Сваю размову пра мой горад Столін хачу пачаць радкамі з верша, прысвечанага гораду Століну Вольгай Нурыевай:
Ты – жамчужына Палесся, старадаўні горад мой,
Столін – песня ў паднябессі, што пяе жаўрук вясной.
Калі зірнуць на карту Рэспублікі Беларусь, то ўбачыш, што наш горад размясціўся ў яе паўднёвым куточку. Невялікі, правінцыяльны, больш схільны да сельскага ладу жыцця – значную частку яго забудовы займае індывідуальны сектар. Але разам з тым гэта кампактны і ўтульны гарадок са сваімі асаблівасцямі і не менш цікавай гісторыяй.
Існуе некалькі легенд, якія раскрываюць паходжанне назвы горада. Прывяду тры найбольш цікавыя з іх. У першай гаворыцца аб тым, што даўным-даўно на месцы сучаснага горада было вялікае возера, у якім аднойчы вылавілі сто лінёў. Згодна з другой каля горада ў рацэ калісьці патанула баржа і, каб яе выцягнуць, спатрэбілася сто моцных вяровак (лінёў). І, нарэшце, трэцяя, самая цікавая. У старажытнасці на рацэ Гарынь размяшчалася дванаццаць гарадоў, у якіх уладарылі сем князёў. Месцам правядзення сваіх сустрэч-сходак (свайго «стала») яны абралі наш горад. Такім чынам, з гэтай легенды вынікае тапонім «Столін». Так гэта ці не – сказаць немагчыма. Аднак менавіта гэтую легенду найбольш часта расказваюць мясцовыя жыхары, упадабляючы свой горад з былой княжацкай сталіцай.
Першыя пісьмовыя згадкі пра Столін знойдзены ў Пісцовай кнізе Пінскага і Клецкага княстваў, дзе з 1555 года ўпамінаецца сяло Стольна.
Аднак горад несумненна мае больш глыбокія старажытныя карані. На гэта ўказвае ў сваёй працы «Сярэдневяковыя помнікі Палесся» вядомы савецкі археолаг Ю. У. Кухарэнка. Ён зазначае, што ў горадзе ў абрыве берага ракі Гарыні, пачынаючы ад былой Рыначнай плошчы і прыкладна да гарадскога парку, добра праглядваецца культурны слой магутнасцю да 1 м. Слой насычаны познімі адкладаннямі, але месцамі ў ім назіраюцца і рэшткі пасялення больш позняга часу: абломкі ганчарных сасудаў звычайнага гарадзішчанскага тыпу як, напрыклад, на гарадзішчы ў Давыд-Гарадку.
Ганчарны посуд «звычайнага гарадзішчанскага тыпу як, напрыклад, гарадзішча ў Давыд-Гарадку» – гэты посуд тыповы для гарадскіх пасяленняў ХI-ХIII стст. часоў Кіеўскай Русі. Да гэтай жа думкі схіляюцца і вядомыя беларускія навукоўцы М. А. Ткачоў і Ф. Д. Клімчук. Першы з іх знайшоў на беразе старыцы Гарыні Копанца рэшткі старажытнага замка і абароннага рова, а таксама ацалелы культурны пласт з матэрыяламі ХI-ХIII стст. Другі спасылаецца на старажытны летапіс «Повесть временных лет», у якім сказана, што ў 1156 годзе вялікі кіеўскі князь Юрый Уладзіміравіч Далгарукі даў князю Уладзіміру Андрэевічу «воласць» – Дарагабуж і Перасопніцу і ўсе гарады пагарынскія, а свайму сыну Барысу – Тураў. Ці існаваў у той час Столін – магчыма, так, бо часткова адказ на гэта дадзены ў папярэдняй працы вядомага археолага.
За час свайго існавання Столін прайшоў цікавы гістарычны шлях. Разумеецца, што па фактаграфічнай насычанасці горад не можа канкурыраваць са сваімі знакамітымі суседзямі Пінскам, Давыд-Гарадком і больш далёкім Туравам. Аднак яго ціхія і невялікія вулачкі могуць расказаць шмат чаго цікавага. Напрыклад, пра тое, што калісьці ў цяперашнім гарадскім парку знаходзіўся старажытны замак, які быў спалены разам з мястэчкам у час руска-польскай вайны ў верасні 1655 года. Замак так і не адбудавалі.
У XVII–XVIII стагоддзях Столін быў невялічкім правінцыйным павятовым, а затым і валасным мястэчкам. Значную частку яго насельніцтва складалі яўрэі. Столін быў нават адным з цэнтраў хасідызму на Палессі. Тут склалася моцная і вялікая яўрэйская абшчына – кагал. А ў 1792 годзе была пабудавана мураваная сінагога, якая лічыцца першым архітэктурным збудаваннем такога культавага тыпу ў Беларусі. З-за пажараў будынак сінагогі неаднаразова рамантавалі. У час пажару 1827 года згарэла біма (кафедра ў цэнтры залы) і сорак світкаў Торы ў сярэбраных футлярах.
У ХІХ ст. у Століне ажывіліся рамёствы і гандаль, дамы паспяховых купцоў упрыгожылі цэнтр мястэчка. У 1847 г. яўрэйская абшчына налічвала каля 800 чалавек, а ў канцы ХІХ ст. – амаль 2500.
Карэннае насельніцтва Століна вызнавала праваслаўе. З гістарычных крыніц вядома, што ў 1811 годзе за кошт Каэтана Каржанеўскага ў цэнтры горада Століна паўстаў мураваны касцёл Нараджэння Дзевы Марыі, які ў 1852 г. перароблены ў праваслаўную царкву Святой Тройцы, вернутую католікам у 1923 годзе.
1816 год азнаменаваны адкрыццём у Століне першай на Беларусі школы ўзаемнага навучання, дзе выкладаліся асновы агранаміі. А ў 60-х гг. 19-га стагоддзя адкрываецца Столінскае земскае народнае вучылішча.
Столін канца XIX стагоддзя ўяўляў сабою невялікае мястэчка ў 250 двароў з колькасцю жыхароў у 3,3 тысячы чалавек. Тут размяшчаліся царква, сінагога, паштовая станцыя, народнае вучылішча, вінакурня, шынок і сетка дробных магазінаў. Рэгулярна наладжваліся гандлёвыя кірмашы – звычайна на цэнтральнай плошчы, якую мо таму і назвалі Базарнай, ці Рыначнай. Традыцыі кірмашоў знайшлі свой працяг і ў сучасным Століне.
Мы, столінцы, ганарымся тым, што менавіта нашу зямлю абралі месцам правядзення адроджанага на традыцыйнай народнай аснове свята «Беларускі кірмаш» (11 кастрычніка 1981 г.), а далей, восенню 1996 года – і Першага рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі.
Сёння Столін з’яўляецца цэнтрам самага вялікага па займаемай плошчы раёна ў нашай Беларусі. Колькасць насельніцтва горада па даных апошняга перапісу складае 13 038 чалавек. Столін няўхільна расце, пашырае свае межы, упарадкоўваецца. З’яўляюцца новыя вуліцы, жылыя кварталы. Разам з тым Столін здолеў захаваць свае колішнія, патрыярхальна-местачковыя рысы. Яны ўгадваюцца ў архітэктурным абліччы асобных будынкаў былой Рыначнай плошчы, кампаноўцы яе гандлёвых радоў.
Галоўнай славутасцю Століна і яго прыроднай аздобай з’яўляецца старадаўні княжацкі парк «Манькавічы», закладзены ў 1885 годзе княгіняй Марыяй Радзівіл з роду Кашталянаў. Парк цікавы сваім маляўнічым месцазнаходжаннем – на высокай тэрасе левага берага ракі Гарынь, а таксама дэндралагічным складам. Апрача мясцовых парод, тут растуць звыш 35 відаў рэдкіх для нашых геаграфічных умоў дрэў і кустоў – такіх, напрыклад, як піхта белая, сасна веймутава і крымская, елка Энгельмана і канадская і інш. Парк уваходзіў у склад палацава-паркавага ансамбля мясцовай галіны слыннага магнацкага роду Радзівілаў. У 1903 годзе ў парку быў пабудаваны палац у неараманскім стылі, які, на жаль, да нашых дзён не захаваўся.
Галоўным жа скарбам нашага горада былі, ёсць і застануцца людзі, якія твораць яго гісторыю, чыёй працай ён прыгажэе, становіцца больш утульным і прывабным. Праслаўляюць наш Столін вядомыя мастакі Юрый Сергіенка і Сяргей Місюн, вучоныя Міхаіл і Іосіф Кулакі, Аляксандр Адамчук, Сяргей Мышапуд, Алена Кітаева, Леаніла Дабрынец, паэтэса Ларыса Вырко, вядомы ў рэспубліцы тэлерадыёжурналіст Уладзімір Субат, музыкант Пятро Астапчук, спартсмен Генадзь Лісейчыкаў і многія іншыя.
І завяршу свой аповед радкамі з верша Вольгі Нурыевай, прысвечанага сонечнаму Століну. Ведаеце, дзе самая вялікая колькасць сонечных дзён у Рэспубліцы Беларусь? Гэта ў нас на Століншчыне.
Радзівілаў парк над рэчкай,
Дуб магутны пасярод,
Елкі там, бярозкі-свечкі
Дружна водзяць карагод.
Зранку сонейка вітае
Любы сэрцу горад мой…
Святлана Вярэніч,
дырэктар Столінскага раённага
краязнаўчага музея