымі. Тады будзе і шчасце, і жаданне працаваць, і асалода ад жыцця.
У вольны час Яніна Фёдараўна любіць наводзіць хараство на прысядзібным участку, чытаць кнігі і бавіць час з сям’ёю. А яшчэ яна піша вершы, так мовіць, для сябе. Гэты талент адкрыла на першым курсе, калі
патрэбна было хутка напісаць верш, які стварыла за ноч і прысвяціла, канешне, роднай вёсцы.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Гороскоп на 20 октября
Гороскоп на 19 октября
Гороскоп на 18 октября
Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости