НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
5/5 - (1 голос)

Значная падзея адбылася ў культурным асяродку нашага раёна: 24 лютага ў г. Пінску заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны інструментальны ансамбль «Брыз» Столінскай дзіцячай школы мастацтваў пацвярджаў сваё званне «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь».


Інструментальны ансамбль быў створаны ў 2008 годзе па ініцыятыве настаўніка па класу баяна Столінскай дзіцячай школы мастацтваў Фёдара Вайцяхоўскага. Дзякуючы руплівай працы кіраўніка і ўдзельнікаў калектыву ў 2012 годзе ансамбль «Брыз» атрымаў найменне «Народны», а ў 2018 годзе – ганаровае званне «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь».
Кіраўніку ансамбля хацелася, каб музычны накірунак калектыву быў непаўторным, унікальным. У выніку разваг і творчых пошукаў Фёдар Мікалаевіч спыніўся на эстрадна-джазавым напрамку. Пасля прапанаваў некалькім настаўнікам-калегам аб’яднаць намаганні і паспрабаваць стварыць творчы калектыў.
– Першапачаткова сабраліся чалавек пяць з дзіцячай школы мастацтваў, знайшлі «ўдарніка» ў сярэдняй школе № 2 г. Століна, – дзеліцца кіраўнік. – Абсталяванне было не такое, як зараз, але ўсё можна набыць, галоўнае, каб былі талент і любоў да музыкі. Пачыналі сваю дзейнасць з інструментальнай музыкі. Дэбютам стала выступленне на сцэне ў Столінскім ГДК. Паступова прыйшло разуменне, што трэба рухацца наперад, ісці ў нагу з часам. Якраз у гэты перыяд на работу ў Столінскую ДШМ уладкаваліся маладыя спецыялісты Ірына Шульжык і Алена Германовіч (Чупік), з’явілася ідэя падключыць вакал. Наша новаўвядзенне цёпла прыняла публіка, што надало яшчэ большай упэўненасці. А сёння «Брыз» – згуртаваны і дружны калектыў аднадумцаў. Мне важныя ўсе ўдзельнікі ансамбля, бо кожны з нас асаблівы, непаўторны і вельмі значны для нашай творчай каманды.
Сёння інструментальны ансамбль «Брыз» аб’ядноўвае дзесяць чалавек, якія складаюць інструментальную і вакальную групы. Склад інструментальнай групы на працягу ўсяго часу існавання калектыву застаецца нязменным (два баяны, бас-гітара, скрыпка, ударныя інструменты, клавішы) – Іван Жакун (скрыпка, саксафон), Віталь Чынікайла (барабаны), Аляксандр Дзенісевіч (баян), Андрэй Удод (бас-гітара), Дзмітрый Цярлецкі (фартэпіяна). Салісткі – таленавітыя Алена Германовіч, Ірына Шульжык і Наталля Пратасавіцкая. Вакальная група ансамбля апошнім часам дапоўнілася мужчынскім голасам у асобе Генадзя Гембіцкага. Частка нумароў з канцэртных праграм гучыць у сольным і дуэтным выкананнях вакалістаў пад акампанемент інструментальнай групы. У праграме з’явіліся творы, перакладзеныя для вакальнага трыа і нават квартэта.
Рэпертуар ансамбля ўключае ў сябе сучасныя мелодыі, творы беларускіх кампазітараў, аўтарскія творы кіраўніка, апрацоўкі народных песень і сучасных мелодый, найлепшыя хіты эстраднай музыкі. Так, у скарбонцы аўтарскіх сачыненняў Фёдара Вайцяхоўскага налічваецца восем твораў. Гэта «Эстрадны MIX», «У руху», «Эстрадны вальс», сучасная апрацоўка на тэму «В траве сидел кузнечик», «Зімовая раніца», «Начны брыз», «Эстрадная замалёўка». Некаторыя аранжыроўкі Фёдар Мікалаевіч робіць разам з ансамблем.

(Працяг на 3-й стар.)
(Працяг. Пачатак на 1-й стар)
Кожны вакальны твор кіраўнік стараецца ўпрыгожыць своеасаблівымі ладава-гарманічнымі фарбамі, пройгрышамі ўласнага складання, абавязкова ўлічвае тэсітурныя асаблівасці твораў для вакалістаў. Канцэртнае выкананне твораў адрозніваецца асобным каларытам, яскравасцю, віртуознасцю і няспынным пошукам свайго шляху да слухачоў.
Сёння артысты вырашаюць эстэтычныя і культурныя задачы свайго часу, насычаюць наша ўяўленне новымі выразнымі сродкамі, працуюць над пошукам тэхнік, якія адлюстроўваюць дух сучаснасці ў мастацтве.
«Брыз» – адзін з вядучых калектываў у нашым раёне, удзельнік раённых і абласных мерапрыемстваў, творчых сустрэч, патрыятычных акцый. Калектыў захоўвае музычныя традыцыі малой радзімы, падтрымлівае актыўную грамадзянскую пазіцыю, дапамагае ва ўсталяванні міжнароднага супрацоўніцтва, прымае ўдзел у дабрачынных акцыях і шматлікіх мерапрыемствах.
Вынікам творчай дзейнасці ансамбля стала годнае выступленне і перамогі ў міжнародных конкурсах і фестывалях выканальніцкага майстэрства, якія занатаваны ў шматлікіх узнагародах.
Жыццё ансамбля багатае на творчыя сустрэчы і значныя мерапрыемствы. Артысты прынялі ўдзел у такіх падзеях, як урачыстае ўшаноўванне працаўнікоў органаў папярэдняга следства (г. Мінск), святочнае мерапрыемства да Дня Незалежнасці Расіі і вызвалення г. Скапін ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (г. Скапін, Расія), святочны канцэрт, прысвечаны 80-годдзю ўтварэння Брэсцкай вобласці (г. Пінск), творчая сустрэча са старшынёй праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, абласны семінар працаўнікоў сельскай гаспадаркі (г. Столін), абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла (аг. Лагішын, Пінскі раён), творчая сустрэча з вакальным ансамблем «Ваяж» (Расія, г. Скапін), канцэрт-сустрэча з беларускім футбалістам Аляксандрам Глебам і іншымі ганаровымі гасцямі Століншчыны. У 2022 годзе ўдзельнікі ансамбля далучыліся да рэспубліканскай акцыі «Сімвал адзінства», якую праводзіла таварыства «Патрыёты Беларусі» і інш.
За папулярызацыю інструментальнага мастацтва, высокі ўзровень выканання і ўдзел у мерапрыемствах раёна і вобласці ансамбль «Брыз» неаднаразова ўзнагароджваўся падзячнымі лістамі, дыпломамі і ганаровымі граматамі.
Выступленні ансамбля не толькі прыносяць радасць і задавальненне гледачам, але і павышаюць іх культурны ўзровень. Дзякуючы свайму запалу, творчай энергіі, высокай працаздольнасці калектыў годна адстойвае імя і гонар малой радзімы.
Сёння артысты займаюцца ўзбагачэннем рэпертуару, пашырэннем жанравых і стылявых напрамкаў, напісаннем новых музычных твораў. Яскравым прыкладам таму стала выступленне на сцэне Пінскага гарадскога цэнтра культуры і творчасці. Запал энергіі і натхненне артыстаў перадаліся ўсім прысутным. Прыемна, што ў такі важны дзень іх патрымлівалі прадстаўнікі ўлады, калегі, аматары іх творчасці. Сваё захапленне выказаў старшыня райвыканкама Рыгор Пратасавіцкі, які падкрэсліў, што сіла гэтых апантаных музыкай людзей заключаецца ў іх стваральным адзінстве, працаздольнасці і таленту кожнага з удзельнікаў калектыву.
На адрас заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага інструментальнага ансамбля «Брыз» Столінскай дзіцячай школы мастацтваў гучала шмат цёплых слоў, падзяк і віншававанняў, пажаданняў плёну ў творчасці і новых вяршыняў майстэрства. Высокую ацэнку яны атрымалі і ад заслужаных дзеячаў культуры, якія ўвайшлі ў склад спецыяльнай камісіі (9 чалавек) на чале са старшынёй – намеснікам начальніка ўпраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Дзмітрыем Слесарчыкам.
Кіраўнік калектыву Фёдар Вайцяхоўскі выказвае шчырую падзяку за паразуменне, усебаковую падтрымку і веру ў творчае развіццё «Брыза» асабіста старшыні райвыканкама Рыгору Пратасавіцкаму, прадстаўнікам мясцовай улады, аддзелу культуры, калегам, аматарам творчасці і самім артыстам.
– Дазвольце выказаць усім вам шчырую, глыбокую падзяку за падтрымку і дапамогу, за неацэнную ўвагу і чалавечую цеплыню, – падкрэсліў Фёдар Мікалаевіч. – Шчыра дзякую за добрыя сэрцы і спагадлівасць, за ўвагу і паразуменне. Дзякуй за тое, што ў складаны для мяне момант не адвярнуліся і не аказаліся абыякавымі, а былі побач, дапамагалі і словам, і справай. За тое, што знайшлі час і сілы ўглыбіцца ў сітуацыю, зразумець сутнасць пытання і падтрымаць у важны, можна сказаць, рашаючы для ўсяго калектыву момант. У вас сапраўды залатыя сэрцы і чыстыя душы. Няхай яны будуць узнагароджаны самымі шчодрымі дарамі: любоўю, верай, сяброўствам, узаемаразуменнем і даверам. Шчасця вам і ўсіх выгод.
Людміла
КАСПЯРОВІЧ
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Центр общественного наблюдения
И погода благоволит

И погода благоволит

17 января, 2025
Повторение – мать учения
Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости