У аграрыяў зараз сапраўды гарачая пара. Даводзіцца працаваць, часам, на два, а, часам, і на тры фронты. Уборка збожжавых, нарыхтоўка кармоў, а яшчэ рапс паспеў і прагне скінуць сваё «чорнае золата» на зямлю. Тут кожная гадзіна на рахунку – прамарудзіш момант і панясеш страты. Тым больш, што чорныя маленькія зярняткі ў цане – 1 118 рублёў за адну тону. Такая сёння цана закупкі па дзяржзаказе. А выканаўшы ўмовы, гаспадарка мае права ўсталёўваць іншую цану для перапрацоўчых прадпрыемстваў, але не ніжэй за дзяржаўную.
Па стане на 20 ліпеня ў раёне ўбрана 2 756 га азімага рапсу з 3 479 га. Намалочана 9 914 тон пры сярэдняй ураджайнасці 36 ц/га. Найбольшая ўраджайнасць зафіксавана ў ПСУП «Максеммілк» («Вопыт КАА») – 50 ц/га, дзе ўбрана 20 га з 200 га. Больш за 40 ц/га атрымліваюць у КСУП «Відзіборскі» (42 ц/га), ААТ «Кароцічы» (49 ц/га) і УП «Рубельскі» (41 ц / га).
Нядрэнная ўраджайнасць азімага рапсу ў КСУП «Прыпяць-2009», дзе на сёння зафіксавана 35 ц/га.
– Пачыналі дзесьці з 30-32
ц/га, – гаворыць галоўны аграном гаспадаркі Уладзімір Ранцэвіч. – Але пачалі не з лепшых палёў, бо стараемся мінімізаваць страты. Паступова ўраджайнасць павялічылася да 35 ц/га, а плануем у выніку выйсці на 36 ц/га на круг, так як заканчваць будзем на лепшых палях. Вось глядзіце, які рапс вырас – 150–160 см, не менш!
І сапраўды, калі пайсці па такім полі, то можна і заблудзіцца.
Уборка рапсу мае свае асаблівасці, якія абавязкова неабходна ўлічваць. Невыкананне тэрмінаў і правілаў камбайнавання, даачысткі і захоўвання збожжа могуць прывесці да значных страт ураджаю.
Паводле ацэнкі спецыялістаў, не зважаючы на надвор’е, рапс сёлета задавальняючы – крыжакветныя выйшлі з зімоўкі ў добрым стане, актыўна ішлі ў рост вясной. На палях былі праведзены падкормкі ўгнаеннямі, своечасова вялася барацьба са шкоднікамі і хваробамі.
Усяго сёлета ў КСУП «Прыпяць-2009» пасеялі азімы рапс на плошчы 250 га. Ужо прыбралі 200 га і намалацілі 695 тон. Як сказалі ў адміністрацыі гаспадаркі, плануюць убраць да вечара чацвярга і прыступіць да збожжавых – азімых жыта і пшаніцы.
Аляксандр НІКІФАРЭНКА
Фота аўтара