Тое, што напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, хлопчыкі і дзяўчынкі з Глінкаўскай і Стружскай сярэдніх школ наведалі з экскурсіяй пагранічную камендатуру «Рэчыца» – даволі сімвалічна. Менавіта пагранічнікі першымі прынялі нечаканы ўдар нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Брэсцкай крэпасці.
– Падобныя мерапрыемствы мы праводзім часта, – расказаў ваенны камісар Сяргей Патрубейка, які выступіў ініцыятарам экскурсіі. – І не толькі да Дня абаронцаў Айчыны. У гэтым спісе і Дзень Перамогі, і Дзень Незалежнасці, і іншыя дзяржаўныя святы. У ходзе цікавай экскурсіі дзеці могуць азнаёміцца са спецыяльнай тэхнікай, узбраеннем, бытам ваеннаслужачых, а таксама пакаштаваць сапраўдную салдацкую кашу.
На маю думку, такія мерапрыемствы вельмі важна праводзіць сярод падлеткаў. Асабліва сёння, калі пытанні патрыятызму становяцца на першы план. Хто ведае, магчыма, хтосьці з сённяшніх хлопчыкаў у хуткім часе стане афіцэрам і будзе сапраўдным абаронцам Айчыны. Я скажу коратка, але ёмка – сёння абаронцам павінен быць кожны!
Сваімі меркаваннямі падзяліўся і намеснік каменданта пагранічнай камендатуры «Рэчыца» па ідэалагічнай рабоце Віталь Кулеш:
– За шэсць гадоў, якія я служу ў камендатуры, у нас на экскурсіі пабывалі сотні мясцовых хлопцаў і дзяўчат рознага ўзросту. Мабыць, не было такой школы, хто не быў у Рэчыцы. Мы стараемся паказаць дзецям рэальныя ўмовы нашай службы і адразу папярэджваем, што яна – нялёгкая. І тым прыемней, калі потым заўважаеш гэтых рабят, падчас тэрміновай службы ў пагранічных органах.
Мы бачым, што дзецям вельмі падабаецца агляд спецыяльнай тэхнікі, ўзбраення. А найбольш – калі яны бачаць, як працуюць кінолагі разам са сваімі сябрамі-сабакамі.
Магу толькі сказаць, што мы адкрытыя для ўсіх навучальных устаноў раёна. Каб трапіць да нас – дастаткова толькі патэлефанаваць нам – і мы дамовімся. Асабліва запамінальныя такія сустрэчы напярэдадні розных святаў.
Аляксандр
НІКІФАРЭНКА
Фота аўтара