НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
5/5 - (1 голос)

З даўніх часоў прафесія каваля карысталася вялікай павагай, што зусім не дзіўна, ад яго майстэрства залежала жыццё вяскоўцаў. Добры каваль быў на вагу золата, таму яго ведалі ўсе ў ваколіцы. З цягам часу з развіццём тэхналогій жалеза пачалі апрацоўваць машыны, а сама прафесія паступова страціла сваю значнасць, але не згубілася.

У доказ чаго хачу пазнаёміць чытачоў з сучасным кавалём – Іванам Крупкевічам з аграгарадка Альшаны, які паспяхова працягвае займацца рамяством нашых продкаў. Шчыра прызнаюся, захапляюся, калі чалавек сваімі рукамі творыць прыгажосць.
– Іван, адкуль да цябе прыйшло жаданне займацца кавальскім рамяством? Можа перадалося ў спадчыну?
– Не, я першы ў сям’і, хто пасябраваў з жалезам. Ды і магу сказаць, што сяброўства гэтае не адразу заладзілася. Пасля школы, якую скончыў у 2007 годзе, хацеў паступаць на юрыста. Тады была гэтая прафесія вельмі модная, але разам з тым не надта запатрабаваная. Вось і вырашыў паступаць у Столінскае тады яшчэ прафесійна-тэхнічнае вучылішча на спецыяльнасць зваршчыка. І толькі там зразумеў, што мне падабаецца праводзіць час у кузні. Усе ідуць, каб проста атрымаць залік, а мне цікава. Потым была служба ў арміі, якую нёс у радыётэхнічных войсках. І мне нават прапаноўвалі застацца. Але я не бачыў сябе ваенным чалавекам, таму адмовіўся.
Пасля арміі вярнуўся ў Альшаны і пачаў думаць, чым жа мне заняцца. І ведаеце, дзе думаў? У гаражы, які першапачаткова выконваў ролю кузні. Памятаю, тады рабіў сваю першую лаўку. Прызнаюся, доўга рабіў і многа жалеза сапсаваў. Так мовіць, вучыўся на ўласным вопыце. Многае не атрымлівалася, але лаўку я ўсё ж закончыў. Яна падарункам была, грошай за яе не зарабіў. Але канчаткова вызначыўся чым хачу займацца далей.
– Іван, а як ты сабе рабіў рэкламу?
– Абсалютна не рабіў, і зараз яна мне не патрэбна. Хутчэй за мяне гэтую задачу выконвалі мае вырабы, якія паступова пачалі з’яўляцца ў дварах і дамах не толькі жыхароў Альшан, а і іншых населеных пунктаў. Людзі тэлефанавалі, і я з ахвотай ехаў глядзець, што яны хочуць. І кожны раз мне было самому цікава, а ці змагу зрабіць тое ці тое? Такі своеасаблівы выклік самому сабе рабіў. Калі мы вызначаліся з памерамі, матэрыяламі, коштам, я пачынаў маляваць гатовы выраб у сваёй галаве. І за работу! Не ўтойваю, не ўсё адразу выходзіла, таму даволі часта начамі працаваў і не адчуваў стомы. Мне хацелася пабачыць вынік. Паступова набыў усе неабходныя прыстасаванні і станкі, якія дорага каштавалі. Але затое ў мяне пашырыўся асартымент.
– А былі такія выпадкі, калі чалавек заставаўся незадаволены?
– Адзін ці два разы было, але ў мяне атрымлівалася даказаць, што зрабіў усё, як дамаўляліся. Не сакрэт, што людзі розныя бываюць, толькі я ніколі не буду спрачацца, калі не ўпэўнены ў сваёй праваце. А вось калі ведаю, што праўда за мной, то абавязкова дакажу. А зараз дык увогуле няма праблем, бо ў інтэрнэце можна знайсці падобны выраб і ўзгадніць усе нюансы.
– Маючы столькі замоў, пэўна, і памочнікаў у цябе многа?
– Наадварот, працую адзін у сваёй кузні і ў яе дапускаю лічаных людзей. Гэта мая крэпасць. Проста, я цалкам нясу адказнасць за свой выраб ды і звык каваць самастойна, калі ніхто не гаворыць і не перашкаджае. Толькі калі ўстаноўка складаная, то звяртаюся за дапамогай да сяброў. Дагэтуль не было нараканняў і, спадзяюся, не будзе.
У Івана шмат розных прыгожых вырабаў. Чаго толькі няма: вароты, веснічкі, дымавыя каўпакі, мангалы, лаўкі, пячныя дзверцы, поручні, казыркі, альтанкі, шыльдачкі з назвамі вуліц і нумарамі дамоў, падстаўкі для кветак і нават жалезныя ружы. Каб не было пытанняў, Іван аформіў сваю дзейнасць згодна з заканадаўствам. Таму той, хто, як і я, цэніць ручную работу, можа звяртацца – залатыя рукі Івана Крупкевіча ўмеюць усё. Праўда, трэба вытрымаць чаргу, паколькі заказаў не толькі ў нашым раёне, але і па-за яго межамі шмат.
А яшчэ Іван нядаўна ажаніўся, таму віншуем яго з гэтай падзеяй. Хай будзе сям’я такой жа трывалай, як жалеза.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара і з сацыяльных сетак
І. Крупкевіча

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Центр общественного наблюдения
И погода благоволит

И погода благоволит

17 января, 2025
Повторение – мать учения

Оставить комментарий

Похожие новости