НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

У Столінскім раёне кваліфікацыю настаўнік-метадыст маюць толькі тры педагогі.
Нядаўна атэстацыю па гэтай катэгорыі атрымала Святлана Уладзіміраўна Вабішчэвіч – настаўнік беларускай мовы і літаратуры Столінскай дзяржаўнай гімназіі.
Настаўнік-метадыст – гэта кваліфікацыйная катэгорыя, якая прысвойваецца настаўніку, які мае прызнаны эфектыўны педагагічны
вопыт і з’яўляецца настаўнікам настаўнікаў, які спрыяе прафесій-наму росту сваіх калег.
Святлана Вабішчэвіч – настаўнік з 24-гадовым вопытам. Пачынала сваю прафесійную дзейнасць у сярэдніх школах г. Століна, а з 2001 года працуе ў гімназіі. Жанчына прызнаецца, што вельмі любіць і родную мову, і дзяцей, таму на рабоце яна зараджаецца толькі пазітыўнай энергіяй. Ад гэтага і мара – стаць прафесіяналам сваёй справы! Спачатку здала на другую катэгорыю, потым на першую – і так да настаўніка-метадыста.
Святлана Уладзіміраўна адзначае, што, падрыхтавацца, каб здаць кваліфікацыйны экзамен ёй у гэтым дапамагалі Лілія Адамаўна Заянчкоўская – намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Столінскай гімназіі і супрацоўнікі Столінскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета. Пад іх кіраўніцтвам настаўнік рыхтавала пісьмовыя работы і майстар-клас да экзамена.
– Шчыра кажучы, здаваць экзамен было цяжкавата. Гэта не проста – захацеў і паехаў атрымліваць кваліфікацыю. Падрыхтоўка займае тры гады. За гэты час патрэбна дастатковая колькасць публікацый, удзел у розных канферэнцыях і конкурсах, тэорыя, яшчэ і апісанне свайго вопыту. Вось тут вельмі прыкметна наша правінцыяльная аддаленасць ад цэнтра. Сталічныя маладыя настаўнікі больш актыўныя, у іх больш магчымасцяў развівацца, таму што ўсё ў крокавай даступнасці. Нам трошкі цяжэй, але хто добра працуе, той усяго дасягае.
Зараз, акрамя педагагічнай дзейнасці, Святлана Вабішчэвіч працуе над развіццём чытацкай пісьменнасці ў вучняў як па мове, так і па літаратуры. Па гэтай тэме публікуе свае матэрыялы ў «Настаўніцкай газеце» і часопісе «Беларуская мова і літаратура». Таксама настаўніца ідзе ў нагу з часам, таму ўдасканальвае свае веды ў інфармацыйных тэхналогіях.
Святлана Уладзіміраўна вельмі тонка падыходзіць да выхавання дзяцей. Больш за ўсё настаўнік любіць разважаць з вучнямі на розныя тэмы на занятках па літаратуры. Падкрэслівае, што кожнае слова, сказанае вучнем на беларускай мове, вельмі важна для яе.
– Святлана Уладзіміраўна, а на якой мове размаўляеце дома?
– Дома гаворым «па столінскі», – усміхаецца жанчына. – Але калі да мяне прыязджае ўнучак, абавязкова вучым новыя словы на беларускай мове. Унук так і кажа: «У меня одна бабушка и одна «бабуля». Ён ужо многа слоў ведае, як толькі прыязджае, адразу кажа: «Бабуля, хачу бульбу». Мяне радуе, што ён такі маленькі, а ўжо цікавіцца роднай мовай!
– Чаго больш у вашай прафесіі – радасці ці горычы?
– Толькі радасць! Для мяне галоўнае – падняцца да ўзроўню дзяцей. Я школьную праграму ведаю на памяць. Але ж размова не пра тое, як гэтую праграму разумею я, а пра тое, як яе ўспрымаюць дзеці. Таму заўсёды ўлічваю іх думкі і жаданні. Мяне здзіўляе, як дзеці абмяркоўваюць розныя тэмы. Зараз дзеці зусім іншыя, не такія, як некалі былі мы. Кожны раз я чую нешта новае – гэта цудоўна. Гэтая дзіцячая энергія, калі яны мне нешта расказваюць, запаўняе ўсю прастору вакол. Калі я слухаю сваіх вучняў, нібы сама вяртаюся ў іх узрост. Я разумею, што некаторым цяжка размаўляць на роднай мове, але яны спрабуюць, іншы раз дазваляю карыстацца перакладчыкам. Я заўсёды вучням кажу, што родную мову патрэбна ведаць. Таму веру, што з тым аптымізмам і верай у будучыню, якія ёсць у нашых дзяцей, наша мова не знікне.
– Вялікі дзякуй Вам за размову!
Надзея ГРЭЧКА
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Гороскоп на 17 января
Сестра Хатыни

Сестра Хатыни

16 января, 2026
В ожидании чуда

В ожидании чуда

16 января, 2026

Оставить комментарий

Похожие новости