НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Калі раптам апаноўвае смутак, што гады бягуць без аглядкі, лёс дорыць мне цікавыя сустрэчы з мясцовымі доўгажыхарамі. Адным з іх з’яўляецца 90-гадовы юбіляр з вёскі Талмачава Цярэнцій Іванавіч Ярмакевіч. У свае гады здзіўляе юбіляр жывасцю і ясным розумам. А колькі цікавых і патрэбных парад даў ён маладому пакаленню!
Адзіны сын
Нарадзіўся Цярэнцій Іванавіч 3-га ліпеня 1931 года. І быў адзіным сынам у сям’і. Бацька прыйшоў, як кажуць, у прымакі з вёскі Сямігосцічы, таму і прозвішча ў яго такое – не зусім звыклае для Талмачава. Дзяцей было ў сям’і больш, але яны памерлі ў маленстве. І для бацькі Цярэнцій быў адзіным памочнікам. Да вайны трымалі вялікую гаспадарку: некалькі кароў, гусей, свіней, пара коней, чатыры гектары зямлі. Яшчэ дзіцём навучыўся касіць, араць, цяслярскай і іншай рабоце. Зараз у гэтыя гады хлопцы – яшчэ падлеткі, а тады ён быў сапраўдным мужчынам і да свайго паўналецця ўжо зай-здросным жаніхом.
Стаць дарослым прымусіла вайна. Паспеў толькі першы клас польскай школы скончыць. А потым давялося капаць акопы разам з такімі ж падлеткамі. Немцы прымушалі працаваць. «А куды мы дзенемся, калі яны з аўтаматамі, – успамінае юбіляр. – За сям’ю страшна было, таму мусілі рабіць усё, што загадвалі. Многа ў нас мужчын пайшло на фронт ужо пасля вызвалення Беларусі. Удоў многа засталося, зусім маладых жанчын з дзецьмі на руках. Ім потым усе дапамагалі. Вайна быццам той смерч прамчалася над нашай вёскай».
Сям’я
– Я з малых гадоў наведваў царкву. У Талмачаве яе не было, таму ішоў у Аздамічы, да якой прыпісана наша вёска. Там аднойчы заўважыў прыгожую дзяўчыну Настассю. Адзін раз пабачыліся, другі. А на трэці бяру гармонік і іду ў Цераблічы, адкуль яна родам. Я вельмі любіў граць на гармоніку, дзядзька, Царства яму Нябеснае, навучыў. Зайшоў да родных яе і прызнаўся, што пакахаў. Настасся маці сваю нават не памятае. Бацьку яе, дзякаваць Богу, спадабаўся, даверыў мне сваю дачку. Мне было 18 гадоў на той момант, яна на год старэйшая. Пажаніліся мы ў 1949 годзе, да мяне прыйшла жыць. Маці мая ўжо слабая была, амаль нічога не бачыла, а гаспадыня патрэбна была. А гаспадыня Настасся была тая, што трэба. Усё ўмела, да ўсяго яе рукі былі здольныя. Вельмі добрая была, мы з ёй у згодзе 65 гадоў пражылі. Пяцёра дзяцей у нас нарадзілася: дзве дачкі і тры сыны яна мне падарыла. Ніколі не сварыліся, заўсёды слухалі адзін аднаго. Гэта зараз, чуць што, адразу разыходзяцца. Ніяк маладыя не ўмеюць жыць, не хочуць пакарацца адзін аднаму. З кожным можна ўжыцца, калі такі намер ёсць. Нездарма ёсць прымаўка: вочы бачылі, што бралі. Каханне ж пачынаецца з павагі, з даверу. Няма маёй гаспадыні ўжо сёмы год. Слабая яна была ў апошні час. Сам даглядаў яе, бо ў дзяцей свае сем’і, свае клопаты. І кахаў да апошняга. Сумую без яе…
Ездавы
– Я ўсё жыццё працаваў ездавым, 42 гады стажу маю. Калі пачалі стварацца калгасы, многія жыхары былі супраць, бо не хацелі дзяліцца тым, што мелі. У нашай сям’і пытанне не стаяла, трэба – значыць трэба. Мы ўсё рабілі на конях: аралі, сена нарыхтоўвалі, будаўнічыя матэрыялы перавозілі. Дружная ў нас была кампанія. Я нават за Прыпяццю ў Сямігосцічах сена касіў. Жартаваў тагачасны старшыня, што, маўляў, на радзіму вярнуўся. У мяне там, дарэчы, сябра ёсць Міхаіл Пінчук, Бомбачка яго мянушка. Вось, тэлефанаваў, віншаваў мяне з днём нараджэння. Прасіў дапамагчы сена касіць. Малайчына, яшчэ каня трымае. Можа і сустрэнемся яшчэ калі. Мы былі зусім іншыя, чым сённяшняя моладзь. Нам работа за шчасце была. Мы працавалі з радасцю. Памятаю, прывяжу свайго каня на Вялікім грудзе, а сам касіць іду на цэлы дзень. І з кожным узмахам касы весялей і весялей. Значыць, не застанецца гаспадарка без сена, а каровы малака дадуць. А як спявалі раней! Гэта зараз толькі сабакі брэшуць, а раней песня за песняй. Я мог цэлую ноч на гармоніку сваім граць, а далей, не заплюшчыўшы вока, запрагчы каня і на работу. Весела было…

Свой дом
– Дом я будаваў сам і ўпэўнены, што гэта задача любога мужчыны. З дрэва ён быў, гэта потым цэглай яго абліцаваў. А так усё сваімі рукамі. І гаражы ў мяне ёсць два. У адным з іх мой верны жалезны конь стаіць «Иж Юпитер». Праўда, ужо не на хаду, але прадаваць не дазваляю. А колькі мы з ім праехалі кіламетраў, нават не палічыць. І лазня ў мяне ёсць. У нашым доме і ў армію праводзілі, і вяселлі дзяцей гулялі. Ды яшчэ як гулялі, па тры дні за сталамі сядзелі. Паспяваць у кампаніі любіў, з мужчынамі старэйшымі пагутарыць. Мы ж адкуль вучыліся? Ад нашых продкаў. Зараз інтэрнэт гэта робіць, а мы мудрасць дзядоў нашых пераймалі…

Сакрэт даўгалецця
– Ніколі не любіў сядзець без справы. Вось толькі некалькі гадоў, як перастаў карову і свіней трымаць. Калі жонку страціў, тады цяжка стала. Але я і зараз многа рухаюся, днём не прылягу. Прайдуся па сваім садзе, пагляджу, дзе што трэба зрабіць. Унукам сваім загадваю. Яны ў мяне залатыя, да мяне часта забягаюць. Пагавораць са мной, парады спытаюць. Мне прыемна, што я ў іх галоўны. Дочкі побач жывуць, па некалькі разоў на дзень спраўляюцца пра маё самаадчуванне. Карацей кажучы, добра, што дзеці побач жывуць. Гэта шчасце…

Вера ў Бога
– У Бога трэба верыць. Бо толькі ён мае сілу і ўсё бачыць. Гэта мая парада. Я быў рады, калі ў нашым Талмачаве пачалі будаваць сваю царкву. Сам дапамагаў. Званаром служыў, яшчэ на святую Тройцу званіў. Зараз ужо заслабеў. Залезці на званіцу – залезу, а назад – ужо праблема. Бог дапамагае людзям перажыць гора. Ведаеце, мне не страшна памерці. Я ўдзячны Богу за сваё жыццё. Не хварэў моцна, у бальніцах не ляжаў, нікому не надакучваў. Анёл-ахоўнік у мяне моцны. І зараз што свята ці нядзеля, то я ў царкве. Добра там маёй душы…

Пакуль размаўлялі з Цярэнціем Іванавічам, прагуляліся па яго агародзе і садзе. Яблыні, грушы, клёны, бярозы, вішні – усё расце на падворку. Мае пяцёра дзяцей, 16 унукаў і 21 праўнука. Ці ж не гэта самы галоўны ўраджай для 90-гадовага юбіляра?
Цудоўна выглядае мой суразмоўца, каб не сурочыць. Зычу здароўя яму, а ён на развітанне дадае: «Ужо ведаеце, дзе жыву. Маеце час – заязджайце». «Дзякую», – кажу на развітанне.
Ганна
МЕЛЬНІК
Фота
аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Столинский район на ВНС 2025
Гороскоп на 22 декабря

Гороскоп на 22 декабря

17 декабря, 2025
Гороскоп на 21 декабря

Гороскоп на 21 декабря

17 декабря, 2025

Оставить комментарий

Похожие новости