У пярвічных прафсаюзных арганізацыях праходзяць справаздачныя сходы.
14 кастрычніка такі сход прайшоў у ААТ «Столінрайаграсэрвіс».
Спачатку кіраўнік прадпрыемства Ігар Бут-Гусаім павіншаваў усіх работнікаў з рэлігійным святам Пакроў Прасвятой Багародзіцы і Днём маці, а затым коратка азнаёміў з эканамічнымі паказчыкамі прадпрыемства, шляхамі па павышэнні эфектыўнасці і выніковасці працы.
Са справаздачай выступіла старшыня прафкама Галіна Шулюк.
Заслухана таксама справаздача рэвізійнай камісіі і разгледжаны змяненні і дапаўненні ў калектыўны дагавор. Адзначана работа прафкама і кіраўніка па стварэнні нармальнага маральнага клімату ў калектыве, бяспечных умоў працы, забеспячэнні сродкамі індывідуальнай абароны, правядзенні культурна-масавай, спартыўнай і аздараўленчай работы, экскурсійна-турыстычнай дзейнасці, аказанні матэрыяльнай дапамогі і выкананні норм калектыўнага дагавору. Работа прафкама за справаздачны перыяд прызнана здавальняючай, а па яе выніках прыняты адпаведныя пастановы.
У рабоце сходу прыняў удзел і выступіў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Семянюк. Аб неабходнасці вакцынацыі ад каранавірусу гаварыў запрошаны на сход урач Рэчыцкай амбулаторыі Канстанцін Надольскі. І як вынік – пасля сходу ў памяшканні дыспетчарскай была праведзена вакцынацыя работнікаў: шэсць чалавек атрымалі прышчэпкі ад каранавіруснай інфекцыі, а 16 – прышчэпку ад грыпу.