Захапленне ў майго суразмоўцы – Уладзіміра Жылевіча са Століна – ствараць прыгажосць вакол сябе, а яшчэ дзяліцца гісторыяй.
Дзеля гэтай мэты ён ператварыў свой гараж у імправізаваную выставачную залу. У невялікім памяшканні на сценах размясціў фотаздымкі, у якіх мінулае нашага раёна.
Уладзімір Міхайлавіч – наш калега, таму яго пазнаюць многія жыхары раёна. А да таго, як пераехаць у Столін, быў творчым супрацоўнікам «Беларусьфільма». Кадры, на якіх наш знакаміты пясняр Уладзімір Мулявін збірае фальклор у беларускіх вёсачках, таксама знайшлі сваё месца на адным з самаробных стэндаў.
Але найбольш фотаздымкаў, зробленых менавіта на Століншчыне. На адным зафіксавана паводка 1999 года. А вось выступаюць артысты ў Музеі драўлянай скульптуры ў Цераблічах. На іншым фота – жніво, што працягваецца нават уначы. На свята Купалле дзяўчаты запускаюць вяночкі на ваду. У здымках адлюстраваны хлебаробы, ганчары, будаўнікі, урачы, настаўнікі, прадстаўнікі іншых прафесій. З верталётаў і самалётаў супрацьпажарнай і сельскагаспадарчай авіяцыі зняты самыя прыгожыя краявіды нашага роднага Палесся. Уладзімір Міхайлавіч выбраў лепшыя з лепшых і атрымалася 117 фотаздымкаў.
– У іх не толькі жыццё раёна, у іх і маё жыццё, – кажа ён. – Ведаеце, гэта кожны раз нібыта здзяйсняць падарожжа ў мінулае. Мне б вельмі хацелася, каб людзі ў маім, так мовіць, арт-аб’екце атрымлівалі ўяўленне пра мінулае роднага краю, каб увачавідкі маглі параўнаць тое, што было і што ёсць зараз. Наш раён за гады маёй работы змяніўся ў лепшы бок, папрыгажэў, расквітнеў, і ў гэтым заслуга кожнага, хто працуе дзеля дабрабыту сваёй малой радзімы.
– Захаваць гісторыю для нашчадкаў – мэта высакародная, тым больш у свеце апошніх падзей. Нават нашы краіны-суседзі маюць намер перапісаць гісторыю на свой лад. Як вы лічыце, у іх гэта атрымаецца?
– Упэўнены, што наш народ не дасць гэтага зрабіць. Досыць нам іншых гісторый, досыць мы танцавалі пад чужую дудачку. Таму лічу справядлівым, што дату 17 верасня зрабілі нацыянальным святам. У гэты дзень мы нарэшце атрымалі права быць адным самастойным народам. Мой бацька быў удзельнікам вайны, разведчыкам у партызанскім атрадзе. Ён больш прыгадваў вайну, а вось бацька жонкі Валянціны, які быў родам з Іванаўскага раёна, часта пра сябе напяваў такія словы: «Верасень, 17-ты дзень, зняў з нас смутак і цень». І гэтым усё сказана. Скончыў тры класы польскай школы, але заўсёды памятаў, як баяліся польскіх настаўнікаў, бо тыя білі дзяцей лінейкамі і іншыя здзекі рабілі. А словы з верша «Кто ты естэш? Поляк малы. Яки знак твой? Ожел бялы…» ведалі без выключэння ўсе маленькія беларусы. Святы – толькі каталіцкія. Не дазвалялі трымаць жывёлу і мець многа зямлі, назначалі вялікія падаткі, каб, не дай Бог, не пачалі штосьці з сябе ўяўляць гэтыя людзі з «крэсаў усходніх».
– Значыць, Уладзімір Міхайлавіч, трэба рабіць усё, каб перадаваць сапраўдную гісторыю сваім нашчадкам?
– Не думаю, што з гэтым узнікнуць праблемы ў нашай краіне, паколькі кіраўніцтва дзяржавы абараняе суверэнітэт ад замахаў іншаземцаў. Але ніколі не трэба расслабляцца, трэба выхоўваць у дзяцей з маленства любоў да Радзімы, нацыянальную прыналежнасць, патрыятызм і гонар. І калі мая выстава дапаможа ў гэтай справе, буду вельмі задаволены.
Гутарыла Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара