НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Яскравым, цікавым і запамінальным было святкаванне Дня вёскі ў Лутках. І хоць гэта маленькі палескі куточак з насельніцтвам усяго 306 жыхароў, але затое ён з вялікай душой.
Юр’еўскі карагод
Па традыцыі 6 мая на Юр’я хадзілі «праведваць» палі з азімымі, неслі туды выпечаны напярэдадні хлеб, клалі яго на зямлю і правяралі рост азімых. Калі каравай хаваўся ў жыце, то ўраджай павінен быць добрым.


Колькі дакладна гадоў Юр’еўскаму карагоду – невядома. Але, як расказалі мясцовыя жанчыны, яшчэ іх прабабулі пры цары вадзілі Юр’еўскі карагод. Пазней мясцовы пан Маркуцкі прасіў адразу пасля службы ў царкве ісці на яго палі, каб памаліцца за добры ўраджай. І ў ваенныя гады праводзілі гэты абрад, і нават тады, калі рэлігія была пад забаронай. І што самае галоўнае – Юр’еўскі карагод водзяць дагэтуль! Толькі зараз ідуць на палі мясцовай гаспадаркі «Кароцічы». Аўтэнтычнымі з’яўляюцца і строі жанчын. Некаторым спадніцам больш за 100 гадоў, прычым яны ў выдатным стане. Камізэлькі і сукенкі таксама перайшлі ў спадчыну ад маці і бабуль.
Кацярына Леська – галоўная ў гэтай кагорце – нагадала прысутным пра гісторыю і сэнс гэтага абраду. Таксама вадзілі Юр’еўскі карагод Марыя Клімовіч, Ганна Дарошка, Ніна Сцямпкоўская, Ева Сцямпкоўская, Ларыса Леська, Феадосія Кудласевіч, Марыя Кулік, Валерый Леська, а каравай трымаў хлапчук Іван Леська.
Павіншаваў са святамі настаяцель храма святых бяссрэбранікаў Касмы і Даміяна пратаіерэй Уладзімір.

Сэрца вёскі – людзі
Прывітала жыхароў і гасцей старшыня Вялікамалешаўскага сельскага выканаўчага камітэта Таццяна Васюхневіч:
– Луткі – вёска са сваім непаўторным каларытам, самабытная, прыгожая, у якой жывуць працавітыя людзі. Жадаю вам атрымаць асалоду ад святкавання і радасці ў вашых дамах.
Далучыўся да слоў старшыні сельвыканкама і дырэктар ААТ «Кароцічы» Васіль Кудласевіч. Ён падкрэсліў, што ў вёскі ёсць будучыня, таму ў яго задачах, як кіраўніка, ствараць больш працоўных месцаў.
Па традыцыі запрашалі на сцэну тых вяскоўцаў, якія былі адзначаны ў некалькіх намінацыях.
85 гадоў споўнілася Праскоўі Клімовіч, якая з’яўляецца доўгажыхаркай вёскі.
А вось новымі жыхарамі сталі Эмілія Санец, Серафім Паўленка, Ева Халімончык, Дзмітрый Несцярчук, бацькі якіх таксама былі запрошаны для віншаванняў і ўручэння падарункаў.


Шматдзетнымі бацькамі з’яўляюцца Віталь і Ганна Комар, якія выхоўваюць шасцёра дзяцей. Пяцёра дзяцей у Юрыя і Анастасіі Леськаў.
Вялікае шчасце знайсці свайго чалавека і крочыць з ім поруч у каханні і згодзе. Вось як Фёдар і Марыя Клімовічы, якія разам 55 гадоў. Залатое вяселле сёлета адсвяткавалі Адам і Хрысціна Клімовічы, Васіль і Анастасія Леські.
25 гадоў споўнілася сем’ям Васіля і Веры Халімончыкаў, Віталя і Ганны Комар. А вось самая маладая сям’я – Дзмітрыя і Анастасіі Леська.
Многія жыхары адзначылі ў гэтым годзе юбілеі, і яны таксама атрымалі сімвалічныя падарункі.
У час мерапрыемства павіншавалі ўраджэнца Лутак Дзмітрыя Дарошку, які нядаўна вярнуўся пасля службы ў арміі.
Гонарам вёскі з’яўляюцца і паспяховыя вучні. Аліна Халімончык набрала 100 балаў па біялогіі, а Наталля Клімовіч заняла другое месца ў рэспубліканскім конкурсе даследчых работ.
Добрага гаспадара відаць па яго сядзібе. Прыгажэйшай робяць вёску Валерый і Марыя Леські, Сяргей і Марыя Сцямпкоўскія, Васіль і Наталля Дарошкі, Адам і Хрысціна Клімовічы, Валерый і Ала Леські.
Якасцямі сапраўднага чалавека з’яўляюцца неабыякавасць і гатоўнасць дапамагчы. Імі валодаюць стараста вёскі Алена Васілевіч, Хрысціна Клімовіч, Сцяпан Леська, Кацярына Леська, Аркадзь Клаўшын, Іван Андрэевіч Леська, Іван Афанасьевіч Леська, Наталля Карпцова.
Адзначаны былі і самыя верныя сябры газеты «Навіны Палесся», якія даведваюцца пра жыццё раёна з яе старонак. Гэта Аляксей Комар, Кацярына Халімончык, Юрый Кавалец, Надзея Леська, Сцяпан Клімовіч, Ніна Сцямпкоўская, Сцяпан Леська.

Якое ж свята
без забаў і песен?
Для кожнага ўзросту былі свае забавы. Дзеці цягнулі бацькоў у бок паветранай горкі, батутаў і салодкай ваты. Можна было набыць і сувенір, і цацкі, а таксама вырабы мясцовых майстроў. Паколькі Юр’еў дзень супаў з Вялікаднем, гаспадыні прынеслі на свята пірагі, якімі частавалі гасцей.
Калі ўсе падарункі былі ўручаны, надышоў час пажартаваць з гасцямі. Дзякуючы конкурсам, вызначылі ўладальніцу самай вузкай таліі і наадварот, туфляў з найвышэйшымі абцасамі, а таксама ўладальніка самага большага памеру нагі.
Апладысменты гучалі ў час канцэртнай праграмы. З нумарамі выступілі народны фальклорны калектыў «Каліна» Кароціцкага сельскага клуба і яго салістка Валянціна Сямейка. Маладое пакаленне – Ганна Яцушкевіч, Мар’ям Мамедава, Максім Наскевіч, Міхаіл Мікуліч таксама парадавалі сваёй творчасцю. Вядучая Марына Дубейка спецыяльна на свята роднай вёскі прыехала з сям’ёй з Жыткавіч, да таго ж падарыла некалькі песен.

Удзячны вяскоўцы артыстам са Століна – народнаму фальклорнаму калектыву «Верасень» і народнай вакальнай групе «Ярок».
Панавала цудоўная атмасфера, адчувалася яднанне людзей, іх гонар за родны куток. Няхай жыве і квітнее вёсачка Луткі!
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Победная Пасха

Победная Пасха

18 апреля, 2025
«Всецарица» прибудет на Столинщину
Одна жизнь – один шанс
Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости