Пра тое, што ў Вялікім Малешаве адчыняецца кропка грамадскага харчавання «Шаурма», мне паведаміла старшыня сельвыканкама Таццяна Васюхневіч. Яе ўладальнікам з’яўляецца прадпрымальнік Мікалай Беразоўскі, які родам адсюль жа.
– Упэўнена, трэба напісаць пра гэтага чалавека. Бо ён, як кажуць, зрабіў сябе сам. Прычым застаўся такім жа простым, адкрытым і заўсёды гатовым прыйсці на дапамогу. Гэта ў цяперашні час вялікая рэдкасць. Ды і ўвогуле гэта сям’я цудоўная, – кажа Таццяна Мікалаеўна.
Мікалай Міхайлавіч сапраўды пачынаў з нуля ў пачатку 2000-х. Акрамя яго, у сям’і гадаваліся пяцёра дзяцей, бацькі працавалі ў мясцовым калгасе. Ужо стварыўшы сям’ю, пачаў займацца звыклым бізнесам – парнікамі, якіх у яго было 40 сотак. Разлічвалі толькі на сябе. Жылі ў старой хаце, якая засталася ад дзеда. А там нават вада замярзала зімой, не кажучы пра іншыя ўмовы.
– І я проста загарэўся пабудаваць новы дыхтоўны дом. Сваімі рукамі клаў цэглу, – успамінае Мікалай Міхайлавіч.
Неяк з сябрам Сяргеем вырашылі паспрабаваць заняцца коўкай жалеза і металапрофілем. Людзей будавалася многа, а попыт, як вядома, нараджае прапанову. Справы пайшлі, заказаў было дастаткова. Мікалай зарэгістраваўся прадпрымальнікам. Ездзіў са сваім таварам на рынак у Альшаны, дзе яго чакалі пастаянныя кліенты. Тады, а гэта быў толькі пачатак эры мабільнай сувязі, аўтарытэт зарабляўся выключна па чутках. А чуткі былі добрыя.
Мікалай Міхайлавіч пабудаваў каля свайго дома два гаражы, дзе працаваў. Набыў дарагі станок, па які едзіў аж у Маскву. Наняў некалькі рабочых, хоць і сам не цураўся сядзець за станком.
Два гады назад па цэнтральнай вуліцы Вялікага Малешава адчыніўся магазін будаўнічых матэрыялаў «У бабра», пра што доўга марыў Мікалай Міхайлавіч. Тут прадаюцца не толькі каваныя жалезныя вырабы, а яшчэ і многа іншых неабходных у рамонце прылад.
А вось адкрыць «Шаурму» параіў яшчэ адзін сябар – Міхаіл Быба, які трымае такую ж кропку на рынку ў Альшанах.
– Чэсна папярэдзіў, справа выгадная, але клопатная, – расказвае прадпрымальнік. – Гэта ж харчаванне, а значыць трэба выканаць многа ўмоў. Але я ніколі не пасаваў перад цяжкасцямі. Наадварот, яны нават загартоўваюць. У жыцці не бывае, каб табе штосьці далі проста так. Усё трэба заслужыць. А для гэтага трэба рызыкаваць. Ведаеце, для мяне ніколі грошы не былі мэтай. Грошы даюць магчымасць развівацца. Я не разумею тых людзей, якія толькі скардзяцца, а нічога не робяць. І кожную сваю справу пачынаю з малітвы.
Мікалай Міхайлавіч многа дапамагае свайму роднаму аграгарадку. Высыпаў дарогу, каб і суседзі не танулі ў лужынах. Бясплатна дапамагае рамантаваць дахі ўдовам. Разумее, як цяжка жанчынам, якія засталіся без мужчынскай рукі. Прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, пра што таксама гаварыла старшыня сельвыканкама Таццяна Мікалаеўна. Не шкадуе сродкаў на дабрачыннасць.
Заўсёды падтрымлівае свайго мужа жонка Алена.
– Мне пашанцавала з маёй жонкай. Яна заўсёды верыла ў мяне, нават калі я дапускаў памылкі. Яна ніколі не папракала, калі штосьці не атрымлівалася. Яна вельмі моцная, з унутраным стрыжнем. Яна – мой скарб. Вось і зараз я падаў ідэю, мы разам яе абмеркавалі, а далей яна ўзяла справу ў свае рукі. Дамаўляецца з пастаўшчыкамі, распрацоўвае дызайн, займаецца персаналам. Усё, што мы маем на сёння, – гэта наша агульная заслуга, – падкрэслівае Мікалай Міхайлавіч.
Алена – вельмі прывабная жанчына. Прывабная душой. Такая ж адкрытая і зразумелая. Яна выйшла замуж па вялікім каханні і ідзе поруч. Раней працавала ў школе сакратаром, таму мець справу з дакументамі ёй не ўпершыню. Калі бізнес пашырыўся, пакінула работу і прыйшла на дапамогу мужу.
Тут жа і дзеці сямейнай пары. Ягор – будучы праграміст, закончыў першы курс міжнароднага ўніверсітэта «МИТСО», зараз на канікулах. Задумваецца над тым, каб застацца ў горадзе. А дачка Таісія перайшла ў 10-ы клас. Хоча быць фармацэўтам. Яна з ахвотай захацела папрацаваць у кафэ і пакуль вельмі задаволена.
– Калі ўсе мы разам, не трэба пытацца, як дзень прайшоў, бо гэта і так вядома, – кажа Алена Уладзіміраўна. – Мне шкада тыя сем’і, якія павінны разлучацца з-за работы. Бо губляецца сувязь. Разумею, грошы трэба ўсім, але калі дзеці бачаць бацьку ці маці рэдка, да дабра гэта не прыводзіць. Сям’я – гэта адзіны арганізм.
Апошнія чатыры гады Мікалай і Алена знаходзяць час для адпачынку, які праводзяць разам у санаторыях ці ў замежжы. Заўсёды ў канцы рабочага дня абмяркоўваюць планы на заўтра. Пра новыя праекты пакуль размову не вядуць, бо тут спачатку з усім трэба разабрацца. Але ў мяне няма сумненняў: за што б ні ўзялася гэта сям’я, поспех не прымусіць сябе чакаць.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара