З Нінай Сімановіч мы сустрэліся выпадкова ў Альшанах – яна гандлявала бульбай, вырашчанай на сваім участку. Пакрысе разгаварыліся пра тое-сёе.
Аказалася, Ніна Фёдараўна ўсё сваё жыццё прысвяціла сельскай гаспадарцы. Разам з ёй успомнілі, як працавалі раней. Думаю, чытачам, асабліва старэйшага пакалення, таксама будзе цікава здзейсніць невялікае падарожжа ў мінулае. А многія ўспомняць Ніначку, як яе ласкава называлі ў калгасе «40 год Кастрычніка».
Ніна Фёдараўна родам з вёскі Туры, якую яна вельмі любіць.
– Мой зяць смяецца, калі я кажу: «А ў нас у Турах». Маўляў, колькі гадоў там не жыву, а сваю вёску не забываю. Нездарма ж ёсць прымаўка: дзе маці нарадзіла, там і радзіма. Хоць і ў Альшанах удала прыжылася, – кажа Ніна Фёдараўна.
Да сельскай гаспадаркі сям’я мела прамое дачыненне. Маці працавала паляводам, бацька – на ферме. Пасля дзявятага класа дачка абвясціла, што збіраецца паступаць на агранома.
– Маці спачатку адгаворвала. Казала: «Куды ты такая малая, яшчэ павучыся ў школе». А я была настроена рашуча, мяне нішто не палохала. А калі прыехала ў сельгастэхнікум і пабачыла, колькі там навучэнцаў, узрадавалася. Будзе з кім і вучыцца, і сябраваць, – згадвае мая суразмоўца.
Пружанскі сельгастэхнікум закончыла ў 1968 годзе і вярнулася ў родны калгас «17 Верасня». Тагачасны старшыня даверыў дзяўчыне стаць звеннявой па вырошчванні льну. З энтузіязмам узялася яна за справу, і атрыманы лён высокай якасці быў лепшым у вобласці. Але праз год вытворчасць гэтай культуры спынілася, і трэба было шукаць новую работу. Знайшла яе ў калгасе «40 год Кастрычніка» – адным з перадавых калгасаў у той час у краіне. Назначылі яе аграномам садовай брыгады.
– Я прыехала сюды на сваім матацыкле «Мінск», чым моцна здзівіла мясцовых работнікаў. Тады, а гэта 1970 год, жанчына за рулём – як дыназаўр. А мне падабалася тэхніка. Вадзіцельскае пасведчанне атрымала яшчэ ў час вучобы, а матацыкл купіла за першыя заробленыя грошы. На сваім «мінчаку» праехала сотні кіламетраў, гаспадарка давала паліва, а я імчала па палях, – з усмешкай расказвае Ніна Фёдараўна.
Гаспадарка ў тыя гады мела статус насеннай. Таксама вырошчвалі турнэпс, цыбулю, моркву, садавіну і іншыя культуры. На высокім узроўні была мяса-малочная вытворчасць.
– Старшыня калгаса Іван Янкоўскі быў таленавітым кіраўніком, дбаў пра калгас. Яшчэ вельмі ўдзячна свайму настаўніку Рыгору Дзямко – сапраўдны чалавек зямлі. На такіх трымалася сельская гаспадарка. Ведаеце, у той час людзі працавалі вельмі аддана, нават у святы і выхадныя дні выходзілі, калі неабходна, напрыклад, вагоны з камбікормам разгрузіць. Трэба – значыць трэба. Няхай зараз многае змянілася, стала больш сучаснай тэхнікі, але чалавек – на першым месцы быў і застанецца. Прыемна бачыць, як моладзь прыходзіць у сельскую гаспадарку. Вось і ў вашай газеце неаднаразова артыкулы чытаю пра маладых спецыялістаў. З пакалення ў пакаленне павінна перадавацца любоў да нашай зямлі-карміцелькі, – дзеліцца сваім меркаваннем Ніна Фёдараўна.
Пасля пасады агранома жанчына працавала інспектарам па кадрах, а пайшла на заслужаны адпачынак з пасады бухгалтара па сацыяльным забеспячэнні. Заўсёды з усмешкай, заўсёды выслухае чалавека, імкнулася, каб ён не застаўся пакрыўджаным, каб атрымаў усе неабходныя выплаты. Сумленная і добрая, яна ўнікала і ў жыццёвыя абставіны людзей. Таму былыя работнікі заўсёды рады сустрэчы з Нінай Фёдараўнай.
Дарэчы, са сваім мужам Сцяфанам Пятровічам Ніна Фёдараўна пазнаёмілася дзякуючы рабоце. Ён быў перадавы вадзіцель, узнагароджаны Граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. Яны былі прыгожай парай, якая ўзяла шлюб у 1972 годзе.
– Мы пражылі з мужам 41 год у згодзе. Ён разумеў мяне, калі на рабоце затрымлівалася. А я звыкла да яго камандзіровак па ўсім Савецкім Саюзе. Да слова, ён таксама неаднаразова быў на старонках газеты «Навіны Палесся», якую выпісваю, колькі сябе памятаю. Аднойчы фотакар Мікалай Кецька сфатаграфаваў, як нашы дзеці праводзілі бацьку ў чарговую паездку. Няма ўжо сем гадоў майго мужа. Ён быў сапраўднай маёй паловай, – з сумам кажа Ніна Фёдараўна.
Выгадавалі разам двух сыноў і дачку. Мае дзевяць унукаў мая суразмоўца. Нягледзячы на тое, што па прафесійным шляху маці ніхто не пайшоў, усё роўна жывуць з зямлі – трымаюць свае гаспадаркі.
Хоць даўно на заслужаным адпачынку Ніна Фёдараўна, заўсёды цікавіцца справамі ў сельскай гаспадарцы. Як аграном, прагназуе ў гэтым годзе добры ўраджай, бо надвор’е паспрыяла. Абавязкова глядзіць навіны ў свеце. Часта ўспамінае, як з канцэртамі ездзілі ў суседнюю Украіну. Не губляе сваёй жаночай прывабнасці і зараз, бо сэрца мае шчырае.
– Рабіць добрыя ўчынкі і дзейнічаць па справядлівасці – вось да чаго павінен імкнуцца чалавек. З сумленнем не павінна быць спрэчак, – развітваючыся, кажа Ніна Фёдараўна. – А зараз пабягу далей працаваць у свой агарод. Лета ж – пара гарачая.
Ганна
МЕЛЬНІК
Фота
аўтара