З ляснічым Альшанскага лясніцтва Палескага лясгаса Аляксеем Кадолічам сустрэліся падчас адной з рэспубліканскіх акцый па ахове лесафонду.
Тады звярнула ўвагу, наколькі ён ашчадна «лячыў» зламаную бярозку, якой дасталося ад ветру. І як тлумачыў вучням – удзельнікам той акцыі – па якой прычыне ўзнікаюць пажары і чаму з імі так цяжка змагацца. Адразу стала зразумела, што для чалавека прафесія з’яўляецца яго ж прызначэннем. І я не памылілася.
Разгаварыўшыся па дарозе, даведалася, што любоў да лесу перадалася ў спадчыну ад дзеда Івана Кудласевіча. Ён быў лесніком Рычоўскага лясніцтва і часта браў з сабой на работу цікаўнага ўнука Лёшку. Той хлапчук пакрысе вырас у сапраўднага аматара лесу, ведаў, як лёгка знайсці грыбныя месцы і дзе растуць вялікія журавіны. Дзед таксама займаўся бортніцтвам. Некалькі борцей, як напамін, і дагэтуль захоўвае яго ўнук і працягвае дзедаву справу – пчалярства.
А пасля заканчэння школы пайшоў у армію і службу нёс… у лесе. Тады ў Давыд-Гарадку размяшчалася вайсковая часць, задача якой – абслугоўванне палігона. Чым уласна і займаўся салдат Аляксей Кадоліч. Як жартаваў сам, ад лёсу не ўцячэш. Таму пасля дэмабілізацыі ў 1999 годзе звярнуўся ў Палескі лясгас з мэтай уладкавацца на работу. Спачатку быў лесніком, потым майстрам лесу ў Кароціцкім лясніцтве, а два гады таму перайшоў у Альшанскае. Паралельна завочна скончыў Бабруйскі дзяржаўны лесатэхнічны каледж.
Агульная плошча лясніцтва складае 16926 гектараў, таму работы хапае заўжды.
– У гэтым годзе, цьфу-цьфу, нас мінулі лясныя пажары. У 2019 годзе і днявалі, і начавалі, ратуючы лес. Наша першапачатковая задача – засцерагчы лес ад пажараў, якія ў сваёй большасці здараюцца з-за чалавечага фактару. Каб зменшыць рызыку, перыядычна лясгас устанаўлівае забарону на наведванне лесу. На шчасце, вось пайшоў дождж, таму апошняя з іх была знята, але меры перасцярогі павінен захоўваць кожны.
– А ці часта даводзіцца сустракацца з браканьерамі і парушальнікамі?
– Не, зараз паляваць без спецыяльнага дазволу ці нарыхтоўваць драўніну без білета – сабе даражэй, паколькі штрафы і меры пакарання вельмі сур’ёзныя. Да таго ж не губляе пільнасці Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, якая і нас, работнікаў лесу, можа праверыць. Дарэчы, я – таксама аматар палявання, і першае ружжо купіў і зарэгістраваў, як толькі прыйшоў у лясгас. Але займаюся сваім хобі, калі на адпачынку.
– Значыць, і вольны ад работы час вы праводзіце ў лесе?
– Вы здагадаліся, – усміхаецца ляснічы. – У гэтым годзе водпуск якраз летам атрымаў, і мы ўсёй сям’ёй ездзілі ў лес па чарніцы. Заўзятыя ягадныя бізнесмены прагназуюць і ўраджай журавін добры. Пабачым. А я спадзяюся, што грыбы парадуюць. Увогуле, лес – маё месца сілы.
Цікава, што не толькі Аляксей Кадоліч з сям’і выбраў для сябе лясную прафесію. Родны дзядзька і тры яго сыны працуюць у суседнім Жыткавіцкім лясгасе. Бацька таксама меў дачыненне – быў вадзіцелем у Сцвігскім лясніцтве.
А марыць Аляксей Паўлавіч калі-небудзь трапіць на Урал, пабываць у лясах Сібіры, пабачыць тайгу. А я ўжо не здзіўляюся, што ў ляснічага і мары лясныя.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара