Мітынг-рэквіем «Памяць і боль беларускай зямлі» ў дзень пачатку Вялікай Айчыннай вайны прайшоў у знакавым для Століншчыны месцы – урочышчы Стасіна. Менавіта тут у часы ваеннага ліхалецця фашысты і іх памагатыя расстралялі 12 500 чалавек.
Аддаць даніну павагі тым, хто загінуў ад рук захопнікаў, прыйшлі вечарам 22 чэрвеня больш за тры тысячы жыхароў горада і раёна. Усе – ад малога да вялікага – ушанавалі памяць ахвяр нацызму.
Старшыня Столінскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Ярашэвіч у сваёй прамове адзначыў:
– 22 чэрвеня 1941 года для ўсіх беларусаў – Дзень памяці і смутку. Гэтая дата падзяліла жыццё народа на «да» і «пасля». Тая летняя нядзельная раніца стала страшнай мяжой паміж мірам і вайной, паміж светам і цемрай, паміж жыццём і смерцю.
На нашу зямлю рынулася ўзброеная бязлітасная армада, што несла гібель і рабства. Фашысты не шкадавалі ні старых, ні немаўлят.
82 гады таму гітлераўскія акупанты хацелі прайсці па Беларусі пераможным маршам. Але нацысцкі план сарваўся. Захопнікі не разумелі тады, чаму нават у самых адчайных сітуацыях савецкі салдат не здаваўся. Як, наогул, ён змог выстаяць і ў выніку – перамагчы. А адказ просты – беларускі народ непераможны! Яго сіла ў адзінстве і любові да сваёй Радзімы!
На тэрыторыі Беларусі ў гады вайны нямецка-фашысцкія захопнікі стварылі 260 месцаў прымусовага ўтрымання і знішчэння насельніцтва. Акупанты правялі за чатыры гады 140 буйных карных аперацый, знішчылі каля 9 200 вёсак, з іх 5 295 падзялілі лёс Хатыні. У Германію было сагнана 400 тысяч чалавек. Кожнага трэцяга свайго жыхара страціла рэспубліка за часы вайны.
На Столінскай зямлі ўсталявана нямала помнікаў і абеліскаў, якія нагадваюць нам, тым, хто жыве цяпер, пра тую страшную вайну і ахвярах, што загінулі ў імя Перамогі.
Памятайце! Праз стагоддзі, праз гады – памятайце! Мы, нашчадкі вялікага пакалення, якое падаравала нам жыццё, свабоду і незалежнасць. І пакуль мы будзем прыходзіць сюды разам са сваімі дзецьмі – мы будзем памятаць! І пакуль жыве памяць, мы будзем заўсёды жыць ганарова і свабодна на роднай зямлі і ў сваёй дзяржаве.
Пракурор Столінскага раёна Аляксандр Федаровіч нагадаў удзельнікам мітынгу пра тое, што ўзбуджана крымінальная справа па фактах генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасля яе. Ён таксама адзначыў, што і цяпер выяўляюцца ўсё новыя і новыя месцы злачынстваў нацыстаў, дзе пахаваны іх ахвяры. У сваёй большасці – гэта мірныя жыхары – жанчыны, дзеці, пажылыя людзі.
Вельмі чуллівым і пранікнёным быў аповяд настаўніцы замежнай мовы гімназіі Ганны Пратасавіцкай. Так склаўся лёс, што, менавіта, з гэтым журботным месцам – урочышчам Стасіна – звязана гісторыя іх сям’і. Сярод расстраляных фашыстамі людзей ёсць продкі Ганны. Нейкім цудам засталіся жывымі два чалавекі з той сям’і – брат і сястра, якія пазней стварылі свае сем’і і сталі прадаўжальнікамі роду.
Настаяцель храма свяціцеля Лукі Крымскага ў г. Століне айцец Лявонцій Дабрынец звярнуўся да прысутных з такімі словамі:
– Немагчыма ўявіць і зразумець, што кіравала тымі, каго нельга назваць па сваёй сутнасці людзьмі. Што кіравала тымі, хто ва ўгоду фальшывай велічы скараў народы, расстрэльваў і знішчаў безабаронных жанчын, дзяцей і старых, спальваў жывымі. Мы пакідаем іх злыя дзеянні на суд гісторыі, на праведны суд – Божы. Наш жа святы абавязак – памятаць пра нашых бацькоў і дзядоў, пра ўсіх тых, хто аддаў свае жыцці ў гэтай страшнай вайне, пра ўсіх, хто паклаў сваё жыццё на алтар перамогі, пра ўсіх, хто кроў сваю праліваў за бліжніх сваіх. Памятаць пра тых, дзякуючы каму мы жывём у вольнай дзяржаве, пад мірным небам, гадуем нашых дзяцей. І ў той жа час глыбока ў сэрцы будзем захоўваць ісціну – народ, які памятае – мае будучыню.
…Моладзь з запаленымі лампадкамі абышла магілы ахвяр нацыстаў, да помнікаў ускладзены кветкі, залп даюць пагранічнікі.
Абсалютная цішыня павісла над Стасіна…
Жыве памяць!!!
Алена КЛІМУШКА
Фото Аляксандра НІКІФАРЭНКІ