НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Наталля Патоцкая – вучаніца 10 класа Хорскай СШ на заключным этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды па беларускай мове заняла трэцяе месца. Перамога стала вынікам мэтанакіраванай працы Наталлі з яе настаўніцай Таісіяй Іванаўнай Прыка.
– Наташа, я так мяркую, што ўся твая пакуль невялікая біяграфія звязана з Хорскам?
– Гэта так. Тут нарадзілася, тут пай-шла ў школу, тут мае бацькі. Маці Алёна Аляксееўна і тата Вадзім Аляксандравіч вядуць прысядзібную гаспадарку, шмат працуюць, а нас – дзвюх сваіх дачок – накіроўвалі на вучобу.
– Чаму і калі выбар быў зроблены ў бок беларускай мовы?
– Мне ўсе мовы даюцца лёгка. І ў 7 класе, атрымаўшы перамогу па рускай і беларускай мове на школьным этапе алімпіяды, стала выбіраць. І мая настаўніца Таісія Іванаўна ўзяла ініцыятыву ў свае рукі і пачалі займацца. Тады зразумела, што гэта маё, бо вельмі падабалася разбірацца ў складанасцях і тонкасцях роднага слова. Мы рыхтаваліся і вось – у раёне трэцяе месца. Убачыўшы вынік, зразумела, што магу. Так мы працягвалі заняткі. У восьмым класе зноў было трэцяе месца ў раёне, а ў дзявятым выйшла на першае месца, на трэцяе ў вобласці.
– Ты казала, што сёлетняя алімпіяда для цябе стала здзіўленнем.
– Менавіта так, бо ў раёне я заняла другое месца, таму не моцна спадзявалася. Але менавіта па рэйтынгу ўвайшла ў склад каманды раёна і накіравалася на абласны этап. Пасля для мяне стала здзіўленнем другое месца ў вобласці. Хаця гэтаму і папярэднічала пастаянная штодзённая праца з Таісіяй Іванаўнай. Зрабілі перапынак толькі першага студзеня. На рэспубліку я ехала толькі з маленькай надзеяй. Не верылася, але надзея была. Бо на зборах перад падрыхтоўкай да заключнага этапу бачыла, якія моцныя канкурэнты, а такая група, як ад Брэстчыны, была ад кожнай вобласці. І мне, вясковай дзяўчынцы, са звычайнай вясковай школы, было складана нават уявіць, што гэта рэальна стаць пераможцай такога спаборніцтва.
– Ты некалькі разоў паўтараеш, што складанасць у тым, што ты з вясковай школы. Але ж у гэтым ёсць і пэўныя плюсы. Напрыклад, у вас беларускамоўная школа.
– Гэта так. Ёсць гімназіі, ліцэі, дзе вывучаюць роднае слова на паглыбленым узроўні. У нас жа базавы. Канешне, тут вялікая заслуга маёй настаўніцы Таісіі Іванаўны. Яна вельмі карпатлівая ў сваё рабоце. Кожную тэму нам, вучням, даносіць вельмі скрупулёзна, ніколі не пойдзем далей, пакуль не засвоілі матэрыял, яна застаецца з намі і пасля званка, і пасля заняткаў, каб дапамагчы разабрацца.
– А што было самым складаным у сёлетняй алімпіядзе?
– Водгук. Было складана падрыхтавацца да яго напісання. Калі мы пісалі з настаўніцай, то заўжды ў мяне было шмат мінусаў. На зборах таксама нам не ставілі высокія балы за водгукі. Але я бачыла, што так ацэньвалі ўсіх удзельнікаў, ніхто не атрымліваў высокі бал. На самой алімпіядзе я змагла набраць даволі многа балаў – 31 з 40. Гэтаму балу я была радая, журы ацаніла маю працу даволі высока.
– Хто першы віншаваў цябе з перамогай?
– Мама, сястра. Дарэчы, сястра таксама была пераможцай абласной алімпіяды па беларускай мове. І, канешне, віншавала Таісія Іванаўна. Пасля я выклала свой дыплом у storis Instagram і мне пасыпаліся віншаванні – ад сяброў, аднавяскоўцаў, людзей, з якімі ў мяне нават не было зносін. А калі я прыйшла ў школу, то першае, што ўбачыла – плакат «Самая лепшая Наташка», а вучні сустрэлі мяне з ружамі. Пасля на школьнай лінейцы віталі і ўручылі торт з надпісам «Мы ганарымся табой, Наташа».
– І якія ў цябе планы на будучыню?
– Многае залежыць ад поспеху. Не загадваю, што і ў наступным годзе ў мяне будзе перамога на рэспубліканскім этапе. Але зараз ведаю, што лета прой-дзе ў занятках. Бо хачу выступіць добра, прыкласці максімум намаганняў.
Калі гаварыць пра будучую прафесію, то я не планую звязаць сваё жыццё з беларускай мовай, не планую быць настаўніцай мовы і літаратуры. Але ўжо зараз уяўляю, што і сваіх дзяцей буду вучыць роднаму слову, дапамагаць ім.
– Ты – выдатніца. Якія яшчэ са школьных прадметаў больш да душы?
– Біялогія, матэматыка, грамадазнаўства. Вельмі люблю алгебру і формулы, для ЦТ абрала грамадазнаўства, бо гэты прадмет мне бліжэй і падыходзіць да выбранага прафесійнага накірунку.
– Хто падтрымлівае цябе ў вывучэнні мовы?
– Гэта мае бацькі. Калі Таісія Іванаўна дае мне матэрыялы, то мы садзімся і рашаем разам. І вельмі часта яны даюць правільныя адказы. Падтрымку бацькоў адчуваю пастаянна. Яны мне кажуць не перавучвацца, ніколі не патрабуюць нейкіх рэзультатаў, пастаянна паўтараюць, што ў любым выпадку я для іх пераможца.
– Дзякую за інтэрв’ю. Зычу далейшых перамог і здзяйснення мараў.

Таццяна
СЕГЕН

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Незабыўныя сустрэчы
Наши дети

Наши дети

17 января, 2026
Герои среди нас

Герои среди нас

17 января, 2026

Оставить комментарий

Похожие новости