НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Дзень беларускага пісьменства адзначаецца з 1994 года ў першую нядзелю верасня.

Штогод свята ладзіцца ў розных гарадах краіны. За перыяд існавання свята яго ўдзельнікі наведалі 28 гарадоў, пазнаёміліся з архітэктурай, гісторыяй і дасягненнямі землякоў, далучыліся да значных падзей культурнага жыцця ў розных куточках нашай краіны, парадаваліся разам непаўторнасці нашай прыроды, мовы і побыту, а таксама чарговы раз упэўніліся ў нацыянальным адзінстве і адчулі нашу моц.
У гэтым годзе святочныя мерапрыемствы да Дня беларускага пісьменства пройдуць у г. Гарадок Віцебскай вобласці, але і ў іншых населеных пунктах ніхто не забывае пра гэты дзень. Прыкладам таму з’яўляюцца работнікі Столінскай бібліятэчнай сістэмы, якія ўжо зараз старанна рыхтуюцца да свята. Яны маюць непасрэднае дачыненне да гэтай даты, бо кожны дзень сустракаюцца са сваім чытачом, якога імкнуцца зацікавіць навінкамі літаратуры, пазнаёміць з пэўным пісьменнікам ці паэтам, дапамагаюць зразумець значнасць і неабходнасць мастацкага слова.
У бягучым годзе бібліятэчная сістэма атрымала 296 экзэмпляраў выданняў на беларускай мове, а за мінулы – 782 экзэмпляры. Усяго за 2022 год паступленні ў бібліятэчную сістэму склалі 3 523 экзэмпляры кніг, а за мінулы перыяд 2023 года – 2 263 кнігі.
Калі гаварыць пра перыядычныя выданні (газеты і часопісы), якія выдаюцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, то можна адзначыць, што ў бібліятэкі нашага раёна паступаюць 25 найменняў газет і 56 найменняў часопісаў.


Актыўную работу па прыцягненню наведвальнікаў у бібліятэку і прывіццю цікавасці да літаратуры праводзяць работнікі аддзела па абслугоўванні дзіцячага чытача. Калектыў аддзела невялічкі: загадчык Людміла Пешка, бібліятэкары Анастасія Ляшкевіч, Алена Рэзановіч і Людміла Варанец, а таксама тэхработнік Марына Буйніч. Усе работнікі бібліятэкі добра ведаюць сваю справу і шчыра любяць кнігі, якія складаюць аснову іх дзейнасці. А далей усё залежыць ад іх прафесіяналізму і таленту.
З упэўненасцю магу канстатаваць: ідуць чытачы і з задавальненнем бяруць новыя кнігі. У час нашай размовы ў бібліятэку наведаліся брат з сястрычкай, якія вучацца ў сярэдняй школе № 3 г. Століна, Карына і Кірыл Фурманы. Дзеці напярэдадні новага навучальнага года вырашылі ўзяць тыя творы, якія неабходны для пазакласнага чытання. Яны бываюць тут даволі часта.
Яшчэ адно пацверджанне – за мінулы год бібліятэкары абслужылі больш за две тысячы чытачоў. У летні перыяд у бібліятэцы найбольш наведвальнікаў. Штодзённа дзеці прыходзяць сюды, каб узяць тую літаратуру, якую ім неабходна прачытаць у час канікулаў. Цікавасць у іх выклікаюць серыі дэтэктываў для дзяцей, фантастыка, апавяданні пра прыгоды аднагодак і іншыя. Ёсць такія дзеткі, якія чытаць цэлымі серыямі і пакуль не ўбачаць апошнюю кропку, не могуць супакоіцца. Яны ўвесь час цікавяцца працягам, новымі выданнямі аўтара. Ёсць і тыя, каму падабаецца той ці іншы аўтар. У сваёй большасці гэта сучасныя. Напрыклад, сёння ў чытацкай аўдыторыі папулярны Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Уладзімір Мазго, наш зямляк Георгій Марчук і інш.
Што тычыцца кніжнага фонда аддзела, дык сёння ён складае 14 тысяч экзэмпляраў. У іх ліку кнігі беларускіх аўтараў – 4 300 экзэмпляраў. Бібліятэкары адзначаюць, што сучасныя кнігі вельмі яркія і маляўнічыя. Яны адразу прыцягваюць увагу, прывабліваюць шматлікімі ілюстрацыямі, таму такі твор хочацца не только пагартаць, але абавязкова прачытаць.
Каб зацікавіць маленькіх чытачоў, бібліятэкары ў адначассе ператвараюцца ў спецыялістаў шырокага профілю. Яны і мастакі, і дызайнеры, і рэжысёры, і пастаноўшчыкі, і аніматары… Пэўна, што прыйшоў той час, калі бібліятэка выконвае функцыі забаўляльнага цэнтра, дзе можна цікава правесці час. Пры гэтым работнікі імкнуцца за аснову любога мерапрыемства ўзяць кнігу. А мерапрыемтваў у сценах бібліятэк сёння праводзіцца вялікае мноства. Гэта гульні, віктарыны, квэсты, выставы, дыскусіі, вусныя часопісы, круглыя сталы і інш. Не раз для наведвальнікаў аддзела па абслугоўванні дзіцячага чытача ладзіліся сустрэчы з пісьменнікамі і паэтамі. Частымі гасцямі тут былі таленавітыя і творчыя людзі Століншчыны. Запомніліся сустрэчы з вядомым дзіцячым пісьменнікам Валерыем Квілорыя, які двойчы быў у гэтых сценах і аказаў неймавернае ўражанне на ўдзельнікаў мерапрыемстваў.
Бібліятэкары падтрымліваюць цікавасць да мастацкага слова праз работу творчых аб’яднанняў. На базе аддзела дзейнічае лялечны гурток «Залаты ключык» і гурток «Юны правазнаўца». Ободва карыстаюцца папулярнасцю, дзеці з задавальненнем наведваюць заняткі і атрымліваюць новыя веды і навыкі.
Цесная ўзаемасувязь у аддзела наладжана з установамі адукацыі раёна. На базе бібліятэкі праводзяцца класныя гадзіны, творчыя сустрэчы, экскурсіі з мэтай асветы, выхавання маральна-патрыятычных якасцяў і любові да роднай мовы, роднага мілагучнага слова.
Калектыў аддзела вельмі творчы, таму ім любая справа па сіле. Кожны спецыяліст мае шмат захапленняў, якія ўвасабляе ў сваёй дзейнасці. Ра-зам афармляюць выдатныя выставы, праводзяць цудоўныя мерапрыемствы, што не можа не прыцягнуць увагу. Вось і выстава да Дня беларускага пісьменства ўжо гатова, а бібліятэкар Анастасія Ляшкевіч знаёміць чытачоў з літаратурай і аўтарамі, ды не забывае пра нашага першадрукара Францыска Скарыну. Алена Рэзановіч і Людміла Варанец запрашаюць усіх жадаючых на аглядавую экскурсію, каб расказаць пра навінкі беларускай літаратуры, таму хутчэй у бібліятэку!
Людміла КАСПЯРОВІЧ
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Центр общественного наблюдения
И погода благоволит

И погода благоволит

17 января, 2025
Повторение – мать учения
Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости