НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

У гэтым годзе Троіцкія гулянні ўпершыню ладзіліся ў вёсцы  Талмачава.

Прыехаўшы, адразу заўважыла, што тут вельмі чакалі гэтага свята. Да магазіна, дзе была зроблена сцэна, ішлі сем’і з дзецьмі, жыхары старэйшага ўзросту, моладзь. Пакуль наладжвалася апаратура, людзі віншавалі адзін аднаго і няспешна гутарылі.
Канцэртная праграма, якая была падрыхтавана аўтаклубам аддзела культуры, пачалася са святочнага траецкага шэсця. Тэатралізаваная частка закончылася карагодам.
Потым жанчыны ў народным адзенні частавалі ўсіх прысутных яечняй і караваем і раздавалі галінкі бярозы – сімвалы Тройцы. Песні, якія выконвалі артысты, з задавальненнем падпявалі жыхары вёскі, а некаторыя нават пусціліся ў танцы. Нумары падрыхтавалі народны клуб аматараў песні “Ярок”, народны творчы клуб «Альтанка», калектыў Рамельскага цэнтра культуры і вольнага часу, Давыд-Гарадоцкага і Вялікамалешаўскага дамоў культуры. Удзельнікі ўзорнага ансамбля фальклорнага танца “Ніва” выступілі з народнымі танцамі. Свае выставы прадэманстравалі Кароціцкі і Вялікамалешаўскі дамы культуры, а таксама Альгомельскі і Луткаўскі сельскія клубы.
Для жыхароў вёскі і гасцей былі арганізаваны гандлёвыя кропкі, дзе можна было набыць поп-корн, марожанае, напоі, паветраныя шары, цацкі і сувеніры.
Гутарыўшы з жыхарамі, было прыемна чуць словы падзякі. Людзі сапраўды адпачывалі душой і целам. На свята прыйшла маладая сям’я Уладзіміра і Надзеі Вячоркаў з дочкамі-двайнятамі Софіяй і Палінай.
– Дзякуй за цудоўны настрой, – сказалі яны. – Добра, што прыехалі да нас, бо не так часта ладзяцца ў нас такія святы. А тут і адпачылі, і з аднавяскоўцамі пабачыліся, і атрымалі асалоду ад канцэрта.
Далучыліся да слоў карэнныя жыхары Фёдар і Кацярына Крук, якія былі са сваімі ўнукамі Дзмітрыем і Марыяй.
– Артысты – малайцы, песні краналі душу, – падзялілася сваімі ўражаннямі Кацярына Фёдараўна. – Мы, талмачаўцы, вельмі любім спяваць. Доўгі час з мужам былі ў фальклорным калектыве “Каліна”. Таму для нас песня, як лекі. Ды і нашым унукам было цікава. На адным дыханні прайшло выступленне, нават разыходзіцца не хацелі.
Ды і самі артысты засталіся задаволеныя, паколькі адчувалі сувязь з гледачамі. Некалькі тыдняў таму сюды прыязджаў аўтаклуб з забаўляльнай праграмай, і дзеці настолькі былі рады, што падыходзілі і абдымалі артыстаў.
Многія выказалі прапановы ў наступны раз праводзіць мерапрыемствы ў дубовым гаі, які з’яўляецца любімым месцам адпачынку. Прадстаўнікі моладзі агучылі жаданне аб правядзенні дыскатэкі.
У час правядзення свята ад раённай газеты “Навіны Палесся” Пісьмы падзякі былі ўручаны калектыву аддзялення сувязі аграгарадка Кароцічы: начальніку Алене Гананайка і паштальёнам Наталлі Кудласевіч, Наталлі Леська і Марыі Паграноўскай, якая з-за хваробы, на жаль, не змагла прыйсці на святкаванне. Але яе добра ведаюць мясцовыя жыхары, паколькі менавіта яна дастаўляе газеты ў Талмачава. Дарэчы, усе, з кім гутарыла, з’яўляюцца падпісчыкамі “Навін Палесся”. А значыць, ім будзе цікава прачытаць матэрыял пра святкаванне Тройцы ў іх роднай вёсцы. І да наступных сустрэч!
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Гороскоп на 25 августа

Гороскоп на 25 августа

21 августа, 2025
Гороскоп 24 августа

Гороскоп 24 августа

21 августа, 2025
В Смоленской области запрещен ввоз из Беларуси более 4 тонн ягодной продукции.

Оставить комментарий

Похожие новости