14 кастрычніка вёска Стахава адзначыла сваё 520-годдзе святочнай праграмай да Дня вёскі і віншаваннямі дарагіх гасцей, якіх сустракалі хлебам-соллю. Для многіх гэта была магчымасць сустрэцца з суседзямі, знаёмымі, сябрамі, разам з аднавяскоўцамі парадавацца гэтаму святочнаму дню.
З віншаваннямі выступіў старшыня Плотніцкага сельсавета Андрэй Мазан, які ад шчырага сэрца пажадаў прысутным моцнага здароўя, мірнага неба і шчаслівага жыцця на роднай зямлі, а вёсцы – толькі прыгажэць і выхоўваць годных выхадцаў, якія славяць наш край.
Родная вёска… Гэта зямля нашых продкаў, наша зямля і нашых нашчадкаў. У пісьмовых крыніцах Стахава ўпершыню ўпамінаецца ў 1503 годзе. У 17-18 стагоддзях сяло Стахава належала шляхцічам Вярэнічам. Акрамя іх тут жылі Бут-Гусаімы, Вабішчэвічы, Гарагляды, Дубойскія, Качаноўскія, Некрашэвічы, Шыдлоўскія, Шпакоўскія.
Вайна пакінула свой крывавы след на кожным пакаленні мясцовых жыхароў, у кожную сям’ю прыйшло гора. Прысутныя ўшанавалі памяць жыхароў вёскі – тых, хто не вярнуўся з вайны, хто не дажыў да гэтага дня, – хвілінай маўчання, а таксама ўсклалі кветкі да помніка аднавяскоўцам.
Ва ўсе часы галоўным багаццем вёскі з’яўляліся людзі. Перш-наперш – гэта людзі працы, якія шчыравалі і шчыруюць у гаспадарцы. Кіраўнік КСУП «Прыпяць-2009» Рыгор Курган павіншаваў ветэранаў і працаўнікоў сельскай гаспадаркі са святам вёскі і ўшанаваў лепшых работнікаў.
Носьбітам гісторыі, старажылам населенага пункта з’яўляецца Фёкла Фёдараўна Качаноўская, якой споўнілася 99 гадоў. Ганаровай жыхарцы Стахава адрасавалі гучныя апладысменты і каштоўны падарунак з пажаданнямі здароўя яшчэ на доўгія гады.
Самы маленькі жыхар Стахава – Арцём Шпакоўскі. На адрас бацькоў – Таццяны Сяргееўны і Васіля Міхайлавіча – прагучалі шчырыя віншаванні з нараджэннем сына.
Міхаіл Сільвестравіч і Лізавета Савічна Вярэнічы адзначылі брыльянтавае вяселле. Таксама 60 гадоў разам крочаць па жыцці Сцяпан Максімавіч і Вера Феадосьеўна Вярэнічы. Сярэбранае вяселле, 25 сумесна пражытых гадоў, справілі Міхаіл Андрэевіч і Алена Сяргееўна Вярэнічы.
Самыя найлепшыя пажаданні прагучалі на адрас мнагадзетных маці: Вольгі Яроцкай, Марыі Вярэніч, Валянціны Яроцкай, Людмілы Апанасовіч, Таццяны Вабішчэвіч, Анастасіі Вярэніч.
На святочную сцэну запрасілі маці, якія выхоўваюць траіх і болей непаўналетніх дзяцей, – Дар’ю Вярэніч, Галіну Шпакоўскую, Ларысу Вярэніч, Ірыну Галушка. Са святам іх павіншаваў Андрэй Мазан і з падзякай за іх подзвіг мацярынства ўручыў падарункі.
З прывітальным словам выступіла дырэктар Стахаўскай СШ Алена Скрабец, словы якой закранулі кожнага. Яна падкрэсліла ролю школы ў жыцці вёскі і выхаванні годных землякоў, што не забываюць пра родны край. Прагучала падзяка не толькі настаўнікам, але і ўсім таленавітым і добрым людзям, якія сваёй сумленнай працай праслаўляюць Стахава, – работнікам гандлю, ФАПа, аддзялення паштовай сувязі, сацыяльным работнікам, работнікам культуры.
Згадалі і пра ролю ракі Прыпяць у станаўленні і развіцці вёскі. Яна карміла і служыла шляхам зносін, давала і дае работу, дадатковы заработак. Многія стахаўцы і жыхары навакольных вёсак будавалі ў 1953 годзе шлюз. На працягу многіх гадоў работай гідравузла № 12 Днепра-Бугскага прадпрыемства водных шляхоў кіруе Мікалай Некрашэвіч.
Вельмі прыемна бачыць, як упрыгожваюць вяскоўцы свае падворкі. Самыя прыгожыя і добраўпарадкаваныя з іх у дбайных гаспадароў – Валянціны і Міхаіла Вабішчэвічаў, Фёдара і Марыі Гараглядаў, якія атрымалі не толькі падзяку за плённую працу, але і памятныя падарункі ад сельвыканкама.
Стахава славіцца народнымі ўмельцамі, вырабы якіх былі прадстаўлены на выстаўцы народнай творчасці, а таксама таленавітымі людзьмі. З музычнымі падарункамі выступілі артысты – Васіль Булыга, Леанід Вярэніч, Ірына Калодзіч, Ірына Скрабец, Наталля Булыга, Антон Скрабец, дзіцячы вакальны ансамбль, Стахаўскія музыкі, жаноцкі вакальны калектыў, калектывы аматарскай творчасці Плотніцкага, Асаўскога, Рухчанскага СДК.
Работнікі Стахаўскага СДК выказваюць падзяку за дапамогу ў арганізацыі і правядзенні свята вёскі Плотніцкаму сельсавету і калектыву КСУП «Прыпяць-2009».
Людміла КАСПЯРОВІЧ