НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

І пра гэтага чалавека параілі напісаць нашы чытачы – жыхары маленькай вёсачкі Крушын:​

– Заўсёды ветлівы, ведае, што каму прывезці. Ды і проста паразмаўляць з ім вельмі прыемна. Мы заўсёды чакаем яго і нават, калі на хвіліну спазняецца, хвалюемся. Але гэта бывае вельмі рэдка. Хочацца, каб напісалі пра нашага Аляксея. Добра, што ёсць такія спагадлівыя і добрыя людзі.

І гэта меркаванне на 100 працэн-таў пацвярджаецца, калі знаёмлюся з Аляксеем Сыса – вадзіцелем аўтакрамы Столінскага рай-спажыўтаварыства.​

– Цікава, хто ж гэта пра мяне расказаў? – дапытвае мужчына.​

– Ці ж вы ўсіх ведаеце? – пытаю ў адказ.

– Ну, канешне, усіх. Я вязу прадукты ў тыя вёскі, дзе жыве некалькі чалавек. Напрыклад, у Варсыні ўсяго пяць жыхароў. А калі палічыць, што працую чацвёрты год, то ўсе яны – добрыя знаёмыя. Дакладна ведаю, што каму патрэбна. І нават ведаю, хто і на колькі грошай будзе рабіць пакупкі. І больш таго, ​ у курсе, калі і хто з унукаў ажаніўся, скончыў вучобу ці ўладкаваўся на работу. Дарэчы, дзеці некаторых жыхароў тэлефануюць мне напрамую і просяць, каб я прывёз неабходныя прадукты. Я ўжо звык да гэтага, – з нязменнай усмешкай адказвае Аляксей.

Сам ён родам з Рэчыцы. Пасля школы скончыў Столінскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча, працаваў зваршчыкам у райаграсэрвісе. Потым трапіў пад скарачэнне і яму прапанавалі работу ў аўтакраме. Ён пагадзіўся, нягледзячы на тое, што аўтамабіль яму далі добра падношаны. Гэты ж сучасны набылі ў мінулым годзе. Тут і вітрына ёсць, не трэба паўтараць па некалькі разоў асартымент і цэны.​

Рабочы дзень у Аляксея пачынаецца ў 7.30. Да 10.00 ён загружаецца на аптовай базе. Далей едзе ў кандытарскі цэх, Столінскі каўбасны цэх, потым па агародніну і садавіну і на хлебазавод.​

Аўтакрама абслугоўвае 12 населеных пунктаў: Варсынь, Сіціцк, Люты Бор, Камарнікі, Крушын, Капані, Кашару, Узляжжа, пасёлак Лясны, Юнішчанскія хутары, паселішчы Вілье ў Альманах і Брадчэ ў Плотніцы. Усяго прыкладна 200 чалавек. Летам гэтая колькасць павялічваецца: да сваіх родных ​ людзей прыязджаюць унукі і праўнукі, адпачываюць ад гарадской мітусні. А вось зімой застаюцца адныя пенсіянеры.​

– У гэтым годзе многія буйныя населеныя пункты пакутавалі ад снежных завей. Дарогі не паспявалі чысціць нават на галоўных вуліцах. А як вы дабіраліся да сваіх пакупнікоў?​

– Сапраўды, зіма ў гэтым годзе выдалася вельмі сур’ёзнай, – падтрымлівае Аляксей. – Але, дзякаваць Богу, да ўсіх даязджаў. Калі сам выбіраўся з сумётаў, а калі звяртаўся па дапамогу ў сельвыканкам, каб тэхніку адправілі. Жыхары нават здзіўляліся, бачыўшы мяне ў назначаны час у назначаным месцы. Маўляў, ужо і не чакалі. Але я ведаю, што яны заўсёды чакаюць, – кажа Аляксей.

Сапраўды, чалавек з вялікім сэрцам. У Аляксея цудоўная сям’я. Разам з жонкай Святланай жывуць больш за 20 гадоў. Старэйшы сын Раман вучыцца ў Столінскім дзяржаўным аграрна-эканамічным каледжы. Алена ходзіць у Рэчыцкую сярэднюю школу № 3. Меншаму Мацвею – шэсць гадоў.​

Шчасце бачыць у шчасці сваіх родных і блізкіх, а самым вялікім багаццем лічыць здароўе.​

Мы пра многіх расказваем на старонках газеты. Але Аляксея я лічу сапраўдным героем. І няхай ён не стаіць са зброяй на дзяржаўнай мяжы, не займае высокія пасады. Толькі вось дабрынёй і неабыякавасцю зараз валодае не кожны. І ў такіх людзей, як ён, абавязкова ўсё будзе добра. Яму гэтага шчыра жадаюць!

Ганна МЕЛЬНІК

Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Белорусский электрокар
До основного дня выборов осталось 6 дней.
Парад планет 21 января

Оставить комментарий

Похожие новости