НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Таццяна Вільгоцкая з Альпеня сёлета папоўніла рады ўладальніц галоўнай узнагароды для жанчыны – ордэна Маці. Яго яна атрымала за нараджэнне і выхаванне шасцярых дзяцей.

Вёсачка, у якой жыве сямейства Вільгоцкіх, з’яўляецца і малой радзімай для Таццяны. Нарадзілася яна, дарэчы, таксама ў мнагадзетнай сям’і, у якой было восем дзяўчынак і адзін хлопчык. За што яе маці Надзея, якая да таго ж усё жыццё працавала даяркай, мае такую ж узнагароду.
– Для мяне вялікая сям’я – гэта звычайная справа. Нягледзячы на тое, што гадаваліся мы ў цяжкі перабудовачны час, нам усяго хапала. Канечне, многа працавалі, трымалі вялікую гаспадарку, даглядалі поле. Але ў мяне толькі цёплыя ўспаміны пра дзяцінства і юнацтва. Мы былі і застаемся вельмі дружнымі. Гэта шчасце, калі ў цябе столькі сясцёр. Нават сяброўкі не патрэбны, – кажа жанчына.
Пасля заканчэння школы Таццяна паступіла ў Брэсцкае ПТВ-90. Атрымаўшы прафесію швачкі, уладкавалася на Брэсцкі панчошны камбінат. У хуткім часе сустрэлася са сваім будучым мужам Іванам, які родам з Іванаўскага раёна і працаваў трактарыстам у дарожнай службе. Пазнаёміла сяброўка Сабіна, якая, безумоўна, была ганаровым госцем на вяселлі. Яго яны справілі ў лютым 2000 года. Жыллё, хоць невялікае, але маладым далі. Пачалі будаваць сямейнае жыццё. Першай нарадзілася дачка Анастасія. Зараз гэта ўжо 18-гадовая дзяўчына, якая працуе кандытарам у Пінску.
Другім у сям’і з’явіўся сын Ілья. Хлопчык рос вельмі вясёлым і жвавым. Але ў трохгадовым узросце пачаў страчваць зрок. І чым далей, тым было горш. Дыягназы сыпаліся адзін за адным, але бацькі трымаліся, ніколі не паказвалі сваёй роспачы і нават не дапускалі дрэнных думак.
– Наш сын – гэта баец, мы з мужам ім вельмі ганарымся. Яму давялося многае перажыць, але ён ніколі не шкадаваў сябе і нам не даваў. Я хачу падзякаваць усім, хто нас падтрымліваў, асабліва ўрачам. Гэта святыя людзі, якія сваім жыццём ахвяруюць дзеля іншых. Мне давялося многа з імі размаўляць, паколькі мой сын перанёс чатыры аперацыі. Я бачыла, наколькі яны хвалююцца пра вынік кожнай з іх. Не менш, чым я – родная маці, – успамінае Таццяна.
Параіўшыся, маладая сям’я ў 2004 годзе вырашыла вярнуцца ў Альпень. Тут нарадзіліся Васіль, Наталля, Аляксандр і Кацярына, якой зараз адзін гадочак. Набылі дом, завялі сваю гаспадарку. Іван хутка асвоіўся на радзіме жонкі, працуе вартаўніком у мясцовай гаспадарцы. Жывуць, як і большасць вяскоўцаў, з зямлі.
– Я ніколі не пашкадавала, што вярнулася ў Альпень. Жыццё ў горадзе надта дарагое, а тут усё сваё. А самае галоўнае – побач мае родныя, якія заўсёды падтрымаюць і дапамогуць. На мой погляд, ні адна кар’ера не варта таго, каб губляць сувязь з родам. Безумоўна, у кожнага свае сем’і, свае клопаты, але, калі што здарыцца, мы – разам. Лёс паслаў мне цудоўнага мужа, з якім нічога не страшна. Мы далі абяцанне быць разам і ў горы, і ў радасці. Так яно і ёсць. Толькі сапраўднае каханне можа пераадолець усе перашкоды, – упэўнена Таццяна.
Мнагадзетная маці многа займаецца з дзецьмі, ніколі не пакіне без увагі іх просьбы.
– Дзеці вельмі хутка растуць, і я хачу занатаваць у памяці кожны перыяд іх сталення. Гэта намнога важней за ўсе астатнія справы разам узятыя. Хачу, каб дзеці давяралі мне, дзяліліся сваімі сакрэтамі, каб бачылі ўва мне самага блізкага чалавека, – разважае мая суразмоўца.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Центр общественного наблюдения
И погода благоволит

И погода благоволит

17 января, 2025
Повторение – мать учения

Оставить комментарий

Похожие новости